Хто мацнейшы – школьнікі, пагранічнікі ці міліцыянеры?
Спартыўнае свята, прымеркаванае Дню абаронцаў Айчыны, прайшло ў Гудагайскай сярэдняй школе. Яго ўдзельнікамі сталі не толькі школьнікі, але і супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і аддзела пагранічнай службы “Гудагай”. Яно і зразумела: у школе створаны ваенна-патрыятычны і прававы класы – і таму пагранічнікі і міліцыянеры ту частыя госці.
У гэты дзень дарослых і дзяцей чакала шмат выпрабаванняў – простых і даволі складаных. Забягаючы наперад, скажу: справіліся ўсе.
Бег з эстафетнай палачкай, хакей з мячом, перанос мяча на тэніснай ракетцы, пасадка і ўборка “бульбы”, кіданне абруча – час бег хутка і цікава.
Як ні дзіўна, але мацнейшымі аказаліся школьнікі, каманды ж аддзелаў унутраных спраў і пагранічнай службы “Гудагай” падзялілі другое месца.
Пасля спартыўнага мерапрыемства ўдзельнікаў чакала віншавальная праграма, падрыхтаваная школьнікамі і супрацоўнікамі Гудагайскага дома культуры.