Віктар Скапец: Сваю работу трэба рабіць добра

15:47 / 25.03.2018
Вадзіцеляў не бывае шмат. Яны ёсць і патрэбныя ў кожнай арганізацыі. І хоць іх праца часцей за ўсё застаецца нябачнай, ад яе залежыць усеагульны рух – падзей, людзей і рэчаў.

Менавіта так лічыць вадзіцель унітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Скапец, партрэт якога занесены на раённую Дошку гонару.

IMG_1884.jpg


Родам Віктар Іосіфавіч з суседняй Смаргоншчыны. Там скончыў школу, там і ажаніўся. У пошуках месца, дзе можна было б асесці, прыехаў у Астравец, адкуль былі родзічы жонкі. 

– Пераехалі мы ў 1982 годзе, – успамінае Віктар Іосіфавіч. – Тады яшчэ шматпавярховак на Валадарскага не было. Я ўлад­каваўся на працу ў ПМК-88 вадзіцелем. Потым адвучыўся на кранаўшчыка і перасеў на кран. Якое тады на месцы цяперашняга мікрараёна было балота! Ні праехаць, ні прайсці. Боты гумовыя – і летам, і зімой... Ды і нецікава мне з часам стала, таму падаўся ў «снабжэнне», якое пазней далучылася да сельгастэхнікі. Тут дзевятнаццаць гадоў адпрацаваў вадзіцелем. А пачынаў з «пяцьдзясят тройкі»…

– Не раз Мікалай Пятровіч Харкуноў прапаноўваў мне вярнуцца ў сельгастэхніку, – працягвае мужчына. – Але чаго бегаць з месца на месца? Мне і тут, у КБА, добра.
Шмат чаго змянілася за дзесяць гадоў працы Віктара Іосіфавіча на прадпрыемстве бытавога абслугоўвання. І калі прыйшоў ён у сапраўдны вадзіцельскі міні-калектыў з пяці чалавек, то ў апошнія гады прыходзілася працаваць і аднаму. Але мужчына не скардзіцца: ён можа, умее і любіць працаваць. 

IMG_1885.jpg

Сваю «ГАЗэль», якая ўжо «наматала» не адну тысячу кіламетраў па дарогах краіны, Скапец абслугоўвае сам. І робіць гэта старанна і дасканала.

Міжгароднія паездкі і мясцовыя маршруты, цікавыя заданні і прывычныя «кропкі» – амаль кожны дзень сінябокая Віктара Іосіфавіча знаходзіцца ў дарозе.

 – Працую не для таго, каб дзень адбыць, – прызнаецца вадзіцель. – А каб нешта зрабіць – і зарабіць.

Ужо ў сем гадзін раніцы мужчына на рабочым месцы: машыну трэба паглядзець, зімой – прагрэць, летам – часцей памыць, каб а восьмай гадзіне яна была «ў поўнай баявой» гатоўнасці.  А яшчэ дазвол медыка атрымаць трэба, на запраўку з'ездзіць… Дахаты вяртацца, бывае, і ў прыцемках прыходзіцца.

– І аставаўся бы ўжо на сваёй рабоце, – здараецца, пабурквае на мужа жонка.

А ён маўчыць і толькі ўсмі­хаецца.
– Я адказны. І такім павінен быць кожны вадзіцель і любы чалавек, – падводзіць вынік размовы Віктар Іосіфавіч. – Можа, бываю рэзкі. Бо лічу: сваю работу трэба не проста рабіць – а рабіць добра, нават калі яна незаўважная. Калі не ты – то хто? І раз паабяцаў – выканай. Не сёння, дык заўтра. Але абавязкова. 

IMG_1888.jpg

 Пра работу
* У дарозе Бог мілаваў: пакуль сам спраўляўся з непаладкамі ў машыне.
* Не той цяпер час, не так купляюць, як раней. Дый бытовак на вёсках засталося мала. А які гандаль быў раней!
* Маёй «ГАЗэлі» ўжо пяць гадоў, амаль трыста тысяч кіламетраў на ёй наездзіў. Я яе як аблупленую ведаю. Да пенсіі мне яе хопіць.

З асабістага
* Ад грошай, канешне, ніхто не адмаўляецца. Але самае галоўнае для чалавека – здароўе.
* Дзве дачкі і жонка – кветкі майго жыцця.
* Ад прапановы будаваць кватэру адмовіўся. Пра свой дом марыў. І прыдбаў – з «фінскіх». І шчаслівы: гэта маё месца, мая зямля.
* Гаспадарку трымаў. Цяпер на дваіх з жонкай  толькі сабака і ку­ры. 
* З выхадных працаваць можна толькі ў суботу. У нядзелю нічога не раблю – нельга.
* Бог ёсць на свеце, і трэба жыць па Яго законах. І памятаць: як ты да людзей, так і яны да цябе адносіцца будуць.

Текст: Главный администратор