Председатель колхоза получал 180 рублей, а его заместитель - 500

12:05 / 18.07.2018

«Микросхемы, пуховики, соковыжималки, цветы – чего только не производили в подсобных цехах района в 70-80-ые годы прошлого столетия», «АП» за 30 июня.

Больш як трыццаць гадоў жыцця аддаў я Астравецкаму раёну. Мая малая радзіма – вёска Тульгавічы на Хойнікшчыне – апынулася ў зоне адсялення, і цяпер сваёй радзімай я лічу Астравеччыну. Хоць зараз жыву ў Гродне, да гэтага часу цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў раёне. Калі справы на маёй другой радзіме ідуць добра – радуюся, калі нешта не ладзіцца – перажываю.

Revako_026_iz_030.jpg

Калі ў рукі трапляе «Астравецкая праўда», – заўсёды чытаю яе ад першага да апошняга радка. Вось і нядаўна сябры прыслалі мне святочны выпуск астравецкай «раёнкі» – з задавальненнем пачытаў артыкул пра Мікшаны і Трайгі, успомніў час, калі па тых сцежках-дарожках хадзіў пехатой.

А найбольш мяне «зачапіў», ус­хваляваў да глыбіні душы арты­кул Віталя Бандарыка пра падсоб­ныя цэхі. І хочацца крыху дапоўніць гэты артыкул, бо зараджэнне падсобных цэхаў у раёне адбывалася пры маім непасрэдным удзеле, а галоўнае – узгадаць людзей, якія ўклалі ў развіццё гэтай справы шмат сіл і здароўя.

Першы падсобны цэх у раёне быў створаны і сапраўды ў калгасе імя Куйбышава – толькі не Віктарам Мікалаевічам Паршонкам, тут аўтар памыляецца, а яго папярэднікам Уладзімірам Уласавічам Сідарэнкам. Гэта быў цудоўны кіраўнік – граматны, прадпрымальны, ніколі не стаяў на месцы, заўсёды шукаў нешта новае. Я лічу яго сваім настаўнікам: мы працавалі па-суседску, я яшчэ быў «зялёным» старшынёй, а Уладзімір Уласавіч – вопытным кіраўніком, я многаму ў яго вучыўся, пераймаў вопыт. Сідарэнка першым убачыў у развіцці падсобнай вытворчасці магчымасць палепшыць фінансавае становішча гаспадаркі – і ажыццявіў яе. На жаль, пражыў ён нядоўга. Я і сваю віну адчуваю за яго заўчасны зыход з жыцця. У райкаме партыі, які тады быў галоўнай уладай у раёне, прынялі рашэнне вызваліць яго з пасады старшыні. Я быў супраць – але змяніць нічога не мог. Сідарэнку знялі – а праз некалькі дзён Уладзіміра Уласавіча не стала: памёр, едучы за рулём машыны…

Але я хачу расказаць пра падсобныя цэхі. Я ў той час кіраваў калгасам імя Яўсеева – гэта вёс­ка Петраполь. Землі там слабыя, фінансавае становішча – адпаведнае. Што рабіць? І тут даведаўся я, што ў майго сябра, Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Аляксандравіча Баума, старшыні калгаса імя 22 парт’езда ў Іўеўскім раёне, працуюць два на дзіва прадпрымальныя сябры: згаданы Віталем Бандарыкам Уладзімір Прохаравіч Шостак і несправядліва забыты ім Мі­хаіл Захаравіч Леўшын.  Баум па тым часе плаціў ім па 400 рублёў у месяц – вы можаце ўявіць, што гэта былі за грошы ў 70-ыя гады? А я прапанаваў ім па 500 рублёў – і пераманіў ў свой калгас. Баум са мной потым два гады не размаўляў.

Шостак і Леўшын жылі ў Віль­ню­­се і кожны дзень ездзілі ў Петраполь на работу: да Катлоўкі даязджалі грамадскім транспартам, а там  іх сустракала калгасная грузавая машына – легкавой на той час у нас яшчэ не было. Леўшына я прызначыў сваім намеснікам, а Шостака – яго памочнікам, хоць зарплату яны атрымлівалі аднолькавую. Шостак быў надзвычай тэхнічна адукаваны, ну а Леўшын – не­пе­раўзыдзены прадпры­маль­нік: у яго былі сувязі па ўсім Савецкім Саюзе, ён што заўгодна мог і дастаць, і пра­даць. 

Арганізавалі мы ў калгасе падсобны цэх і сталі ліць з пластмасы біжутэрыю: брошкі розныя, заколкі, завушніцы і іншыя жаночыя ўпрыгожанні. Іх прадавалі ў Маскве, Ленінградзе – па ўсім Савецкім  Саюзе! А ў калгасную касу пацяклі грошы: можна было купіць паліва, тэхніку, людзям зарплату заплаціць.

Але зайздроснікаў заўсёды хапае. Напісалі на мяне скаргу ў Генеральную пракуратуру: маўляў, у старшыні калгаса зарплата 180 рублёў, а ў намесніка і яго памочніка – па 500! Нешта тут нячыста… Паклапаціліся пра мой дабрабыт «добразычліўцы» – я нават ведаю, хто. 

Прыехаў з праверкай генеральны пракурор Беларускай ССР Адам Іванавіч Магільніцкі. 


– Як так можа быць, – пытае, – што падначаленыя атрымліваюць зарплату ў тры разы большую, чым кіраўнік?

– Вельмі проста, – адказваю. – Яны прыносяць карысці гаспадарцы ў тры разы больш, чым я.


І паказваю пратакол агульнага сходу калгаснікаў – гэтаму нават генеральны пракурор не змог супрацьстаяць.

Пазней, калі мяне перавялі старшынёй у калгас імя Калініна, я і там з дапамогай Шостака і Леўшы­на арганізаваў падсобны цэх. А калі стаў працаваць начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і затым – старшынёй райвыканкама, усяляк падтрымліваў гэтую справу – хоць часта і атрымліваў за гэта «па шапцы». 

Хоць увогуле, па маім глыбо­кім перакананні, у тым, што на Астравеччыне стала імкліва развівацца падсобная выт­ворчасць, якая дапамагла падняць сельскую гаспадарку ўсяго раёна, галоўная заслуга та­га­часнага першага сак­ратара райкама партыі Дзмітрыя Кан­стан­цінавіча Арцымені – ён быў са­праўдным гаспадаром раёна. І затым, калі працаваў у абкаме партыі, імкнуўся ва ўсёй Гродзеншчыне ўкараніць гэты вопыт. 

З Шостакам і Леўшыным мы сябравалі сем’ямі. Міхаіл Заха­равіч пазней выехаў у Ізраіль, а Ула­дзімір Прохаравіч і зараз жыве ў Вільнюсе. Магчыма, ён таксама прачытае артыкул Віталя Бандарыка і мае ўспаміны – і сам узгадае, як яны з сябрам на Астравеччыне развівалі падсобную вытворчасць.

Успамінае Мікалай Галай, былы старшыня 

Астравецкага райвыканкама, г. Гродна.


Текст: Главный администратор