Адна вялікая сям'я

12:25 / 04.06.2018
Пачуццё адной вялікай сям’і ўзнікла, напэўна, не толькі ў мяне на сяброўскай імпрэзе ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На гэты раз да кампаніі наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту і маладых лю­дзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі далучылася група актывістаў таварыства інвалідаў па зроку. Запрасіла іх  у цэнтр новы кіраўнік раённай структуры БелТІЗ Тамара Аляксандраўна Лукша, яна ж і супрацоўніца  нашага «пенсіянерскага» аддзялення. 

008.jpg

Сапраўдным святам зрабілі сустрэчу крэатыўная вядучая  Данута Францаўна Чарнушэвіч, танцавальны калектыў «Чаромушкі» на чале з харэо­графам Тамарай Іванаўнай Батура і музычны кіраўнік вакальнай групы «Славяначка» Васіль Антонавіч Карпец. У выніку любімыя песні мінулых гадоў спявалі ўсе, а з танцорамі дружна адбівалі такт.  Чытальніц дасціпных і задзірыстых баек Наталлю Пятроўну Зубенку і Яніну Сігізмундаўну Змітровіч  прос­та  засыпалі авацыямі.

Моладзь ад душы насмяшыла публіку сучаснай інтэрпрэтацыяй добра вядомай казкі «Рэпка». 
Госці канцэртных нумароў не рыхтавалі, а паказалі  цікавую відэапрэзентацыю  Люд­мілы Іва­наўны Кухарэвіч на ўласную песню «Мая маленькая радзіма». Рыхтавалася яна да рэспубліканскага конкурсу  «Спяваць лёгка», аргані­за­ванага БелТІЗ. На гэтым музычным спаборніцтве Людміла Іванаўна выканала старадаўні рускі раманс і літаральна пакарыла журы і гледачоў. Дамоў вярнулася з лаўрамі і прызамі.

У сярэдзіне імпрэзы ў залу зазірнуў дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч і… затрымаўся, хаця напачатку  некуды спяшаўся. Сардэчна павітаў прысутных, практычна кожнаму сказаў цёплае слоўца, усім  дамам – кампліменты.  Адкланяцца на гэтым не атрымалася: зала запатрабавала песню.  І Віктар Іосіфавіч папрасіў гітару…

Імпрэза атрымалася па-ся­мей­наму душэўнай. І прыемнай, бо ўсе ўдзельнікі былі адзначаны памятнымі граматамі і падзячнымі лістамі. І цёплай – ад наварыстай  юшкі са шчупака і духмянай гарбаты  з рознымі  прысмакамі ад гаспадынь.

Текст:
Фото: Таисия Семёнова