Чем «отличились» преступники района

09:20 / 13.04.2018
Крадзяжы бываюць рознымі

Самымі распаўсюджанымі злачынствамі ў нашым раёне застаюцца крадзяжы. А вось асартымент абраных аб’ектаў часам здзіўляе: сярод украдзеных трафеяў можна сустрэць перфаратар, кавалкі мыла і нават клык дзіка.

vorovstvo_foto_i_kartinok.jpg

А адзін з жыхароў райцэнтра наогул не палічыў патрэбным утойваць свой злачынны намер. Нападпітку вечарам ён завітаў на «агеньчык» у адну з кватэр дома №29 па вуліцы Валадарскага. Пакідаючы яе, мужчына вырашыў прыхапіць з сабой «сувенір» на памяць – і выбраў жаночую сумку з прадуктамі харчавання на агульную суму 70 беларускіх рублёў. Калі ж гаспадыня, якая таксама была ў кватэры, паспрабавала спыніць злодзея, ён адпіхнуў яе і ўцёк з сумкай у руках. 
Узбуджана крымінальная спра­ва.
***
Наступны злодзей, напэўна, планаваў адкрыць будаўнічую фірму, аднак для гэтага яму не хапала адпаведных інструментаў. Праблему ён вырашыў выправіць за кошт другіх. Сарваўшы навясны замок, злодзей пранік у вагончык  домаўладання па вуліцы Дружнай і ўкраў адтуль бензапілу, дрэль, балгарку і іншыя прылады на суму 335 беларускіх рублёў. Здабытага падалося мала – і ён завітаў у вагончык на вуліцу Спартыўную. Адтуль прыхапіў з сабой генератар, дрэль-міксер, некалькі балгарак, іншыя інструменты на 1 150 беларускіх рублёў. Аднак, падобна, злодзей вырашыў зрабіць оптавы крадзеж – і на «закуску» пранік у недабудаваны дом па той жа вуліцы, адкуль вынес трымер коштам 400 беларускіх рублёў.
У адносінах да злодзея ўз­буджана крымінальная справа.
***
«Вялікі камбінатар» з Варнян аказаўся менш пераборлівым, але гаспадарлівым. Выпіўшы для смеласці, ён праз акно ўлез у жылы дом у Стаўбурах. Там мужчына паквапіўся на чатыры каструлі, патэльню, два кавалкі мыла і тэлевізійную прыстаўку, якія і прыхапіў з сабой. Агульная сума матэрыяльнага ўрону гаспадароў склала 100 бела­рускіх рублёў. 
***
Двух аўтамабільных акуму­лятараў коштам 50 рублёў 40 капеек кожны недалічыў гаспа­дар дома па вуліцы Інтэр­нацкая ў Варнянах. 
Злодзей без перашкод зайшоў на прысядзібны ўчастак і ўкраў акумулятары. У адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа. 
***
Жыхар горада Нароўля, які зараз часова пражывае ў Астраўцы, вырашыў нікуды не пранікаць, замкі не зрываць, далёка не хадзіць – і абакраў суседзяў, пражываючых з ім у адной кватэры. Такім чынам ён «набыў» заплечнік з тканіны, мабільны тэлефон, спартыўную футболку, іншыя рэчы, а таксама беларускія і ўкраінскія грошы. 
А вось скарыстацца ўкра­дзе­ным злодзею не ўдалося – у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.
***
Аматар да чужых грошай аб’явіўся на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС. Злодзей без перашкод залез у бытавы вагончык адной з арганізацый – і ўкраў са стала кашалёк, у якім акрамя беларускіх рублёў і валюты знаходзіліся дзве банкаўскія карткі. Матэрыяльны ўрон пацярпелага склаў 290 беларускіх рублёў. 
***
Прасціна, клык дзіка, 5 пар рог касулі і 17 пар рог лася – з такім здабыткам злодзей пакінуў дачны домік у Субялях. У чужое домаўладанне ён пранік, разбіўшы акно. Украдзенае ацэнена ў 307 беларускіх рублёў. 
Супрацоўнікі аддзялення кры­мінальнага вышуку хутка знайшлі аматара паляўнічых трафеяў – ім аказаўся неаднойчы су­дзімы жыхар вёскі Ізабеліна. 

Маўчанне – золата

Цяпер трэба сцерагчы свае грошы не толькі ад рэальных, але і ад віртуальных зладзеяў.
У адносінах да аднаго такога хакера, які з дапамогай спецыяльнай праграмы даведаўся пін-коды банкаўскіх картак ААТ АСБ «Беларусбанк» і ЗАТ «БПС-Банк», узбуджана крымінальная справа. Астраўчане, якім належалі гэтыя карткі, пазбавіліся са сваіх рахункаў 74 і 275 беларускіх рублёў.
Звяртаемся да ўсіх грамадзян: ні ў якім выпадку не паведамляйце пін-коды ці рэквізіты сваіх банкаўскіх картак, аднаразовыя коды доступа, сеансавыя ключы да інтэрнэт-банкінгу і іншыя звесткі ў сацыяльных сетках і віртуальных перапісках, нават калі аб гэтым просяць родныя ці сябры. За іх прозвішчамі могуць хавацца ашуканцы, якія незаконна праніклі на чужы профіль. 

kvr_000839_00014_1_t218_164920.jpg

«Гарачае» прывітанне

Для ажыццяўлення злачыннага плана жыхара вёскі Солы не спынілі ні адлегласць, ні адказнасць перад законам.
Нецвярозы мужчына ноччу прыехаў на веласіпедзе ў Рым­дзюны, дзе наўмысна падпаліў гаспадарчую пабудову адной з жыхарак вёскі. Для гэтага ён абліў анучку гарэлкай, падпаліў і закінуў яе ў адрыну, дзе знаходзілася сена. Полымя ўспыхнула імгненна і знішчыла ўсё, што знаходзілася ў адрыне.
У адносінах да падпальшчыка ўзбуджана крымінальная справа.

Сталічны браканьер

Мужчына хацеў здабыць дзіка, а зарабіў крымінальную справу.
Жыхар Мінска вырашыў задаволіць паляўнічы запал і непадалёк вёскі Жукойні застрэ­ліў дзікага кабана. Толькі ні паляў­нічай пуцёўкі, ні дазволу на здабычу дзікай жывёлы ў яго не аказалася. 
За свае дзеянні мінчаніну прыйдзецца адказваць: незаконным паляваннем ён нанёс урон навакольнаму асяроддзю ў памеры 2 760 беларускіх рублёў.

«Клубнічка» не ў законе

За распаўсюджванне відэаролікаў парна­гра­фічнага характару паплаціўся жыхар Астравецкага раёна.
Напэўна, аматару «клубнічкі» настолькі падабалася праглядваць пікантнае відэа, што ён размясціў некалькі такіх ролікаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Доступ да прагляду размешчанага відэа мужчына не абмежаваў – яго мог паглядзець кожны наведвальнік старонкі. Аднак такія дзеянні лічацца распаўсюджваннем пар­награфіі і караюцца законам, таму ў адносінах да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. 

Кулачныя баі

Распіццё спіртных напояў, пошукі прыгод, спрэчка, бойка – і ўзбуджэнне крымінальнай справы.
Менавіта так разгортваліся падзеі для жыхара Валгадонска, які зараз працуе на пляцоўцы будаўніцтва БелАЭС і пражывае ў Астраўцы. Нападпітку ён знаходзіўся ў кватэры дома па вуліцы Кветкавай, дзе пасварыўся з мужчынам, які там пражывае. У выніку расіянін «разруліў» спрэчку некалькімі ўдарамі апанента кулаком па галаве. 
За нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў у адносінах да мужчыны ўзбуджана кры­мі­наль­ная справа. 

 Марэк СІНКЕВІЧ,
намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта.


Текст: Главный администратор