У Клюшчанах успомнілі Казіміра Сваяка

11:40 / 19.05.2018
1
Мінула 92 гады, як не стала слыннага сына зямлі Астравецкай, глыбокага паэта і не менш глыбокага святара, які, забываючыся пра сябе і сваю цяжкую хваробу, да апошняга дбаў пра просты вясковы люд, – Казіміра Сваяка… 

Без малога мінуў год з моманту трагедыі, якая скаланула не толькі Астравеччыну, але і ўсю Беларусь, каліагонь  знішчыў унікальны драўляны касцёлСвятога Яўхіма ў Клюшчанах. 

IMG_3076.jpg

Для людзей сталага веку з бліжэйшых вёсак храм быў бадай што адзіным жывым пульсуючым сэрцам. Здавалася б, што са знікненнем касцёла павінен замерці і гэты ледзьве ўлоўны пульс калісьці шматлюднай, напоўненай дзіцячымі галасамі ваколіцы…

Нездарма кажуць, што бяда аб’ядноўвае і дае сілы тварыць немагчымае. Літаральна за год парафіяне з ксяндзом-пробашчам Анатолем Захарэўскім у будынку былой плябаніі ў Клюшчанах зрабілі парафіяльны дом-капліцу, дзе зараз адбываюцца службы, а дзякуючы намаганням нястомнай Іаланты Валуевіч, тут у трынаццаты раз адбылася імпрэза, прысвечаная Казіміру Сваяку, – бадай што самая шматлікая за гады свайго існавання. 

IMG_5070.jpg

У той дзень у Клюшчанах мясцовых жыхароў і ўраджэнцаў гэтых мясцін, гасцей з Астравеччыны, Мінска, Камаяў, Вільнюса, відаць, сабраў сам Казімір Сваяк.
Пра імпрэзу з нагоды 92-х угодкаў смерці Казіміра Стэповіча даведалася за нелькі дзён – і не магла не паехаць. Тым больш што знайшліся аднадумцы, дзякуючы якім трапіла ў Клюшчаны.

Апошні раз была тут тры гады назад, калі ў Баранях і касцёле Святога Яўхіма адзначалі некалькі юбілейных дат: 125-годдзе з дня нараджэння паэта-святара, 100-годдзі яго першай імшы ў Клюшчанскім касцёле і святарскай працы ў Камаях, 95-годдзе з пачатку служэння ў Засвіры.

Тады я і падумаць не магла, што ў апошні раз бачу далікатныя шпілі, укленчваю на драўлянай падлозе, па якой калісьці ступаў сам ксёндз Канстанцін Стэповіч, малюся ў сценах, якія чулі галасы  «Хаўрусу сваякоў»…

«Да родных ніў, да роднага касцёла…»
Клюшчаны віталі гасцей пышнымі кустамі бэзу, які туліўся да вясковых хат белымі і фіялетавымі лапкамі. Там, дзе яшчэ год назад узвышаўся драўляны касцёл, – папялішча. Толькі магутная каменная агароджа нагадвае, што калісьці тут стаяў велічны храм, дзе хрысцілі дзяцей, закаханыя перад Богам давалі клятву вернасці, у апошні шлях праводзілі спачылых родзічаў…

IMG_3132.jpg

Горыч трагедыі яшчэ доўга будзе вярэдзіць сэрцы і душы парафіян – але памяць пра касцёл не знікне. Часткова адбудаваная плябанія, у якой захаваліся прыгожыя, з аўтэнтычнай ляпнінай каміны, гасцінна сустракала шматлікіх гасцей. 

IMG_3069.jpg

Па традыцыі, імпрэза распачалася са святой імшы, якую ўзначалілі ксяндзы Анатоль Захарэўскі і Яцэк Хутман – ініцыятар  «сваякоўскіх сустрэч». Дзякуючы гэтаму дзейснаму святару два разы на год у Клюшчанах і Камаях  талакой успамінаюць Казіміра Сваяка, тут гучаць яго вершы. Разам з пробашчам з Камаяў прыехалі арганісткі і міністранты.

DSC_8012.jpg

IMG_3098.jpg

На імшы маліліся па-беларуску. Мара Казіміра Сваяка пра тое, каб людзі звярталіся да Бога па-просту, на сваёй мове, збылася. Пра гэта вельмі тонка і важка напісаў у сваім вершы-прысвячэнні святару ўраджэнец Астравеччыны паэт Станіслаў Валодзька:

 …Моў прыгожых 
ёсць на свеце многа,
Ды найпрыгажэйшая – свая.
Як на беларускай мове 
з Богам
Годна размаўляў 
святар Сваяк…


IMG_3130.jpgВядучая імпрэзы Іаланта Валуевіч прачытала верш «Клюшчаны» аўтарства былой парафіянкі Генуэфы Семаш­кевіч, якая цяпер жыве ў Літве. Потым прысутныя, стаіўшы дыханне, паслухалі пакладзены на музыку шчымлівы верш Фелікса Станевіча«Нашых душ фундаменты». Хоць спачатку песня-балада гучала на латышскай мове, але боль аўтара, яго невымоўная любоў і настальгія па родных мясцінах, аднавяскоўцах, храме былі добра зразумелымі для прысутных – людзі плакалі.

Відэапрэзентацыя «Гісторыя Клюшчанскага касцёла ў фотаздымках», якую падрыхтавала Іаланта Валуевіч, адматала час назад, быццам кінастужку: на экране мільгалі твары святароў, якія працавалі ў Клюшчанах, удзельнікаў «Хаўрусу сваякоў» і самаго храма… А шчымлівая музыка Фелікса Станевіча і трывожныя ноткі паланеза Міхала Клеафаса Агінскага «Развітанне з Радзімай» вярэдзілі сэрца.

Дзякуючы ўраджэнцам гэтага краю – Зофіі Шапель, Марыі Пляўзе, Таццяне Дуброўскай, Вільгельміне Ствол, Уладзіміру Кісялю і многім іншым – Сваяк, касцёл і яго парафіяне, урачыстыя фэсты і святы працягваюць жыць у фотаздымках.

Другая частка імпрэзы была прысвечана святару з душой паэта, чалавеку вялікага сэрца і чулай душы. Ён адкрываў беларускія школы, вучыў людзей маліцца на сваёй мове, пісаў лірычныя вершы і жыццёвыя п’есы – дбаў пра людзей.

Шмат добрых слоў пра Канстанціна Стэ­повіча сказалі сталічныя госці і ўраджэнцы Астравеччыны: літаратар Язэп Янушкевіч, мастак Алег Дра­бышэўскі, які падарыў сваю карціну дому-музею Казіміра Сваяка. Ма­с­тацтва­знаўца Святлана Радзевіч шчыра і ад душы прачытала верш Казіміра Сваяка пра шчасце. Паэт, пісьменнік і перакладчык Віктар Шніп спецыяльна для імпрэзы напісаў шчымлівую баладу. Настаўніца з Камаяў Генавэфа Дубіловіч адзначыла, што Камаі і Клюшчаны сталі парафіямі-пабрацімамі, якіх з’яднаў Сваяк, а таксама прачытала свой верш «Роздум». Завяршылася імпрэза песнямі ў выкананні мастацкага кіраўніка гурта «Балцкі Субстрат» Максі­ма Іўкіна, які паклаў на музыку восем вершаў Кастанціна Стэповіча. 
…Па традыцыі, госці наведалі і дом-музей, дзе нарадзіўся Казімір Сваяк.


Пасляслоўе
Пра аднаўленне Клюшчанскага касцёла можа марыць, напэўна, толькі аптыміст-летуценнік. Клюшчаны страцілі свой храм  – але не свайго сына і патрона  Казіміра Сваяка. Можа, дзякуючы яго асаблівай ласцы перад Богам, клюшчанцам і ксяндзу Анатолю ўдалося зрабіць у вёсцы малітоўны дом.
У людскіх сэрцах жыве па­мяць пра ксяндза і паэта Казі­міра Сваяка, які добра ведаў, што касцёл – гэта не будынак, а людзі. Нават буслы, якія штогод будавалі сваё жытло на адным з комінаў плябаніі, сёлета вярнуліся і вывелі дзетак. 
…Сэрца Клюшчан працягвае біцца.

IMG_3083.jpg


Балада Казіміра Сваяка

19.02.1890 – 06.05.1926 г.


Да родных ніў, да роднага касцёла

Вяртаешся самотны з Закапанэ.

Грукочуць цягнікі і плачуць колы –

І прыбліжаюць твой апошні ранак.


І Вільню, у якой у цішы Роса,

Ты назаўсёды застанешся сэрцам,

Дзе нашыя крыжы і ў травах слёзы,

Куды з нас кожны, як у Рым, імкнецца.


І быццам маладыя пчолы, вершы,

Што ты стварыў, лятаюць над табою.

І ты ў народ свой, як і ў Бога, верыш,

Жагнаешся, нібы крылом, рукою.


І аддаешся найвышэйшай волі,

Як быў адданы кожную хвіліну

Касцёлу й слову, каб яны ніколі

Не зніклі, бераглі, як Бог, Айчыну.

Віктар  Шніп.


Текст:
Фото: Алена Гануліч, Таццяна Кучэўская