Маладыя людзі з інваліднасцю выйшлі на старт
Прадэманстраваць сілу, вынослівасць і мужнасць у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Старт” сабраліся маладыя людзі з інваліднасцю – тут прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, удзельнікамі якіх сталі выхаванцы карэкцыйнага цэнтра і аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра.
Дзве рознаўзроставыя каманды “Маланка” і “Сяброўства” спаборнічалі ў бегу з эстафетнай палачкай, праз абручы, з двума мячамі ў руках, з ракеткамі, вялі мяч, гулялі ў хакей, кідалі дроцікі і “перапраўлялі” сваіх таварышаў па камандзе на другі бок поля.
Папераменна перамога была то ў адной, то ў другой каманды, аднак у выніку яе ўхапілі спартсмены з “Маланкі”.
– Спартыўнае свята, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны, мы сумесна з фізкультурна-аздараўленчым клубам арганізоўвае штогод, – расказала загадчыца аддзялення для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра Аксана Свірская. – Выхаванцы рыхтуюцца да яго і з задавальненнем удзельнічаюць ва ўсіх спартыўных выпрабаваннях. На жаль, сёлета ўдзельнікаў сабралася няшмат. Напэўна, перашкодзіў мароз. Аднак гэта не перашкодзіла нам пабегаць, прадэманстраваць жаданне да перамогі і добра правесці час.
Усе ўдзельнікі “Вясёлых стартаў” былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі, якія юнакам і дзяўчатам уручылі намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Марыя Максімава і дырэктар ФСК Валяр’ян Валадзько.