Гасцёўня "Візаві": настаўнік вачыма дзяцей і дарослых

13:31 / 05.10.2010

Закончыўся першы месяц навучальнага года, а разам з ім адзначалася ўсенароднае свята – Дзень настаўніка. Як адносяцца да гэтага дня дзеці і дарослыя, вучні і бацькі? Менавіта гэта мы вырашылі даведацца ў нашых гасцей. Сёння ў гасцёўню “Візаві” мы запрасілі вучаніцу 11 класа гімназіі №1 Амалію Азацян і жыхарку пасёлка Гудагай Яніну Іванаўну Грыневіч.


– Як вы ставіцеся да Дня настаўніка?
Амалія:
Дзень настаўніка для мяне свята – і вельмі важнае. Мая мама – настаўніца, і мы з сёстрамі заўсёды стараемся ў гэты дзень падрыхтаваць ёй сюрпрыз, спячы торт, павіншаваць. І ў школе таксама віншуем усіх сваіх настаўнікаў.
Яніна Іванаўна: Вялікае свята. Я заўсёды паважала і цяпер паважаю настаўнікаў і іх працу. Высакародная прафесія, бо менавіта ад настаўніка залежыць, якім вырасце будучае пакаленне і што застанецца пасля нас.
– А свайго першага настаўніка помніце? Якім ён застаўся ў вашай памяці?
Амалія:
Канешне. Гэта была Ядвіга Антонаўна Дарашкевіч. Мне вельмі хацелася ісці ў школу. І напярэдадні першага верасня я ўсім сваім суседзям расказала, што пайду ў першы клас. А ў школе нас сустрэла першая настаўніца, якая за чатыры гады стала нам другой мамай. Цэлы дзень яна праводзіла з намі – спачатку ўрокі, а потым – група падоўжанага дня. Нам заўсёды было цікава разам. Мы ж не толькі вучыліся, а хадзілі ў паходы, пазнавалі свет, развіваліся.
Яніна Іванаўна: Я вучылася ў Дакурнішскай школе Ашмянскага раёна. Наш клас быў вялікі – 36 чалавек. Але першая настаўніца, Вольга Фёдараўна Пазняк, цудоўна спраўлялася з намі. Яна была строгая ва ўсім, што тычылася ўрокаў і вучобы, і вельмі добра ставілася да ўсіх дзяцей. Заўсёды інтэлігентная, талерантная – сапраўдная настаўніца.
Потым, калі мы перайшлі ў сярэднія класы, нашым класным кіраўніком стала Тарэса Іванаўна Палтаран. Яна выкладала хімію і біялогію – вельмі цудоўна, цікава, захапляюча. Увогуле, усе настаўнікі, што сустракаліся на маім шляху, былі цудоўнымі!
–Якім, на вашу думку, павінен быць сапраўдны настаўнік?
Амалія:
Ён павінен быць крыху строгім, але ў той жа час разумець сваіх вучняў. У любы момант настаўнік павінен дапамагчы і падтрымаць. Ён павінен вучыць не толькі свайму прадмету, але і жыццю.
Яніна Іванаўна: Па-першае, ён павінен любіць дзяцей. Калі такога пачуцця няма, то не трэба і ісці ў гэтую прафесію – нічога не атрымаецца. А яшчэ настаўнік павінен быць добрым псіхолагам, чалавечным і цярплівым у адносінах да дзяцей, бацькоў і нават да сваіх калег.
– Такіх настаўнікаў у наш час шмат?
Амалія:
Мне шанцуе на настаўнікаў. Усе яны былі і застаюцца сапраўднымі, дзе б я ні вучылася – у Гудагайскай школе, Гродзенскім ліцэі, гімназіі. І мама заўсёды расказвае пра сваіх настаўнікаў, якія яе вучылі, калі яна была школьніцай, і тых, што працуюць з ёй цяпер – усе яны Настаўнікі з вялікай літары. А ўвогуле, настаўнікі – звычайныя людзі, такія ж, як мы, з імі можна гаварыць пра ўсё.
Яніна Іванаўна: Мне здаецца, што шмат. Асабліва ў наш час. Раней, асабліва ў гады перабудовы, здаралася ўсялякае. А цяпер у школах працуюць толькі сапраўдныя настаўнікі, тыя, для каго важным з’яўляецца дзіця, веды і выхаванне.
– Як вы лічыце, у школе можна атрымаць веды, неабходныя для паступлення ў ВНУ?
Амалія:
Кожны настаўнік зацікаўлены ў тым, каб перадаць дзецям тое, што ведае сам. Зусім іншая сітуацыя будзе тады, калі мы станем студэнтамі – ужо не ўніверсітэцкі выкладчык, а мы будзем бегаць за ім. А ўвогуле, толькі ў супрацоўніцтве “настаўнік – вучань – бацькі” нешта атрымаецца.
Што датычыцца мяне, то з пачатковай школы я ведала: каб атрымаць добрую адукацыю, трэба вучыцца. Я мару стаць фізікам-ядзершчыкам, але мне здаецца, што і настаўнік з мяне атрымаўся б нядрэнны. Мне падабаецца бавіць час з дзецьмі, я рыхтавала б іх да алімпіяд, вучыла таму, што ведала сама. Гэта вельмі важная і неабходная прафесія.
Яніна Іванаўна: Па тых прадметах, якія выкладаюцца ў школе, можна. Асабліва тады, калі ў дзіцяці ёсць жаданне, бо ў большай ступені ўсё залежыць ад вучня. А што рабіць з такімі прадметамі, якія ў школе не выкладаюцца, а для паступлення неабходны, асабліва на творчыя спецыяльнасці – чарчэнне, малюнак? А што рабіць з правіламі паводзін нашых дзяцей? Нядрэнна было б вярнуць у школьную праграму этыку і этыкет.
– Якія пажаданні вы хацелі б выказаць настаўнікам з нагоды свята?
Амалія:
Здароўя, цярпення, добрых вучняў, творчага натхнення і сямейнага дабрабыту. А яшчэ добрай аплаты настаўніцкай працы – гэта адзіны мінус у іх прафесіі. І помніце: мы вас вельмі любім!
Яніна Іванаўна: Здароўя, дабрыні, поспехаў у рабоце і старанных вучняў, узаемаразумення і дома, і на рабоце.


Алена ЯРАШЭВІЧ.