Марына Мацкевіч: “Бегаю”, ды не спартсменка, “штрафую”, але не міліцыянер

13:12 / 08.05.2018
6646
IMG_2732.jpgМая работа гэта… На гэтым вордаўскі дакумент будучага артыкула зноў застыў у чаканні. А я задумалася: як расказаць аб тым, што пражываеш і адчуваеш кожны дзень і што далёка не заўсёды можна перадаць словамі? Проста і ў той жа час вельмі складана. Але паспрабуем. Мая работа гэта…

Кубачак кавы. Без ранішняга кубачка гэтага чароўнага напою я хто заўгодна: сонная сава, падбіты жаўрук ці паміраючы лебедзь – але толькі не работнік. Дарэчы, любоў да чорнай спакусніцы ў мяне ўзнікла менавіта напачатку працоўнай дзейнасці. Таму кава і работа, работа і кава – сінонімы, якія не існуюць адзін без другога.

 Расшырэнне гарызонтаў. Я ведаю, колькі хвілін працягваецца тайм у футболе, да якога ліку – валейбольная партыя, чым накаўт адрозніваецца ад накдаўна, што такое плэй-оф і хто выступае на татамі. Пры гэтым я зусім не спартсменка. 
Я прысутнічала на судовых пасяджэннях, ведаю, як расшыфроўваецца абрэвіятура КоАП, за што трапляюць на ўлік непаўналетнія і колькі «свеціць» за прагулку ў цёмны час без флікера. Пры гэтым, у цёмных справах не замешана і да ніякіх відаў адказнасці не прыцягвалася.
Я стараюся быць у тэме маладзёжных захапленняў, ведаю групы «Грыбы» і «Хлеб» і часам нават магу «хайпануць» па-поўнай. Пры гэтым, прызнаюся, паспяваць за імклівым маладзёжным рытмам з кожным годам мне ўсё цяжэй. 
Навошта мне ўсё гэта патрэбна? Бо гэта – мая работа!

24 гадзіны. Як прыгожа бяроза распускаецца, дзеці з горкі весела катаюцца, коцік з лужыны вадзіцу п’е, мамы з каляскамі па горадзе прагульваюцца – трэба на «Астравец сёння» сфатаграфаваць. Гэта дзяўчына прыгожа спявае, хлопец – першыя месцы ў вобласці займае, а там адкрыўся танцавальны гурток – значыць, мне туды дарога. Дарэчы, нідзе і ніколі так гладка і хутка не прыдумваюцца загалоўкі і нават пішуцца  артыкулы, як лежачы ў ложку за пяць хвілін да сну. Аднак затым яны ператвараюцца ў міражы: тое, што ты клянешся запомніць увечары, раніцай бясследна знікае.      

Работа над памылкамі. Сюды ж можна дадаць хатняе заданне і работу на выхадных. Нягледзячы на «даросласць» і адукацыю, часам я адчуваю сябе двоечніцай. Калі выпраўляю чарговы матэрыял пасля рэдактарскай праўкі, калі ў пакутах ніяк не нара­джаецца «чапляючы» загаловак, калі мноства думак ніяк не складваецца ў прыгожыя сказы, калі натхненне не дапамагае, а сядзіць на падваконніку і, па-здрадніцку ўсміхаючыся, махае ручкай – маўляй, спраўляйся сама!

«Прызнанне». Суботні вечар з сяброў­камі ў кафэ. За суседнім столікам – кампанія маладых людзей: «Сімпатычныя дзяўчаты! Трэба знаёміцца». У адказ: «Ты што! Гэта ж «Астравецкая праўда» – яшчэ напіша!» Вось яна – «слава»!
А калі сур’ёзна, то мая работа шматгранная: сумбурная і спакойная, гарманічная і непрадказальная, трывожная, радасная, вясёлая… Але галоўнае – цікавая і, спадзяюся, патрэбная нашым чытачам. 

Марына МАЦКЕВІЧ, 

загадчыца аддзела інфармацыі і сацыяльных праблем газеты «Астравецкая праўда»




Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений