Песня-помнік Клюшчанскаму касцёлу
Рэха трагедыі Клюшчанскага касцёла не заціхае. Боль суцішыўся – а смутак і памяць засталіся навечна ў сэрцах і душах людзей.
Нядаўна мне патэлефанавала Генуэфа Семашкевіч, паэтка з Ленварыса, вершы якой друкаваліся ў “Астравецкай праўдзе”, і паведаміла, што яе знакаміты брат, Фелікс Станевіч, які жыве ў Рызе, даведаўшыся пра гэтую непапраўную страту, напісаў верш і палажыў яго на музыку. З гэтай песняй, прысвечанай былым землякам і Клюшчанскаму касцёлу, ён выступіў на фестывалі бардаў Латвіі мінулай восенню – і заняў першае месца!
З цяжкасцю знайшла на ютубе кліп. На застаўцы – светлы, прыгожы Клюшчанскі касцёл, з крыжамі, якія ўпіраліся проста ў неба... З заміраннем сэрца ўключыла – і… З першага ж акорда сэрца абарвалася. Тэкст песні – на латышскай мове, але пераклад не патрабаваўся: музыка, мяккі тэмбр голасу спевака перадавалі патрэбны настрой лепш, чым словы. А кадры з выявамі абразоў, вітражоў, архітэктуры касцёла, ваколіц і жыхароў Клюшчан, якія змяняліся ў кліпе, не пакінуць раўнадушным нават самае зачарсцвелае сэрца. Як вясенні ручай, хлынулі з памяці ўспаміны, а з вачэй – слёзы…
Таленавіты кліп падрыхтаваў сябар нашага земляка, вядомы латышскі паэт, малодшы сын знакамітай актрысы Віі Артманэ Каспарс Дзімітэрс.
Дасылаючы вольны пераклад тэксту на рускую мову, Фелікс папярэдзіў, што ў ім няма нічога трагічнага. І гэта правільна: Клюшчанскі касцёл жыве ў нашых сэрцах, ва ўспамінах, у сямейных альбомах – узнёслым, радасным, такім, якім ён назаўжды застанецца ў гісторыі і ў памяці людзей, у тым ліку – і дзякуючы нашаму зямляку Феліксу Станевічу
…”Колокола в костеле , луч солнца сквозь окна,
Старый священник у алтаря, от свечей запах меда.
Там столетия строили наших душ основы,
Под яблонями прадедов, под звездными небосклонами.”
Фелікс Антонавіч Станевіч – чалавек шматграннага таленту: музыкант, спявак, паэт, кампазітар, вынаходнік, уладальнік залатога медаля ВДНГ СССР. Нарадзіўся на хутары Глушыца каля Спондаў. Сям’я пераехала у Латвію, дзе ён закончыў школу, затым радыётэхнічны факультэт Рыжскага політэхнічнага інстытута. Спяваў у ансамблі “Арнамент”. Зараз працуе ў кампаніі Baltic Latvian Universal Elektronics (BLUE) і ў фірме Audio AE.
Прэзентацыя песні мае адбыцца ў Клюшчанах 13 мая а 12 гадзіне. Можна будзе пачуць і першапачатковы варыянт, і пераклад на рускую мову. Людзі, якім дарагая наша гісторыя і памяць, могуць да нас далучыцца.