“Польскае рэха Астраўца” гучала на гродзенскіх “Казюках”

08:54 / 08.03.2018

Ярка, самабытна і весела выступілі астравецкія палякі на міжнародным фестывалі рамеснікаў “Казюкі” ў Гродне.

Па традыцыі свята праходзіць у выхадныя, бліжэй да дня святога Казіміра, які лічыцца апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

Сёлета, як і ў мінулыя гады, цэнтральная гарадская плошча пераўтварылася ў горад майстроў. Тут можна было набыць усё, чаго пажадае душа: плеценыя з лазы і саломы кошыкі, гліняны посуд, часы з дрэва. А святочны настрой задавалі артысты з усёй Беларусі, у тым ліку і хор “Польскае рэха Астраўца”.

9.jpg

– Мы былі адзінымі прадстаўнікамі польскай дыяспары вобласці, – расказала старшыня Астравецкага аддзела саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мацвееўна Мароз. – Выступленне мы распачалі з “Астравецкага паланезу”, які стаў стаў візітнай карткай нашага калектыву, аўтарства Аляксандр Якіменка. У Гродне мы праспявалі 21 песню на польскай, беларускай, рускай, літоўскай і ўкраінскай мовах. Прыемна, што гродзенцы так цёпла і шчыра нас сустракалі, падпявалі і, нават, падтанцоўвалі. Прадстаўнік польскай дэлегацыі Анджэй Хмялеўскі адзначыў арыгінальную апрацоўку вядомых польскіх песень і запрасіў наш калектыў у Аўгустова.

Выступленне хору “Польскае рэха Астраўца” было адзначана падзячным дыпломам і апладысментамі ўдзячных гледачоў.


 

Текст:
Фото: Алена Гануліч