Калі чытач не можа прыйсці ў бібліятэку, яна сама да яго прыедзе

10:51 / 13.04.2018
3947
Калі мне скажуць, што хутка кніга зусім знікне, саступіўшы месца інтэрнэту, я буду сцвярджаць, што яна была, ёсць і будзе. І лепшае таму пацвярджэнне – людзі, якія чытаюць. Да тых, хто не можа сам прыйсці ці прыехаць у бібліятэку, кнігі прывязуць. Як гэта працуе, я ўбачыла на свае вочы.

Разам з работнікам «бібліятэкі на колах» Марынай Здзіславаўнай Лаздоўскай і вадзіцелем Эрнэс­там Рышардавічам Мікулевічам адпраўляемся па маршруце Астравец – Кавалі – Ліпнішкі – Едаклані. Адразу цікаўлюся, якую літаратуру вязём.

– Розную, – адказвае Марына Здзіславаўна. – Жаночыя раманы, дэтэктывы, гістарычную літаратуру, дзіцячыя кнігі, часопісы. Ёсць чытачы, якія просяць прывезці псіхалагічныя і галіновыя выданні.

IMG_4231.jpg

Такая паслуга «на колах» з’явілася ў Астравецкім раёне ў 2006 годзе. А Марына Здзіславаўна возіць кнігі ўжо адзінаццаты год. За гэты час жанчына паспела добра вывучыць запыты сваіх чытачоў з 60 вёсак, якія яна абслугоўвае. Хаця спачатку было цяжка. Але ёй дапамог вопыт – Марына Здзіславаўна адпрацавала дзевяць гадоў у сельскай бібліятэцы ў Чэхах.

Асноўнымі «на­вед­вальнікамі» гэтай бібліятэкі з’яў­ляюцца пенсія­неры. Заглядаюць і мала­дзейшыя, а таксама дзеці.
Спыняемся каля некалькіх хат у Кавалях, але, на жаль, гаспадароў няма – на рабоце. Дарэчы, у такіх выпадках бібліятэкар пакідае запіску, што яна была, – каб людзі не турбаваліся, што пра іх забыліся.

IMG_4244.jpg

Аднак ёсць і тыя, хто заўсёды дома і з вялікай радасцю чакае свайго бібліятэкара. Адна з іх – Данута Станіславаўна Прыбыш.

– Добра, што кнігі прывозяць, – гаворыць жанчына. – Сама я не магу паехаць у Астравец – ногі баляць. А чытаць люблю. Мне па душы творы беларускіх аўтараў, таксама люблю раманы і гістарычную літаратуру. І бібліятэкар мне наш падабаецца. (Усміхаецца) Дзякуй ёй, заўсёды прывязе нешта цікавае.

На гэты раз пасля візіту «бібліятэкі на колах» у Дануты Станіславаўны засталося шэсць кніг. Але, як сцвярджае Марына Здзіславаўна, бывае, што некаторыя і па пятнаццаць бяруць. І гэта нядзіўна – новыя кнігі прыедуць толькі праз месяц.

3.jpg

– Мы працуем кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі, але да ўсіх вёсак даехаць адразу не можам, – тлумачыць бібліятэкар. 
Пакуль мы размаўляем з Марынай Здзіславаўнай, яшчэ адна жыхарка вёскі Кавалі ўважліва перабірае кнігі, знаёміцца са змес­там, чытае анатацыі.

– Вось гэтую дакладна вазьму, – гаворыць Тэрэса Рамуальдаўна Равойць пра кнігу Анатоля Рэзановіча «Полынь-вода». – Бо яна пра Беларусь і пра Чарнобыль. Я ўвогуле больш цікаўлюся гістарычнай літаратурай. Але з задавальненнем чытаю дэтэктывы і раманы. А чым нам, пенсіянерам, яшчэ займацца? (Смяецца)
Узяўшы яшчэ некалькі кніг, Тэрэса Рамуальдаўна звяртаецца да бібліятэкара з просьбай прывезці гістарычную літаратуру.

09.jpg

Дарэчы, чытачы могуць заказаць патрэбную ім кнігу, патэлефанаў­шы асабіста Марыне Здзіславаўне ці ў раённую бібліятэку.

 А мы адпраўляемся ў Ліпнішкі. 

Вадзіцель Эрнэст Рышардавіч ужо таксама добра ведае тых, хто чакае новыя кнігі і каля якой хаты трэба спыніцца, – ён працуе за рулём «бібліятэкі на колах» чацвёрты год.
У Ліпнішках дома была толькі адна, мабыць, самая адданая кнігам, чытачка. Ёй вязуць выданні пад заказ.
– Не ведаю, чым бы я займалася, калі б не кнігі, – гаворыць жанчына. – Тэлевізар ужо надакучыў. Работу параблю – і чытаю.

IMG_4236.jpg

Наступны прыпынак – Едаклані. Па дарозе Марына Здзіславаўна расказвае, што жыхарка гэтай вёскі падарыла бібліятэцы шмат часопісаў. Чытачы іншых вёсак таксама не застаюцца ў баку: фонд бібліятэкі папаўняецца новымі кнігамі з асабістых бібліятэк. 

Дарэчы пра фонд. Ён у Марыны Здзіславаўны невялікі, але на дапамогу прыходзяць раённая і сельскія бібліятэкі.
У Едакланях нас сустракаюць чытачы розных узростаў – і кожны бярэ пачытать нешта для душы. Цікава, што і дзеці, якія у той час былі на канікулах, таксама не забыліся пра кнігі.  А гавораць, што сучасныя дзеці не чытаюць...

– Іншы раз дзеці сустракаюць словамі «Цёця Марына прыехала, кніжкі прывезла!», і гэта прыемна, – гаворыць бібліятэкар.
Едаклані ў гэты дзень сталі апошняй кропкай бібліятэчнага маршрута. 

Вось так і працуе «бібліятэка на колах». Яна едзе па вёсках, вязе людзям займальны і пазнавальны свет. Але не толькі кнігі і часопісы «вандруюць» па Астравеччыне. Марына Здзіславаўна, калі ёсць магчымасць, прыязджае з гасцямі. Так, адным чытачам пашанцавала на канцэрт народнага ансамбля «Світанак», другім – на сустрэчу з клубам «Актыўнае даўгалецце». 

Адпачынак у біблія­тэкара і вадзіцеля? Ён будзе – калі завяршыцца трэцяя змена летніка ў «Ластаўцы». Аднак чытачы без кніг не застануцца.

Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений