Як АПэшка на выстаўку ездзіла
09:06 / 16.05.2018
Мае бацькі нядаўна ўзялі мяне ў сталіцу, горад-герой Мінск, на выстаўку «СМІ ў Беларусі»!
Па дарозе расказалі, што выстаўка гэтая кожны год праводзіцца з нагоды іх – а значыць, і майго таксама?! – прафесійнага свята – Дня друку.
І вось хочаце верце, хочаце – не, а я на той выстаўцы была не проста правінцыйнай дзяўчынкай-раззявакай, якая ўсюды блытаецца, усё прыкмячае і потым іншым расказвае. Я была, можна сказаць, гераіняй дня! Ну не я адна, вядома, мае бацькі таксама… Але ж і я не апошнюю скрыпачку іграла!
Спецыяльна для паездкі педагогі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – бо бацькам жа, як заўсёды, няма калі! – пашылі мне новую прыгожую сукеначку, і туфлікі, і прычоску зрабілі! А Рытачцы (вы не думайце, што я сваіх бацькоў па імені клічу ад нявыхаванасці ці непавагі – ім так больш падабаецца!) – таксама абноўку справілі: Валянціна Вільеўна Віннічак зрабіла ёй такую прыгожую сукенку з «Астравецкай праўды», што я нават крыху пазайздросціла…
Народу на той выставе была процьма! І ўсе з нечым такім, асаблівым. Але на нас з Рытачкай і Марынкай усе ўвагу звярталі – і прасілі сфатаграфавацца. А мы і рады, што «Астравецкую праўду» ўсе ведаюць і любяць!
А потым мы з Рытачкай і Марынкай правялі для наведвальнікаў выстаўкі любімую гульню маіх бацькоў – «Што? Дзе? Калі?». І хоць пытанні былі, мне здаецца, няпростыя – і пра Астравец, і пра газету, і на агульную эрудыцыю, але мінчукі здолелі на большасць з іх адказаць – а за гэта я ім падарункі ад «Астравецкай праўды» ўручала.
А вечарам пачалося самае галоўнае: узнагароджанне «Залатой Ліцерай», якую журналісты называюць «газетным Оскарам». Мне бацькі расказалі, што гэта самая-самая галоўная і жаданая ўзнагарода для любой газеты! У нашай рэдакцыі я ўжо бачыла дзве такія – але ж Ліцер, тым больш Залатых, шмат не бывае!
У кожнай намінацыі вызначалі пераможцу і дваіх лаўрэатаў. Я страшэнна перажывала за нашу газету, асабліва за Жэню Янушкевіча, які «расшарвае» «Астравецкую праўду» ва ўсіх сацыяльных сетках – і мае заўважынкі таксама, і дзякуючы яму ў мяне цяпер вельмі шмат сяброў. Мне сказалі па сакрэту, што «Астравецкая праўда» падала на конкурс тры заяўкі, адну з іх – у гэтай намінацыі. І, раз нас запрасілі на цырымонію ўзнагароджання, то, напэўна, не проста так.
І сапраўды: Жэнева работа была ацэнена самай высокай узнагародай – «Залатой Ліцерай». Я скакала па ўсім выставачным комплексе «БелЭкспа» ад радасці! А Жэню ўсе віншавалі – калегі з «Астравецкай праўды» і іншых газет, міністр інфармацыі, яго намеснік, абласное кіраўніцтва – і ўсе-ўсе-ўсе!
А потым яшчэ і Дыплом лаўрэата наша газета атрымала – во колькі ўзнагарод мы з Мінска прывезлі дахаты!
Так што я вам тут апошнія навіны пераказала – і пабегла на вуліцу: буду і далей нешта цікавае прыкмячаць і вам расказваць – мо і мне на наступны год газетнага Оскара дадуць?..
Ваша зорная АПэшка.