Леонид Лебедев рассказал, каким был Островец в 50-60-х годах

08:03 / 13.06.2018
790
Кажуць, каб адчуць сябе шчаслівым, трэба абавязкова вярнуцца туды, дзе прайшло тваё дзяцінства.  
Я рос у Гудагаі, але часта жыў у сваёй цёткі на вуліцы Набярэжнай у Астраўцы. Тады мне, дзіцяці, здавалася, што ўвесь сусвет змясціўся на вулачках гэтага пасёлка, напоўненых водарам садоў і кветак, пераліўным спевам птушак і незвычайнай начной цішынёй на берагах Лошы. 

РДК.jpg

РДК

Зімой мяне ўражвалі краявіды Астраўца з боку Гудагая. Пра­менні яркага ранішняга сонца гулялі мільёнамі рознакаляровых аганькоў на стрэхах дамоў і на гурбах снегу паабапал дарогі. І толькі касцёл жаласліва глядзеў мёртвымі аканніцамі. Гэта цяпер касцёл Узвышэння Святога Крыжа – святыня, а ў савецкія часы там быў склад райсаюза.
– Спавядацца?! У сельскі Савет! – любілі прыкрыкнуць найбольш актыўныя прадстаўнікі ўлады.
Ленінская, галоўная вуліца Астраўца,  была брукаванай. Па ёй туды-сюды снавалі сялянскія фурманкі, разганяючы курэй і замінаючы рэдкім самазвалам.
Не магу не ўзгадаць чайную (цяпер – будынак кафэ «Візаві»), сцены якой унутры былі размаляваны вялікімі чырвонымі цюльпанамі, а сталы засцелены бялюткімі абрусамі. Збіраліся сюды з усяго раёна. Якіх толькі баек і навін тут не расказвалі! Але часцей гаворка зводзілася да калгаснага жыцця-быцця:
– Кінь, панок, бедаваць! Чым не жыццё ў калгасе?! Гэта ж казка: адзін косіць, а сямёра пад кустом ляжаць!

чайная взмжно ГЕРМЕС.jpg

чайная

А якое смачнае прывозілі марожанае з мясцовага маслазавода! Яго прадавалі прама на вуліцы – з біклагаў, абкладзеных лёдам. Чарга за ім заўсёды стаяла вялізная.
Ярка адбіўся ў маёй памяці яшчэ адзін эпізод: калі з рэпрадуктара, які вісеў на слупе ля раённага Дома культуры, мы пачулі голас Левітана:
– Гаворыць Масква! Наш савецкі чалавек у космасе!
Людзі кідалі свае справы і беглі на плошчу, гаманілі і пільна ўглядаліся ў неба – хацелі ўбачыць ракету з касманаўтам.
…Здаецца, нічога такога і не рас­казаў пра свой Астравец. Але ў мяне, ды і ў многіх, цяплее на сэрцы не ад думак пра плёскат марскіх хваляў пад паўднёвым сонцам, а менавіта ад такіх успамінаў.


Леанід ЛЕБЕДЗЕЎ, г.Орша.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений