Рукі Таццяны Вацлаваўны Бараноўскай пахнуць снегам

12:02 / 10.03.2018
6279

Галоўнай рысай свайго характару Таццяна Вацлаваўна Бараноўская лічыць стараннасць, побач з якой у згодзе суіснуюць працавітасць і адказнасць.

Вялікая тэрыторыя паміж чатырох дамоў у адным з новых мікрараёнаў Астраўца ў моцных і надзейных  жаночых руках Таццяны Вацлаваўны. Двары блішчаць чысцінёй, нават калі з неба бесперапынна сыпле снег або лье дождж. І не таму, што Таццяна жыве побач і бачыць, дзе і што трэба «прыгрэбці» – за пяць гадоў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы  жанчына навучылася працаваць хутка і якасна. Да таго ж яна паспявае выконваць абавязкі брыгадзіра. Словам, майстар  на ўсе рукі!

0313.jpg

– Не магу я інакш, – паціскае плячыма Таццяна. – Працаваць цяжка, асабліва зімой, калі шмат снегу ці маразы ціснуць. Летам таксама работы хапае – у гэтай пары свае асаблівасці. Але я прывыкла. Ды і калектыў у нас дружны.

Кожны дзень з шасці гадзін раніцы, калі шматпавярховікі яшчэ «спяць», шчыруе дворнік Бараноўская: мяце, пасыпае пяс­ком наледзь, зграбае снег лапатай. 

0304.jpg

А праз вокны кватэры за ёй назіраюць тры  пары дзіцячых вачанят – чакаюць дазволу дапамагчы. Толькі для дзяцей гэта пакуль цяжкая справа,  таму мама Таня стараецца ўсё зрабіць сама. 

А пасля работы дзеці сустракаюць матулю гарачым чаем – і саграваюць у сваіх гарачых  маленькіх далоньках яе напрацаваныя рукі, якія пахнуць холадам і снегам…

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений