У Міністэрстве ЖКГ расказалі пра змены ў аплаце жыллёва-камунальных паслуг

11:14 / 13.07.2018

Асноўным дакументам, што рэгулюе эканамічны бок адносін паміж спажыўцамі і прадпрыемствамі ЖКГ, з'яўля­ецца пастанова Савета Мініст­раў ад 12 чэрвеня 2014 года №571. 


Урад 29 чэрвеня бягучага года прыняў пастанову №510, якой уносяцца істотныя змяненні і дапаўненні ў асноўны дакумент.

shutterstock_47049337.jpg


Больш танная электраэнергія. 
Але не для ўсіх!
Напрыклад, для спажыўцоў, чые жылыя памяшканні не абсталяваны сістэмамі цэнтральнага гарачага водазабеспячэння і цэнтралізаванага забеспячэння прыродным газам, нарматыў спажывання электраэнергіі для аплаты па субсідзіруемых дзяржавай тарыфах павышаны да 250 кВт/гадз. Акрамя таго, пры спажыванні ад 250 да 400 кВт/гадз аплата таксама будзе праводзіц­ца па субсідзіруемых тарыфах, але з прымяненнем павышаючага ка­эфіцыента 1,3. І толькі пры пе­ра­вышэнні 400 кВт/гадз пла­ціць давядзецца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Такім чынам, павышаецца ступень дзяржаўнай падтрымкі такіх спажыўцоў – і ў той жа час захоўваюцца стымулы для эканомнага расходавання электраэнергіі.

Улік цяпла
На павышэнне матывацыі спажыўцоў пры захаванні прын­цы­паў сацыяльнай палітыкі накіраваны і новы падыход да разлікаў за спажытае цяпло. З 1 студзеня бягучага года ва ўсіх ўводзімых у эксплуатацыю дамах жыхары абавязаны праводзіць разлікі за цеплавую энергію па паказаннях індывідуальных прыбораў уліку (ІПУ). Пасля ўступлення пастановы ў сілу стымул для аснашчэння жылых памяшканняў прыборамі ўліку з'явіцца і ў жыхароў дамоў старэйшага пакалення. Плацельшчыкам, якія ўстанавілі ІПУ за кошт уласных сродкаў, пры аплаце рахункаў за спажытую цеплавую энергію на працягу трох гадоў будзе прадастаўляцца 10-працэнтная скідка.

Асобна размова ідзе пра дамы, якія ўжо абсталяваны прыборамі ўліку, але частка іх жыхароў так і не пачала пакуль карыстацца гэтымі тэхнічнымі сродкамі пры разліках. Такой катэгорыі ўласнікаў даецца наступная магчымасць: тыя з іх, хто прывядзе ў парадак устаноўленае абсталяванне, на працягу трох гадоў у якасці кампенсацыі за панесеныя расходы будуць аплачваць спажытую цеплавую энергію з 5-працэнтнай скідкай. Той жа, хто па-ранейшаму збіраецца ігнараваць магчымасць разлікаў за цяпло па паказаннях ІПУ, рызыкуе трапіць у катэгорыю безуліковых спажыўцоў з усімі магчымымі наступствамі.

IMG_4857.jpg


Аплата за жыллёва-камунальныя паслугі ў залежнасці ад месца пражывання
Шмат зваротаў грамадзян звязана з пытаннямі спагнання платы за тыя ці іншыя камунальныя паслугі ў залежнасці ад месца пражывання або рэгістрацыі. Некаторыя моманты пастановай удакладнены. У прыватнасці, прадугледжваецца магчымасць прыпынення аказання паслугі па вывазе цвёрдых камунальных адходаў на тэрмін да 6 месяцаў у каляндарным годзе. Для гэтага трэба звярнуцца з адпаведнай заявай у арганізацыю, якая ажыццяўляе вываз ЦКА або якая праводзіць разлік і налічэнне платы. Гэта норма датычыцца аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў, у якіх адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне.

Акрамя таго, некаторыя катэ­горыі грамадзян атрымалі права праводзіць аплату за паслугі электра- і газазабеспячэння па субсідзіруемых тарыфах у двух жылых памяшканнях: па адрасе абавязковай рэгістрацыі па месцы жыхарства і рэгістрацыі па месцы знаходжання. Прычым другі адрас можна выбраць па жаданні: няважна, што гэта – кватэра ў іншым горадзе, дача або дом у садовым таварыстве. Да такіх катэгорый адносяцца непрацуючыя пенсіянеры, а таксама асобы, якія маюць права на льготы па аплаце жыллёва-камунальных паслуг у адпаведнасці з законам «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян» або інваліды 3-й групы.

000_4004-Пано.jpg


Нежылыя памяшканні
Таксама зменены падыход да аплаты за санітарнае ўтрыманне месцаў агульнага карыстання адносна ўласнікаў нежы­лых памяшканняў. Калі такія памяшканні маюць асобны ўва­ход непасрэдна з прыдамавой тэрыторыі, то ад унясення платы за прыбіранне пад'езда і іншых месцаў уласнік вызваляецца. Выключэнне складаюць толькі такія работы, як дэратызацыя, дэзынфекцыя і дэзынсекцыя.

Ва ўласнікаў нежылых памяш­канняў з'явілася таксама магчымасць разлічвацца за цеплазабеспячэнне па паказаннях індывідуальных прыбораў уліку пры ўмове заключэння адпаведнага дагавора з энергазабеспячальнай арганізацыяй. Калі памяшканне не абсталявана ІПУ, разлік праводзіцца па праектных цеплавых нагрузках.

Інтэрнаты
Акрамя таго, грамадзяне, якія пражываюць у інтэрнаце і заключылі дагавор найму жылога памяшкання, абавязаны ўносіць плату за водазабеспячэнне, водаадвядзенне, электрычную энер­гію, у тым ліку за спажытую на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, а таксама за санітарнае ўтрыманне дапаможных памяш­канняў – інакш кажучы, за ўсе паслугі, якія налічваюцца ў залежнасці ад колькасці пражываючых. Раней такі абавязак фактычна ўскладаўся толькі пры рэгістрацыі ў інтэрнаце па месцы жыхарства або па месцы пражывання, што прыводзіла да неадназначных сітуацый. 

Асобны прыбор уліку для паліву агарода
Нормы спажывання вады для аплаты па субсідзіруемых тарыфах складаюць 140 л у суткі на чалавека. Але гаспадарам індывідуальных дамоў, якія гадуюць жывёлу, а летам вымушаны паліваць агарод, даводзіцца траціць больш вады. Да таго ж, у гарадской кватэры паступіўшая з сеткі вада зліваецца ў каналізацыю, а значыць, і плата за водаадвядзенне адпаведная бярэцца. А пры паліве агарода і паенні жывёлы дадатковай нагрузкі на каналізацыйныя сеткі няма. Пастановай гэта пытанне ўрэгулявана: трэба толькі ўстанавіць асобны прыбор уліку, які кантралюе расход вады на паліў і ўтрыманне жывёлы, і гэты аб'ём вады будзе выключацца з платы за паслугу водаадвядзення.

Whater-from-what-cover@2X1-e1459859433536.jpg



Капітальны рамонт
У пастанове прапісана, што адлічэнні грамадзян на кап­італьны рамонт шматкватэрных жылых дамоў пры­значаны выключна для капрамонту. Раней гэтыя пералічэнні не аку­муляваліся на спецыяльных рахунках і пазбаўляліся статусу мэтавых сродкаў, таму маглі накіроўвацца на іншыя патрэбы – узнікалі пытанні. Цяпер скарыстацца гэтымі адлічэннямі для iншых мэт не ўдасца.

Вяртанне грошай пры пераплаце за ЖКП
У выпадку памылковага ўня­сення лішніх сум за спажытыя жыллёва-камунальныя паслугі па жаданні грамадзяніна яму вернуць розніцу, калі ён звернецца з адпаведнай заявай у абслуговую арганізацыю. Разам з заявай неабходна будзе прадаставіць дакумент, які засведчвае асобу, і плацежныя дакументы, што пацвярджаюць факт аплаты. Раней лішнія сумы не вярталіся, а спісваліся ў лік будучых плацяжоў.

У пастанове таксама пра­пісаны парадак устаранення дапушчаных выканаўцам памылак, у выніку якіх даводзіцца дадаткова налічваць плацельшчыку пэўныя сумы. Цяпер гэта магчыма зрабіць толькі за тры месяцы. Раней тэрмін быў значна большы – тры гады. З іншага боку, тэрмін даўнасці застаецца такім жа (тры гады) у выпадках, калі недастатковае налічэнне праводзілася па віне грамадзяніна. Напрыклад, калі змяніўся ўласнік, а аб гэтым не было своечасова паведамлена.

Удакладненне дэталей
Пастановай прадугледжаны таксама шэраг удакладня­ючых момантаў, без якіх раней было магчыма неадназначнае тлумачэнне заканадаўства. Напрыклад, калі ў кватэры пражывае два і больш ўласнікаў, налічэнне праводзіцца асобна па кожным асабовым рахунку ў адпаведнасці з доляй у праве ўласнасці.

Асобна прапісаны варыянт пры налічэнні платы на ўмоўных грамадзян за паслугі «электразабеспячэнне на работу ліфта», «электразабеспячэнне» і «газазабеспячэнне» пры адсутнасці індывідуальных прыбораў уліку. Калі ў жылым памяшканні ніхто не зарэгістраваны, то колькасць умоўных грамадзян вызначалася шляхам падзелу агульнай плошчы на ​​20 з акругленнем у бок змяншэння да цэлага ліку. Але з гэтай формулы разлікаў выпадалі памяшканні, пло­шча якіх складае менш за 20 кв.м, паколькі пры акругленні атрымліваўся нуль. У пастанове прадугледжана, што ў такіх выпадках колькасць умоўных грамадзян прымаецца за адзінку.

IMG_1924.jpg


Аляксандр Мекін, дырэктар Астравецкага РУП ЖКГ: 
– Трэба адзначыць, што асноўны дакумент, які рэгулюе парадак налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі, – пастанова Савета міністраў №571. Пастанова №510 толькі ўносіць у яго дапаўненні і змяненні.

Так, павелічэнне нарматыву спажывання электраэнергіі выгадна для насельніцтва: далёка не кожны ўкладваўся ў ільготную норму 150 кілават, якая цяпер павялічана да 250. Гэта дазваляе не абмяжоўваць сябе і паляпшае якасць паслуг і ўмовы жыцця. 

Новая пастанова прывучае людзей да адказнасці: дзякуючы індывідуальным прыборам уліку, яны самі ўносяць паказанні, ведаюць, колькі трэба заплаціць і могуць такім чынам рэгуляваць свае затраты. Да таго ж плацельшчыкам, якія ўстанавілі лічыльнікі вады і цяпла, на тры гады прадстаўляецца  дзесяці- або пяціпрацэнтная скідка.

Пры капітальным рамонце дома РУП ЖКГ прапаноўвае яго жыхарам устанавіць індыві­дуаль­ныя прыборы ўліку. Набыць і ўстанавіць іх можна і самастойна, але  для таго каб паставіць яго на ўлік і апламбі­раваць, трэба ўсё роўна звярнуцца ў ЖКГ.

Думаецца, дачнікі даўно ча­калі змянення, якое датычыцца вывазу смецця. Навошта плаціць за тое, чым не карыстаешся? Пасля заканчэння сезо­ну «агуркоў і яблыкаў» большасць дачных падвор'яў застаюцца нежылымі. У гэтым выпадку садаводы-агароднікі могуць на­пісаць заяву на адмову на вываз смецця. Праз паўгода гэтая паслуга аўтаматычна адновіцца – да наступнай заявы.

Важна, што і ў пытанні пражывання ў інтэрнатах пастанова дапаможа навесці парадак.  Чаму адзін прапісаны павінен плаціць за траіх, «нелегалаў», якія жывуць па суседству? І наадварот: навошта плаціць бацькам за сына-студэнта, які з імі не жыве?

Прыбор уліку вады для палі­ву агародаў будзе ўстанаўлівац­­ца на падвор'ях, куды падведзена цэнтральнае водазабеспячэнне. Калі за выкарыстанне вады на бытавыя патрэбы  мы плацім па субсідзіраванных тары­фах, то паліваць кветкі ці напаўняць басейн прыйдзецца за поўны кошт. 

Па новай пастанове грошы на капрамонт цяпер будуць паступаць на спецыяльна адкрыты ў райвыканкаме рахунак, да якога служба ЖКГ не будзе мець адносін. Расходавацца гэтыя грошы будуць толькі на рамонт раённага жылфонду і толькі з дазволу райвыканкама па распрацаванаму на пяцігодку перспектыўнаму плану.
Дапаможа астраўчанам ка­рэк­ціраваць свой бюджэт і нова­ўвядзенне з пераплатай па жыроўцы. Каб вярнуць грошы, трэба з квітанцыяй аб аплаце прыйсці ў разліковы аддзел ЖКГ – «лішнюю» суму вернуць наяўнымі грашыма. У іншым выпадку пераплата пойдзе на разлік на наступны месяц. 


Текст: Главный администратор