Патрыятызм без колеру хакі

12:07 / 24.05.2018
Скажыце, шаноўныя чытачы, што ў вашым разуменні азначае крыху зашмальцаванае, набыўшае апошнім часам адценне афіцыёзу слова «патрыятызм»? Упэўнена: многія, нават не задумваючыся, без запінкі адкажуць: патрыятызм – гэта любоў да радзімы! 

bfoto_ru_49.jpg


А калі паспрабаваць «расшыфраваць», растлумачыць: што ўва­ходзіць у гэтае паняцце?
Чамусьці апошнім часам патрыятызм, патрыятычнае выхаванне усё больш атаясамліваецца  з прыстаўкай «ваенна-»: ваенна-пат­рыятычныя акцыі, гульні, конкурсы… І міжволі ўзнікае асацыяцыя, што патрыёты – гэта тыя, хто маршы­руе са зброяй у руках, хто ўмее абыходзіцца з аўтаматам ці хоць бы носіць ваенную форму. А ўсе астатнія – так, побач праходзілі…

На такія разважанні мяне падштурхнула рэпліка школьніка, які прыйшоў на мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, з партрэтам ветэрана. Калі яго назвалі патрыётам, хлопчык здзівіўся: а хіба патрыятызм – у гэтым?

Шчыра кажучы, мяне вельмі насцярожвае «ваенізацыя» такога святога для кожнага нармальнага чалавека паняцця як патрыятызм. Тут і там можна пачуць-прачытаць пра стварэнне нейкіх маладзёжных патрыятычных лагераў, груп, суполак. І, як правіла, мэты перад удзельнікамі падобных арганізацый ставяцца цалкам пат­рыятычныя: трэба ўмець абараняць сябе, сваю сям’ю, радзіму, калі трэба – са зброяй у руках, а інакш – што ты за мужчына? А спытайце: ад каго абараняць? Ну вядома ж, скажуць яны: ад ворагаў, якія спяць і бачаць, каб на нас напасці, забіць, паланіць, і не робяць гэтага толькі таму, што баяцца, бо мы – патрыёты і ўмеем за сябе пастаяць…  З адказам на пытанне: хто яны, нашы ворагі? – як правіла, узнікае замінка. І пасля некалькіх удакладняючых пытанняў становіцца зразумела:  маладыя патрыёты лічаць, што галоўнае – умець трымаць у руках зброю, а ворага нам прызначаць, калі трэба будзе. Так, як прызначылі ва Украіне ворагамі расіян, у Расіі – амерыканцаў, у Ізраілі – палесцінцаў, прычым без падзелу на асобы і індывідуальныя чалавечыя якасці, нават не па нацыянальнай, а па грамадзянскай прыналежнасці… 

Я ні ў якім разе не хачу прынізіць ролю нашых ветэранаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагам: так, на гісторыі трэба выхоўваць патрыётаў – дарэчы, не толькі на гісторыі Вялікай Айчыннай. Хоць, калі быць шчырымі і пачытаць творы пісьменнікаў-франтавікоў, таго ж Васіля Быкава, то становіцца зразумелым, што не толькі і не заўсёды выключна з-за любові да Айчыны ішлі ў бой і нават здзяйснялі подзвігі франтавікі: у кожнага – свой лёс… А мы сёння ў ваенна-патрыятычным запале імкнёмся усіх – пад адзін грабянец… 

Але, пакінуўшы вайну і яе герояў у спакоі, давайце паразважаем: ці толькі ў тым, каб умець збіраць і разбіраць аўтамат, трапна страляць, правільна хадзіць строем, заключаецца патрыятызм і патрыятычнае выхаванне? Няўжо пагранічнік, які правярае машыны на пункце пропуску, апрыёры больш любіць Радзіму, чым механізатар, які ад зары да зары прападае ў полі – за зарплату, заўважце, непараўнальную з той, якую атрымлівае ахоўнік мяжы? Ці ваеннаслужачыя, якія давялі да самагубства радавога Коржыча, большыя патрыёты, чым хірург, які робіць складныя аперацыі, вяртаючы людзей з таго свету? 
Што, рыбалоў, які, закінуўшы вуду, прыбірае на беразе рэчкі смецце, што пакінулі тут тыя, каго людзьмі назваць язык не паварочваецца, – не патрыёт? А чалавек, які адбудаваў закінуты хутар, на якім калісьці жылі яго родзічы? А былы культработнік, якая па ўласнай ініцыятыве, без якой-небудзь афіцыйнай падтрымкі. кожны год ладзіць святы, прысвечаныя другому патрыёту, светлай памяці Казіміру Сваяку, – яна не заслугоўвае звання патрыёта? А прадпрымальнік, які ў вольны час за свае грошы рамантуе скульптуру маці Божай у Дубку і абуладкоўвае навакольную тэрыторыю? А… 

Ой, баюся, не хопіць не тое што старонкі – газеты, каб пералічыць усё і ўсіх, хто робіць добрыя справы не па службоваму абавязку, не па прымусу і не за грошы, а па патрабаванні душы. Дык гэта мы ведаем – а колькі не ведаем? 

Гэтыя людзі – самыя сапраўд­ныя патрыёты. Хоць, магчыма, яны ніколі не апраналі ваенную форму і ні разу не трымалі ў руках аўтамат. І, калі б пачулі гэтыя словы ў свой адрас, адмахнуліся б: ды што я такога зрабіў!...

Мне здаецца, быць патрыётам вельмі проста – і адначасова складана. Трэба не толькі любіць сваю радзіму – хто ж яе не любіць, лежачы на канапе і з настальгіяй перабіраючы фотаздымкі? – а зра­біць  нешта, хоць крышачку, драб­нічку, каб яна, гэтая радзіма, стала лепшай, прыгажэйшай, цікавей­шай, ба­гацейшай, каб пра яе веда­лі і па­мяталі. Пасадзіць дрэўца, раз­біць квет­нік, прыбраць смецце, пера­маг­чы ў спаборніцтве, напісаць верш.
Каб ёй, нашай радзіме, было за што нам сказаць дзякуй…

Текст: Нина Рыбик