Режимно-секретная жизнь Янины Кивачинской

20:07 / 04.03.2018
6389
Яна не патрулявала вуліцы горада, не выязджала на месцы здарэнняў, не вяла допыту, не расследавала крымінальныя справы і ніколі не насіла пагоны. І тым не менш, яна лічыць сябе паўнапраўнай і неад’емнай часцінкай праваахоўных органаў – хоць і знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку. А як жа па-іншаму, калі амаль кожны дакумент праходзіў праз яе рукі? У імклівым тэмпе «зарэгістраваць» –  «надрукаваць» – «падпісаць» непрыкметна праляцелі 36 гадоў жыцця. Менавіта столькі Яніна Аляксандраўна Ківачынская адпрацавала ў раённым аддзеле міліцыі, большую палову з якіх ўзначальвала групу рэжымна-сакрэтнай дзейнасці.

IMG_0479.JPG

– Колькі дакументацыі прыйшлося «пералапаціць» за гэты час? Ды хто ж яе лічыў! – усміхаецца Яніна Аляксандраўна. – Галоўнае, каб кожны дакумент быў своечасова прыняты, правільна аформлены і знаходзіўся на сваім месцы. Нехта здзіўляецца: маўляў, як можна працаваць з паперамі столькі гадоў? І дзе? У міліцыі, дзе ўсё павінна быць дакладна і без права на памылку. Але, верыце ці не, мне мая работа падабалася.

А пачалося ўсё, наадварот, – з незадаволенасці работай. Яніна Аляксандраўна і цяпер не можа растлумачыць, чаму пасля школы паехала вучыцца на канструктара-чарцёжніка ў Вільнюс. Хоць падсвядома адчувала, што не яе гэта справа,  адукацыю атрымала і нават некаторы час працавала, праўда, па спецыяльнасці на заводзе без асаблівага энтузіязму. Аднак хутка жыццё расставіла ўсё на сваё месца.

– Можна сказаць, маім выратавальнікам стаў муж, – усміхаючыся, гаворыць Яніна Аляксандраўна. – Мы су­стрэлі адзін аднаго, пакахалі, пажа­ніліся. А што галоўнае для маладой сям’і? Канешне, фундамент, на якім можна будаваць будучыню і гадаваць дзяцей. Вырашылі закладваць яго на маёй радзіме – і прыехалі ў Астравец.

У родным тады яшчэ гарадскім пасёлку Яніна Аляксандраўна паспела папрацаваць у ваенкамаце і пабыць у дэкрэтным адпачынку, перш чым лёс прывёў яе ў раённы аддзел унутраных спраў. Неяк знаёмая падказала, што ў міліцыю патрабуецца машыністка – і Яніна Аляксандраўна пайшла ў райаддзел у пошуках работы. А ў выніку знайшла сваё прызванне.

IMG_0475.JPG

– Машыністка, сакратар, загадчыца канцылярыі, сакратар-машыністка, кіраўнік групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці – прыйшлося змяніць не адну пасаду, – успамінае Яніна Аляк­сандраўна. – Але работа, у асноў­ным, заставалася ранейшай, хіба толькі станавілася больш аб’ёмнай і адказнай. Сакрэтная пошта, заявы, адказы грамадзянам і шмат іншай дакументацыі – усё гэта ўваходзіла ў мае абавязкі. Не скажу, што было проста. Неаднойчы прыходзілася затрымлівацца да поўначы – дзякуй Богу, з надзейным тылам мне пашанцавала: муж разумеў і падтрымліваў, а дзеці заўсёды з усмешкай сустракалі маму з работы. 

– Пашанцавала мне і з калектывам. Хоць і прыходзілася часам быць строгай і настойлівай, але мы сябравалі. Мне заўсёды было прасцей працаваць з мужчынамі: ім можна сказаць усё ў вочы.  Памаўчаць хвіліну-дзве – і зноў усё ў парадку. А некаторыя наогул прыходзілі пагаварыць «па душах»: дзяліліся жыццёвымі праблемамі, пы­таліся парады. Адным нешта падказвала, іншых проста выслухоўвала. Так мы і працавалі: плячо ў плячо.

IMG_0471.JPG

За час працы Яніны Аляк­сан­д­­­­раўны ў праваахоўных органах змянілася адзінаццаць на­чаль­нікаў аддзела. І кожнага з іх яна памятае не толькі як адказнага кіраўніка, але і як спагадлівага чалавека.

– Дарэчы, з цяперашнім на­чаль­нікам, Андрэем Пятро­вічам Форысем, мы таксама добрыя знаёмыя, – расказвае жанчына. – Ён некаторы час курыраваў работу нашай групы ў Гродне. 

– Нават і не верыцца, што столькі гадоў прайшло – праляцелі, бы адзін дзень, – настальгічна ўсміхаецца Яніна Аляксандраўна. – Але я не шкадую ні аб адной гадзіне, праведзенай на рабоце, бо займалася любімай справай. 
Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений