Ирина Кондратович: человек с Доски почета

11:35 / 04.03.2018
Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і пра­філактыкі Ірына Рамуаль­даўна Кандратовіч, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару, упэўнена: з любой сітуацыі заўсёды можна знайсці выйсце. А яшчэ яна верыць, што кожнаму наканаваны свой лёс. І якімі б сцяжынкамі не прыйшлося блукаць, ён усё роўна выведзе на патрэбную, правільную, дарогу.

image-0-02-04-f0b92d7dda1552f694be18f4475653ac345f668fe9cbd637480556ef6f48f594-V.jpg

Калі б у юнацтве Ірыне сказалі, што яна будзе служыць у праваахоўных органах, яна, напэўна, рассмяялася б. Дзяў­чыну не «чапляла» прыгожая міліцэйская форма з бліскучымі зоркамі на пагонах, яна была пераканана: ахова правапарадку – справа мужчынская! А вось бялюткі халат медсястры і перспектыва дапамагаць людзям – гэта было па душы. І ў выніку Ірына ўсё ж прымерыла халат – толькі не медсястры, а работніцы гандлю. Дзяўчына атрымала адукацыю прадаўца, кантралёра-касіра.

– Працавала ў адным з мага­зінаў Маладзечна – мне падабалася, – успамінае Ірына Рамуаль­даўна. – Затым сяброўка паступіла ў Беларускі камерцыйны ўніверсітэт кіравання, які хутка стаў інстытутам, – і мяне паклікала. На наступны год я ўжо завочна вучылася на факультэце правазнаўства. 

Паступленне ў інстытут кіра­вання таксама не было выпадковым у жыцці Ірыны – там яна пазнаёмілася з будучым мужам. Яны пажаніліся і пераехалі на яго радзіму – у Астравецкі раён.

– У Астраўцы я таксама хацела стаць за прылавак, але… – расказвае Ірына Рамуальдаўна. – Ужо не памятаю, хто падказаў, што ў тады яшчэ пашпартным стале ёсць вакансія. Падумала: чаму б не паспрабаваць? Але, калі звярнулася ў раённы аддзел міліцыі, высветлілася, што ў пашпартным стале месца няма. Затое мне прапанавалі службу ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Праўда, для гэтага трэба было «надзець пагоны» – прайсці трохмесячныя курсы першапачатковай падрыхтоўкі ў Мінску. Я згадзілася.

Прысяга, фізічная і агнявая падрыхтоўкі, вывучэнне адмі­ні­ст­рацыйнага і крымінальнага права, крыміналістыка, нарады па сталовай, здача іспытаў і шмат чаго яшчэ – на працягу трох месяцаў Ірына Рамуальдаўна прайшла курс маладога байца. І, вярнуўшыся ў Астравец, з галавой акунулася ў работу, каб на практыцы замацаваць атрыманыя веды.

– Затое зараз ведаю, што ўсяму можна навучыцца – варта толькі захацець, – з усмешкай адзначае Ірына Рамуальдаўна. – Неяк непрыкметна ўцягнулася ў работу інспекцыі па справах непаўналетніх – мне яна падабалася. Было няпрос­та, асабліва псіхалагічна, падчас рэйдаў па сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але калі праз некаторы час бачыш, што жанчына, якая гатова была сарвацца ў бездань, спынілася і стала на правільны шлях, а вочы яе дзіцяці, якому ўсе прарочылі дзіцячы дом, свецяц­ца радасцю, разумееш, што працуеш недарэмна.

Пасля трох гадоў службы ў інспекцыі Ірыну Рамуальдаўну перавялі ў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі, дзе яна працуе і цяпер. Нягледзячы на іншую спецыфіку работы і патрабаван­няў, яна гэтак жа добрасумленна выконвае свае абавязкі.  

– Часам спрабую ўявіць, як бы склалася маё жыццё, калі б не паступіла вучыцца, не пры­ехала ў Астравец, не пайшла б служыць у міліцыю – і не магу. Усё ж у кожнага чалавека ёсць свой шлях, які прыводзіць яго на тое месца, якое наканавана. Я шчаслівая, што ўсё ў маім жыцці склалася менавіта так. 
Текст: