Майстар-клас па аздабленні вербачкі (+відэа)

11:18 / 23.03.2018

Пра гродзенскія вербачкі, якім прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, напэўна, шмат хто чуў.

А ці ведалі вы, што кожны год напярэдадні Вербніцы вучні Гудагайскай школы разам са сваёй настаўніцай ствараюць сапраўдныя шэдэўры мастацтва? Не? Тады не палянуйцеся скарыстацца простымі парадамі майстрыхі!

Майстар-клас па аздабленні вярбы правяла педагог дадатковай адукацыі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Вацлаваўна РЫНКОВІЧ.

IMG_3920.JPG

– З дзецьмі, якія ходзяць да мяне ў гурток,  мы кожны год робім вербачкі. Чым толькі іх не ўпрыгожвалі! – рыхтуючы да майстар-класа стужкі, паперу, пацеркі, расказвае жанчына. – За столькі гадоў я ўсё ж спынілася на традыцыйным аздабленні вярбы, калі выкарыстоўваецца звычайны прыродны матэрыял. Успомніце, нашы бабулі ўпрыгожвалі вербачкі аспарагусам, ядлоўцам – зялёнымі раслінамі, якія сімвалізавалі верхавенства жыцця над смерцю, вясну, абуджэнне прыроды.

IMG_3885.jpg

IMG_3854.jpg

Вербачкі, якія пад пільным кіраўніцтвам свайго педагога робяць гудагайскія школьнікі, адрозніваюцца ад астатніх тым, што ў іх аздабленні абавязкова выкарыстоўваюцца галінкі ядлоўцу, бруснічніку, туі.

– Жыву ў Задворніках – лес пад бокам. Але дзяцей вучу, што прыроду трэба шанаваць і беражліва да яе ставіцца: калі патрэбна галінка – зрэж ніжнюю, верхнюю не чапай. Калі іду ў лес, то заўсёды прашу ў яго прабачэння – так вучыла мяне бабуля, – расказвае Наталля Вацлаваўна. – Каб зрабіць святочную вербачку, матэрыялаў шмат не трэба: аснова – тры галінкі вярбы вышынёй каля 50-ці сантыметраў, якія сімвалізуюць Святую Тройцу, жывыя галінкі хвойных дрэў і розныя элементы дэкору, пачынаючы ад гафрыраванай паперы і заканчваючы кветкамі з фаамірану.

Варыянты аздаблення вярбы

1. Спрошчаны

Калі вам не хапае часу ці вы загаддзя не паспелі набыць у спецыялізіраваных магазінах нарыхтоўкі – дэкаратыўныя ягады, кветкі, пацеркі – выкарыстайце тое, што ёсць пад рукой ці, калі ёсць магчымасць, наведайцеся ў лес: там вы знойдзеце ўвесь патрэбны матэрыял: галінкі ядлоўцу, сасны, елкі, ягады рабіны.

IMG_3803.jpg

Зафіксаваную з двух бакоў ніткамі вярбу ўпрыгожце жывымі галінкамі.

Карысныя парады

*Ніз выступаючых галінак абматайце атласнай стужкай ці звычайнымі ніткамі: вербачка будзе выглядаць больш эстэтычна і яе зручней трымаць.

*Перад асвячэннем ці пасля яго вярбу можна задэкарыраваць фацінам ці іншай тканінай, каб галінкі не абсыпаліся.

IMG_3819.jpg

2. Для мамаў і гадавалых дзяцей

Ні для каго не сакрэт, што малышы любяць мяккія аб’ёмныя цацкі.

– У Еўропе традыйны сімвал свята – велікодны трус, – гаворыць Наталля Вацлаваўна. –  У той жа Германіі дзеці на парог дома выстаўляюць пустыя капелюшы, куды менавіта трус прыносіць яйкі. Мы вырашылі выкарыстаць гэты сімвал ва ўпрыгожанні вярбы.

IMG_3836.jpg

З любой мяккай тканіны выражце дзве часткі фігуры труса (пажадана з доўгімі вушкамі), прашыйце іх, напоўніце ватай і зрабіце з бісеру ці пацерак вочкі. На вербачцы яго можна пасадзіць на “траву” – бруснічнік, ядловец – пры дапамозе клеявога пісталета.  Месца пасадкі задэкарыруйце тканінай ці стужкай.

3. Шматслойная вербачка

IMG_3922.jpg

Каб аздобіць вербачку “па-гудагайску” спатрэбяцца:

Папера гафрыраваная

“Спаднічкі”

 Выразаем прамавугольнік. Яго край загінаем на паўсантыметра, потым яшчэ – накшталт загібу абгорткі цукеркі. У выніку атрымоўваецца прыгожая  “спаднічка”. З гэтай нарыхтоўкі можна зрабіць ружачкі ці шышку, калі скручваць па спіралі.

IMG_3902.jpg

Кветкі

Выразаем прамавугольнік. Скручваем яго у форме S-кі, каб атрымалася 6 пялёсткаў. Краі нарыхтоўкі не да канца разразаем нажніцамі – надаём ім форму. Потым збіраем пялёсткі, робім сярэдзінку іншага колеру, а саму кветку знізу фіксуем ніткай.

IMG_3917.jpg

IMG_3914.jpg

Жгуцікі

З гафрыраванай паперы наразаем стужкі таўшчынёй 2-3 сантыметры – і скручваем іх у жгут.

IMG_3924.jpg

“Кулёчкі”

Патрэбны крэпавая папера і “макеты”: маркеры, формы ад глітэрнага клею.

З паперы выразаем прамавугольнікі шырынёй 8-9 см і вышынёй 13-14. Пад прамым вуглом па чарзе зверху загінаем краі паперы, каб атрымаўся “дах доміка”. Знізу ад нарыхтоўкі пакідаем каля 2 сантыметраў,  а “страху” накручваем на маркер ці форму ад глітэрнага клею. Канец закручваем, як у цукеркі.

IMG_3928.jpg

IMG_3931.jpg

IMG_3934.jpg


Вярбу ўпрыгожваем кулёчкамі. Іх можна нанізваць у некалькі слаёў і чаргаваць з галінкамі ядлоўцу, туі, бруснічніку.

IMG_3925.jpg

Дэталі

Гудагайскія вербачкі сёлета аздоблены плеценымі з газет каркасамі.

IMG_3898.jpg

IMG_3843.jpg


 

Текст:
Фото: Алена Гануліч
Видео: Алена Гануліч