Рукі Людмілы Эдмундаўны Працуты пахнуць немаўляткам

10:58 / 10.03.2018

Давайце паспрабуем прадоўжыць фразу «Жанчына – гэта…». І пры гэтым узгадаць не нейкія ўнутраныя якасці жанчыны, пра якія шмат гавораць, не іх дабрыню, спагаду, пяшчоту, а чыста знешнія.

Што, па-вашаму, вызначае жанчыну, адрознівае ад мужчын? Прычоска? Усмешка? Фігура? Вочы? Ножкі?

Упэўнена, што многія на гэтае пытанне адкажуць: рукі. Тыя самыя рукі, пра якія пісалі вершы паэты; да якіх туляцца, набіраючыся моцы, дзеці; якія дораць пяшчоту каханым… І пры гэтым паспяваюць, кажучы фігуральна, падтрымліваць агонь у хатнім ачагу 

І пры гэтым яны, гэтыя такія адначасова кволыя і дужыя, такія пяшчотныя і  хуткія, пякуць хлеб, прыбіраюць снег, прымаюць немаўлят, мыюць падлогу.... Усё яны ўмеюць і ўсё паспяваюць, гэтыя нястомныя, дагледжаныя ці не вельмі ўсюдыісныя жаночыя рукі.

Чым яны пахнуць, рукі нашых жанчын? Пра гэта паспрабавалі даведацца нашы журналісты напярэдадні 8 Сакавіка.

Акушэрка радзільнага аддзялення Людміла Працута

567.jpg

Рукі Людмілы Працуты пахнуць немаўляткам – яго шчаслівай усмешкай ці,  наадварот, скрыўленым тварыкам, матуліным малаком і медыкаментамі. Яна першай бярэ ў свае рукі нованароджанае дзіцятка, якое толькі-толькі ўбачыла гэты свет і прывітала яго сваім гучным крыкам – і перадае гэты камячок шчасця яго матулі.

Людміла Працута, акушэрка радзільнага аддзялення Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы,  за гады працы прыняла ў свае рукі не адну сотню малышоў Астравеччыны.

3020.jpg

Амаль 30 гадоў яе жыцця  звязана з бальніцай. А пачыналася ўсё даволі празаічна. Старэйшая сястра вучылася ў медыцынскім вучылішчы, а Люда  марыла стаць прадаўцом. Толькі дзякуючы старэйшай сястры дакументы малодшай, а затым – і яна сама   аказаліся ў Мінскім медыцынскім вучылішчы №2.

– Спачатку было складана – усё ж я марыла пра іншае. Гэта пазней, з цягам часу, зразумела, што мая будучая спецыяльнасць  мне па душы, –  усміхаецца Людміла Эдмундаўна.

Работы ў акушэркі  шмат,  і яна не з лёгкіх. Але ўсё гэ­та і ёсць шчасце, якое не без яе ўдзе­лу адчуваюць у самы галоўны момант свайго жыцця матулі.

– Усе жанчыны шчаслівыя па-свойму, толькі кожная з іх у першую чаргу шукае шчасце ў сям’і, мацярынстве і прафесіі, –  упэўнена Людміла Эдмундаўна. 

Сваё шчасце Людміла Працута знайшла даўно: калі выйшла замуж, нарадзіла сыноў Аляксея і Міхаіла. І калі  знайшла сябе ў прафесіі. 



Текст:
Фото: Елена Ярошевич