Дажыначныя ўзнагароды

15:17 / 28.09.2010
У мінулыя выхадныя ў Лідзе прайшоў традыцыйны рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2010”.

Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў ім падзяліўся начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання раёна Віктар Аляксандравіч Славінскі:

– Той факт, што дэлегацыя Астравеччыны на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалькам у ліку трох раёнаў увайшла ў склад афіцыйнай дэлегацыі, якая на рэспубліканскім фестывалі-ярмарцы “Дажынкі-2010” прадстаўляла Гродзенскую вобласць, сведчыць аб высокай ацэнцы нашай работы.
Больш таго: за высокую культуру земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў наш раён, як адзін з пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, быў узнагароджаны Дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 35 мільёнаў рублёў. Гэтыя сродкі выдзелены на набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі і выкананне прыродаахоўных мерапрыемстваў.
Сярод узнагароджаных на рэспубліканскіх Дажынках – і малады вадзіцель з РУП “Саўгас “Падольскі” Пётр Заянчкоўскі, які падчас жніва аўтамабілем ГАЗ-САЗ 35-07 перавёз 1093 умоўныя тоны збожжа і заняў другое месца сярод маладых вадзіцеляў на ўборцы збожжавых. У якасці падарунка Пётр атрымаў хатні кінатэатр.
Яшчэ адзін прадстаўнік Астравеччыны – галава фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” Павел Юрмашаў – у намінацыі “За добраўпарадкаванне жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” атрымаў дыплом і грашовую прэмію ў памеры 21 мільёна рублёў.

Францішка КРАСКО.


Здымак www.lida.info