Іосіф Гаваноўскі: усё жыццё за рулём

09:47 / 16.07.2018
Жыццёвая дарога Іосіфа Гаваноўскага, якую ён часцей за ўсё бачыў праз шкло аўтамабіля, пачыналася на хутары Нідзяны. Сюды ж, на Астравеччыну, з дзясятак разоў перакінуўшы яго з аднаго вадзіцельскага месца на другое, яна яго і прывяла…

КРаЗ ЯАЗ-210 на Сахалине.jpg

КРаЗ ЯАЗ-210 на Сахаліне


З вайной жарты дрэнныя
…Шчаслівыя дзіцячыя дні ў памяці нідзянскага  хлопца Іосіфа абрываюцца гарачым ваенным летам 1943 года. Ні на дзень ён не забываў момант,  калі ў сямігадовым узросце атрымаў фашысцкую кулю.

– Я пасвіў кароў – сваіх і суседскіх, калі на возе, запрэжаным у два кані, на хутар прыехалі немцы, – успамінае мужчына. –  Чацвёра іх было. Нас – шасцёра дзяцей і бабуля. Яны прыехалі пажывіцца – нехта данёс, што ў нас ёсць два кабанчыкі. Сталі аднаго з хлява цягнуць. Сабака Сіўка брахаў-надрываўся, хоць і прывязаны быў. Кінуўся я яго адцягваць. Тут жа пачуў: «Вэк, кіндар!» – і куля агнём апаліла мне нагу… 

Бабуля «падлатала» рану – дзякуй богу, куля прайшла  навылет. Немцаў Іосіф больш не бачыў, але параненая нага ўсё жыццё напамінае мужчыну пра сустрэчу з фашыстамі.

Разам з сябрамі і братамі  Юзік хадзіў у варонскую школу, а танк, падбіты савецкімі салдатамі, стаяў за вёскай Кулішкі, міма якой дзеці амаль кожны дзень праходзілі. 
– Мы аблазілі яго ўздоўж і ўпоперак, – успамінае Іосіф Станіслававіч. – Не прапусцілі ні сантыметра раскурожанай брані. Цікава было ўсё: што ўнутры, чым прабіта браня, ці можна «паруліць»… Іван Янкойць з Кулішак там пальцы «абарваў». Дарослыя даведаліся пра наш занятак – і «пачаставалі» бізуном. 

За трактарам
У 1949 годзе, калі толькі пачыналі стварацца калгасы,  Іосіф Гаваноўскі пайшоў працаваць прыцэпшчыкам на трактары. Трактарыстаў тады шанавалі – без іх уся работа ў полі стаяла. 
Вялізныя пяцікорпусныя плугі ДТ-54, як успамінае мужчына, перачаплялі ўручную, хадзілі за імі  па полі і гэтак жа, уручную, перастаўлялі на развароце…
Калі хлопец скончыў вучылішча ў Камарове, яго прыставілі да брата-трактарыста – яны сталі працаваць у дзве змены. А калі брата забралі ў армію, Іосіф застаўся без зменшчыка. Тады бацька, нягледзячы на ўзрост, рашыў атрымаць «корачкі» трактарыста – і прыйшоў на дапамогу сыну. 

С отцом на тракторе.jpg

З бацькам на трактары

– Неяк за Маркунамі мы працавалі, – успамінае Гаваноўскі, – а жанчыны з калгасам не маглі мяжу падзяліць. Сталі яны ў наш трактар камянямі кідаць. Масальскі, мой прыцэпшчык, уцёк. У трактары тады шкло разбілі…

У 1954-м Іосіф трапіў у Акцюбінскую вобласць Казахстана – на цаліну. 
У Маладзечне разам з такімі ж «гарачымі сэрцамі» атрымаў спяцоўку, валёнкі – і наперад, у трактар! 
– Надта ж хвалёна было туды трапіць. Так распавядалі па радыё, так зазывалі!  – расказвае мужчына, і голас дрыжыць ад далёкіх успамінаў. – На справе ж усё не так соладка атрымалася. Усяго там хапала. І ваду з трактара піць даводзілася, пакуль свежую на быках прывязуць… Але чаго хацець: цаліна! 
Дзякаваць богу, што з брыгадзірам пашэнціла – харошы быў казах. 

Востраў Сахалін
Пакарэнне Гаваноўскім цалі­ны скончылася з прызывам у армію. 
– Вывезлі нас ажно на Сахалін, – працягвае расповед Іосіф Станіслававіч. – Усялякіх тады бралі – і бадзялых, і пасля турмы… 
Прывезлі навабранцаў у Камсамольск-на-Амуры. Праз раку перавазілі паромам, цераз сопкі – цягніком. Усе галодныя, елі – хто што знойдзе… 
Гаваноўскі, які меў правы трактарыста, трапіў у танкавую часць. На два тыдні. 

– Так і не пракаціўся на «Т-34»! – уздыхае мужчына. – Расфарміравалі нашу часць. Мяне накіравалі ў авіяцыю. Служыў майстрам па ўзбраенні – абслугоўваў бамбардзіроўшчыкі «ІЛ-28». Потым перавялі механікам: начныя палёты, безаварыйнасць, догляд за тэхнікай… Зарплату атрымоўваў добрую  – 700-800 рублёў. Бастонавы касцюм купіць можна было! 

на кране во время службы в авиации.jpg

на кране ў час службы ў авіяцыі

Да дэмабілізацыі Іосіф на­збіраў грошай, касцюм купіў, ручны гадзіннік… А тут вярбоў­шчык з «мір­ных»: заставайся –  патрэбен ша­фёр. Тысячу рублёў абяцаў. 
– Дзве далі! – смяецца Іосіф Станіслававіч. – Гэта былі грошы!  
Ён застаўся на Сахаліне, улад­каваўся на працу ў леспрамгас. Адразу лесавозы па сопках выцягваў, потым на самазвале стаў лужнёўкі рабіць, затым – на КрАЗе лес вывозіў.
Так за рулём велікагрузаў прайшлі-праехалі тры працоў­ныя гады… 

Сахалин на погрузке.jpg

Сахалін. На пагрузцы

Дамоў!
Адпачынак – добрая прычына вярнуцца туды, дзе цябе зачакаліся…
Іосіф Гаваноўскі прыехаў дахаты. 

– Бацька стаў будавацца – яму патрэбны былі рабочыя рукі. Але без грошай не надта разгонішся, – тлумачыць сваё рашэнне вярнуцца на далёкі Сахалін Іосіф. – Аддаў усё, што прывёз, сабе толькі білет купіў. Падзарабіў трохі – і вярнуўся дахаты. 

Толькі ў раёне для яго работы не знайшлося. Гаваноўскі ўладкаваўся вадзіцелем на цеплавую электрастанцыю «Элект­ранай» у Літве, дзе была арганізаваная аўтакалона ў 300 «галоў». Людзей на станцыі тады працавала шмат – і ўсіх трэба было вазіць…

Затым Іосіф Станіслававіч «пераскочыў» у шафёрскую кабіну машыны на Ігналінскую атамную станцыю. А потым вырашыў вярнуцца дадому – якраз у  Астравецкім СМУ  аказаўся вольным  грузавы «ЗІС-150». 

– У яго толькі і было што новая рама, – расказвае мужчына. – Кузаў «залаталі», з запчастак сабралі машыну.  Іх тады мала ў Астраўцы было. А работы – хоць адбаўляй. Нават у Маскву з напарнікам ездзілі  – два самазвалы новыя прыгналі. І ў Горкі ў камандзіроўку нас адпраўлялі…  

Калі начальнік астравецкага лясхіма Палунін запрасіў Гаваноўскага на бартавы «ГАЗ-51», ён згадзіўся. Ды і якое-ніякое, а павышэнне: «шэфа» вазіць –  не шкіпінар і смалу. 
А потым за шклом яго жыццёвага аўта­мабіля ўсё перамяшалася: быт­камбінат, райкам, бальніца, райсаюз, рэдакцыя газеты, адкуль мужчына, ужо знаходзячыся на пенсіі,  пайшоў у «пажарку». У гэтым вадазвароце заставалася нязменным толькі адно месца – за рулём аўтамабіля…

Семья Гавановских.jpg

Сям'я Гаваноўскіх

У бацькі  Іосіфа Станісла­вавіча Гаваноўскага было чатыры сыны – тры з  іх сталі шафёрамі. Можа, для кагосьці з іх гэта было неабходнасцю. А вось тое, што Іосіфа Станіслававіча з «абаранкам» звязаў сам лёс, пацвярджаюць не толькі ўсе катэгорыі ў вадзіцельскіх правах, але і поўны двор тэхнікі – ад трактара да матацыкла, якія, як і іх гаспадар, заўсёды «ў поўнай баявой».

Текст:
Фото: з асабістага архіва героя