Для чаго патрэбен самакат

16:05 / 30.07.2018
1550
Мода на здаровы лад жыцця –  гэта добра. Размова не ідзе пра надрыўныя трэніроўкі і жорсткія дыеты, якія, як і ў кожным нашым дзеянні, часта пераходзяць у разрад «перастараўся».

Яшчэ лепш, калі здаровыя звычкі перастаюць быць модай, якая праз год-другі  пройдзе, не пакінуўшы ні на таліі, ні ў жыцці нават следу. Але і тут справа не ў тым, навошта ты купіў дарагую бегавую дарожку ці два гады ў любое надвор'е ўставаў да першых пеўняў, каб суседзі не бачылі твае скокі са скакалкай, няўдалыя прысяданні і падцягванні на перакладзіне.

Fitness_running_shoes_456067.jpg

Калі спорт патрэбен для таго, каб быць «у трэндзе», то і да ўсяго, што дапамагае падтрымліваць форму, ты адносішся з «моднага» боку. Не разумееце, пра што гэта я? Ды пра самакат – рэч,  якая прыйшла на змену звыклым, а таму ўжо нецікавым ролікам, скейтам і веласіпедам.

Упэўнена: веласіпед нішто замяніць не зможа – яго хуткасць, мабільнасць, прастата выкарыстання і карыснасць праверана часам. Але нават самы наварочаны, ён не такі модны, як гіраскутар, што ў мінулым го­дзе пакарыў сэрцы соцень-тысяч  людзей рознага ўзросту. Шмат іх было і на астравецкім асфальце – розных: вялікіх і маленькіх, класічных чорных і размаляваных ва ўсе колеры вясёлкі, танных і вельмі дарагіх…

0b8d76498d5d3a4db437547e220f28330be3694c_1500.jpg

І пакуль адны, падлічваючы магчымыя выдаткі на пакупку чарговага «піску моды», пераконвалі сябе і іншых, што ён усё ж не мае ніякага дачынення да спорту, другія ўжо «намотвалі» на ім кругі, усім сваім выглядам пераконваючы, што, каб справіцца з такім цудам тэхнікі, трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку. Спрэчнае пытанне – дапамагае гіраскутар падкачаць мышцы або пазбавіцца ад болю ў суставах ці не – засталося нявырашаным.

…Прайшоў год – на тратуарах і «зебрах» Астраўца з'явіўся новы фаварыт – самакат.  У маім дзяцінстве, гадоў з трыццаць таму, іх таксама было шмат. «Дзіцячая забава», – казалі дарослыя…

Вялікія колы, хуткасць і вяртлявасць адрозніваюць сучасныя самакаты для дарослых ад колішніх і дзіцячых. Так, можна пагадзіцца: на самакаце час на дарогу да работы можна скараціць у два-тры разы. Гэта адрэналін для тых, хто на ўсіх парах імчыць  праз людскі натоўп, без аглядкі выскоквае на пешаходны пераход і пры гэтым яшчэ паспявае размаўляць па тэлефоне. Самакат не займае шмат месца, просты ў эксплуатацыі, адносна недарагі і, галоўнае, амаль бяспечны: адзін невялічкі скачок з падножкі – і ўсё, ты на зямлі.

eKTOtHDyIESnCU8ikv73rmBzBKMOcCE7U3gEWgKH.jpeg

Усё гэта, канешне, так. Але пры чым тут здаровы лад жыцця? Катанне на самакаце падтрымлівае ікраножныя мышцы ў тонусе – але, каб дабіцца больш значных вынікаў, папераменнага «падмахвання» нагамі нават у перакладзе на кіламетры недастаткова. 

 Так, ёсць яшчэ прыгожыя трукі, якія можна рабіць на самакаце – скачкі з пераваротам, да прыкладу. Але і яны ніякіх адносін да спорту не маюць – а калі і маюць, то толькі ў адным: каб заставацца здаровым, трэба і на самакаце ездзіць асцярожна і са шлемам.

 Вось і атрымліваецца, што не ўсё, што прадаецца пад цэтлікам «спартыўныя тавары», дапаможа скінуць вагу, падкачаць прэс або «прыдбаць» рэльефныя мышцы. 
 Для вас важней за ўсё быць у трэндзе? Тады, канешне, куп­ляйце самакат!
Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений