Иван да Марья Мельниковы: судьбы, покореженные войной

09:20 / 11.05.2018
Яна прыняла іх у свае калюча-крывавыя абдымкі, зрабіўшы мары і жаданні вельмі прыземленымі: выжыць! Яна навучыла іх любіць Радзіму. Яна не песціла іх, не суцяшала, не давала настаўленняў, не распытвала пра самаадчуванне, не цікавілася захапленнямі: выхоўвала жорстка, бізуном, а не пернікам. І толькі аднойчы зрабіла ім падарунак – але самы дарагі з магчымых: захавала жыццё. 
Яна – вайна,  яны – два падлеткі, а пазней – муж і жонка Іван і Марыя Мельнікавы.

007.jpg


Яго гартавала вайна
Іван Сцяпанавіч Мельнікаў на­ра­дзіўся ў вёсцы Серабранка Рага­чоўскага раёна Гомельскай вобласці 15 лютага 1925 года. 
У 1940 годзе скончыў 9 класаў Свержаньскай сярэдняй школы, у 1941 годзе – дзевяцімесячныя курсы пры Гомельскім педага­гічным тэхнікуме. Пачатак самастойнаму жыццю пакладзены – ідзі наперад, у сваю будучыню. 
Але ўсе планы, мары і спадзя­ванні перакрэсліла вайна. Яна ўварвалася, як віхор, у жыццё 16-гадовага Івана. 

– Калі ў іх вёску прыйшлі немцы, дзяцей закрылі ў школе, – узгадвае  нешматлікія ўспаміны свайго бацькі Івана Сцяпанавіча, былога супрацоўніка «Астравецкай праўды», Юрый Іванавіч Мельнікаў. – Але бацька з сябрам здолелі ўцячы праз акно. Ён узяў у хаце каня і падаўся ў лес да партызанаў. Калі прыходзілася хавацца ад немцаў – сядзелі ў балоце. Адны вытрымлівалі гэта выпрабаванне, а іншыя гінулі…

 У сакавіку 1943 года Іван Мельнікаў стаў падрыўніком партызанскага атрада імя Сталіна №256, брыгада №10. Калі Гомельшчыну ў 1943 го­дзе вызвалілі ад акупантаў, юны партызан пайшоў на фронт. Ваенны білет сведчыць, што са жніўня 1943 па жнівень 1944 года  Іван Сцяпанавіч з’яўляўся  камандзірам мінамётнага разлі­ку на I-м Беларускім фронце.  

Год баёў, атак, адступленняў – і новых наступленняў… Год смерць хадзіла побач. У жніўні 44-га Іван Сцяпанавіч у баях на Одэры, дзе палегла нямала нашых салдат, быў паранены: у нагу трапіла разрыўная куля. 
Лячыцца франтавіка адправілі ў шпіталь у Крым.

– Асколкі ў назе так і засталіся, – расказвае ўдава Івана Сцяпанавіча Марыя Іванаўна. – Балела, вядома – але з палачкай ён не хадзіў.
Як і многія ветэраны, Іван Сцяпанавіч не любіў і не хацеў успамінаць той час, які пазбавіў яго юнацтва і заставіў датэрмінова пасталець. І свае ўзнагароды надзя­ваў толькі па святах.

Пасля вайны, у 1946 годзе, Іван Сцяпанавіч скончыў Харкаўскае ваенна-палітычнае вучылішча, затым – шасцімесячныя курсы партыйна-савецкіх работнікаў пры абкаме КП(б)Б. У 1947 годзе ён стаў працаваць карэктарам ў раённай газеце «Сталінец» Журавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Пазней займаўся камсамольскай, партыйнай работай, быў абраны другім сакратаром Журавіцкага райкама камсамола.

006.jpg

У 1950 годзе Іван Сцяпанавіч Мельнікаў пераехаў на Гро­дзен­шчыну. Працаваў памоч­нікам начальніка палітад­дзела па кам­самолу Якубоўскай МТС Радунскага раёна Гродзенскай воблас­ці, сакратаром паліт­аддзельскай газеты, інструк­тарам РК КПБ.
У 1955 годзе Іван Мельнікаў вярнуўся ў журналістыку: у радунскай раённай газеце «За Родину» стаў працаваць сакратаром, затым – літработнікам. Калі Радунскі раён у 1963 го­дзе ліквідавалі, Іван Сцяпанавіч перайшоў на работу ў воранаўскую газету «Ленинское знамя». 
Пазней,  у 1965 годзе, па прапанове абласнога кіраўніцтва Іван Сцяпанавіч Мельнікаў пры­ехаў у Астравец – і з таго часу да выхаду на пенсію яго жыццё было звязана з «Астравецкай праўдай»: у нашай газеце ён працаваў загадчыкам аддзела сель­скай гаспадаркі, потым – карэспандэнтам-арга­ні­за­тарам радыё­вяшчання. 
У 1985 годзе Іван Сцяпанавіч Мельнікаў пайшоў на заслужаны адпачынак.

005.jpg


З меткай «чорнай Пасхі»

– Я нарадзілася каля Барысава ў вёсцы Осава, у 1928 годзе, – расказвае Марыя Іванаўна Мельнікава. – Школы ў нашай вёсцы не было – даводзілася хадзіць за 7 кіламетраў...
Марыя Іванаўна пачала размову з успамінаў мірнага даваеннага  часу – і рэзка абарвала гаворку. Хвіліны цішыні. Жанчына, як я потым зразумела, у думках пераскочыла ўсё даваеннае – добрае, светлае, бесклапотнае – і ўзгадала чорную Пасху, ад якой пачаўся адлік жахам, болю, спадзяванням, стратам.
Калі прыйшлі акупанты, людзі сталі хаваць збожжа, бульбу – усё, што маглі, закапвалі ў зямлю. Але немцы без асаблівых намаганняў раскрывалі гэтыя «хітрыкі» – тыкаючы шомпаламі, хутка знаходзілі прыхаванае.

– Партызаны планавалі падрыў чыгункі, – з камяком у горле расказвае Марыя Іванаўна. – І знайшоўся ж іуда, які прадаў іх немцам! Божа! Што пачалося! Дзядзьку майго, які малоў камуністам пшаніцу, расстралялі.
У вёску наехала процьма нем­цаў – гэта было на другі дзень Вялікадня, які на ўсё жыццё стаў для Марыі і ўсіх вяскоўцаў «чорнай Пасхай». 

– Меншых дзяцей пасадзілі на падводу, мы з дарослымі ішлі пешшу, – успамінае Марыя Мельнікава. – Усіх адправілі ў лагер у Барысаў. Там запісвалі, хто працаздольны, а хто – не. Мая бабуля запісалася як непрацаздольная – яе адразу ж расстралялі. 

IMG_0978.jpg

– Пражылі ў лагеры паўгода. Вошы, бруд, антысанітарыя! – пасля паўзы працягвае Марыя Іванаўна. – Штодня ганялі на работу: мужчыны пад наглядам немцаў лес валілі, жанчыны і дзеці сукі насілі. Цяжка было працаваць на галодны страўнік. Каб хоць крыху адпачыць, хаваліся ў прыбіральнях – але ж нямецкія сабакі хутка нас знаходзілі і білі бізунамі! 

Пасля барысаўскага лагера Марыю, яе сястру і маці вывезлі ў Германію. Яны жылі ў Франкфурце-на-Майне – пра­цавалі на сям’ю заможных немцаў. 

– Мы працавалі на гаспадарцы: кароўнікі чысцілі, скаціну даглядалі, агароды, маці прала – усё рабілі. Елі адну бручку, – расказвае жанчына. 
Пасля вызвалення сям’я Марыі вярнулася на радзіму.

У 1946 годзе дзяўчына пасту­­піла ў Барысаўскае мед­ву­­чылішча. Пасля яго заканчэн­ня яе размеркавалі на Гро­дзен­шчыну, у вёску Забалаць.
– Прыехалі са стрыечнай сястрой. Жылі ўпрогаладзь: раніцай – чай, у абед – чаёк, вечарам – чаішча. Я ўмела жаць, дык зарабіла крыху збожжа. Сталі мы хлеб пячы – вось тады крыху ад’еліся.

Іван ды Мар’я

Яны пазнаёміліся ў Заба­лаці, дзе Марыя працавала мед­сястрой у мясцовай баль­ніцы, а Іван сюды час ад часу наведваўся па рабочых справах. Неўзабаве пажаніліся. У іх нарадзілася трое дзяцей: Людміла, Іна і Юрый.

004.jpg

– Нам у Радуні далі кватэру на два пакойчыкі, – успамінае Марыя Іванаўна Мельнікава. – Я працавала ў бальніцы старшай сястрой і ў дзіцячым садку яшчэ на паўстаўкі. Час быў неспакойны, у лясах яшчэ бандыты хаваліся, Івану нават пісталет выдалі для абароны.

фото009.jpg

Калі мужу прапанавалі работу ў Астраўцы, ён два гады жыў тут адзін, жонка з дзецьмі прыехалі, калі ім выдзелілі жыллё – невялікую кватэрку з пяч­ным ацяпленнем у двухпавярхо­вым доме ў цэнтры горада. 

Марыя ўладкавалася на працу медсястрой у Астравецкую бальніцу, працавала ў розных аддзяленнях, перад выхадам на пенсію – у інфекцыйным. 
Дзеці павырасталі, стварылі свае сем’і, параз’язджаліся па розных гарадах. Побач застаўся толькі сын.
У 1997 годзе пайшоў з жыцця Іван Сцяпанавіч. 

Марыі Іванаўне цяпер 88 гадоў. Узрост і нялёгкае жыццё здароўя не прыбаўляюць, але ж яна трымаецца малайцом: цудоўна выглядае, любіць пажартаваць. Дзякуючы прыро­джанаму аптымізму і родным, якія не забываюць Марыю Іванаўну, яна і зараз – у страі! 

IMG_0981.jpg

.

Фота аўтара і з сямейнага архіва 
М.І. МЕЛЬНІКАВАЙ.


Текст: