Каб зберагаліся традыцыі

09:10 / 18.05.2018
Людзі сталага ўзросту любяць пагружацца ва ўспаміны. Нібы кадры кінастужкі, прабягаюць перад іх вачыма згадкі дзяцінства, юнацтва, маладосці – даўно мінулыя часы. Зусім не падобныя на цяперашнія – ні традыцыямі, ні ўкладам жыцця, ні справамі і падзеямі. І так хочацца падзяліцца ўспамінамі з маладым пакаленнем…

DSCF0290[1].jpg

 У аддзяленні дзённага знаходжання пажылых людзей Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з разуменнем аднесліся  да пажаданняў сваіх наведвальнікаў і пастараліся наладзіць цеснае сяброў­ства старэйшых з малодшымі – рабятамі з аддзялення для маладых людзей з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі. І цяпер усе святы, прыемныя падзеі мы адзначаем ра­зам. Гэта дае магчымасць аднаўляць старадаўнія звычаі. На жаль, нямногія сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі маюць уяўленне, як святкавалі, да прыкладу, Вялікдзень іх бабулі ў сваім дзяцінстве: хадзілі па валачобнае,  гулялі у біткі, качалі яйкі. А сёлета даведаліся і нават змаглі паўдзельнічаць у даўнейшых забавах. 

DSCF0271[1].jpg

А  дарослыя з вялікім задавальненнем паглядзелі разам з імі пасхальны спектакль «Калабок» лялечнага тэатра «Батлейка» ў выкананні вучняў нядзельнай школы пры праваслаўным храме Святых апосталаў Пятра і Паўла. Вядомую і любімую  казку,  перапісаную на пасхальны лад пісьменнікам-святаром,  развучыла з дзецьмі настаўніца Алена Гаева. Цудоўна атрымалася! 

Было адчуванне адной вялікай сям’і, якая дружна размясцілася  ва ўтульнай зале, у цёплай радзіннай атмасферы. 
На  вялікі жаль, цяперашнія хлоп­чыкі і дзяўчаткі мала што ведаюць аб народных звычаях і традыцыях даўнейшых часоў, аб любімых занятках  бабуляў і дзядуляў, бацькоў. А гэта ж наша спадчына. Усё чужое,  наноснае, што запаланіла зараз паўсядзённае жыццё, – прыдуманыя святы, забавы, перанятая недарэчная і брыдкая мода, некалі надакучыць і адыдзе. Мы вернемся да свайго, роднага, спрадвечнага. Вядома, калі зараз захаваем і адродзім.

DSCF0279[1].jpg


Текст:
Фото: Таисия Семёнова