Футбольная акадэмія аб’яўляе набор у Астраўцы

13:45 / 23.02.2018
Аляксандра Кушнера, таленавітага трэнера юных футбалістаў, добра ведаюць у суседніх Ашмянах: на працягу пяці гадоў ён займаецца з дзецьмі футболам. Створаная ім першая ў рэгіёне і адна з першых у нашай краіне прыватная футбольная школа “Нёман” перарасла ў футбольную акадэмію “Fair Play” (у перакладзе з англійскай мовы – “шчырая гульня”) і пашырыла свае межы: з сакавіка яна прыходзіць ў Астравец, у прыватнасці, у гімназію №1.
З гэтай нагоды мы пагутарылі з Аляксандрам, каб даведацца, што гэта такое - “Fair Play”і чаго чакаць з адкрыццём філіяла футбольнай акадэміі у нашым раёне юным і дарослым аматарам “гульні №1”.

Кушнер.jpg

– Футбольная акадэмія – гэта гучыць… А што хаваецца за незразумелай англійскай назвай?

Адкрыццё ў Астраўцы першага філіяла футбольнай акадэміі Fair Play – гэта ўнікальны праект: яна будзе працаваць як філіял Акадэміі Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». Ён ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва АБФФ і гімназіі № 1 г. Астраўца.

Футбольная акадэмія Fair Play здолела на працягу больш чым пяці гадоў сумеснай працы ўсталяваць сапраўдныя партнёрскія адносіны з галоўнай футбольнай структурай нашай краіны – АБФФ. Гэтае парт­нёрства з’яўляецца для нас вельмі істотным фактарам.

Чаму для адкрыцця першага філіяла быў абраны менавіта Астравец? Тут шмат дзяцей, якія жадаюць займацца футболам, але не маюць для гэтага магчымасці. Бацькі нават прывозілі іх на трэніроўкі ў Ашмяны. А цяпер дзеці змогуць трэніравацца ў цудоўнай спартыўнай зале гімназіі № 1 у Астраўцы.

Чаму было прынята рашэнне аб перайменаванні прыватнай футбольнай школы «Нёман» у футбольную акадэмію Fair Play?

– Слоган Fair Play вядомы кожнаму, хто цікавіцца спортам. Гэта даволі аб’ёмнае паняцце, яно не абмяжоўваецца толькі шчырай гульнёй (менавіта так перакладаецца выраз «fair play» з англійскай мовы) і падпарадкаваннем правілам футбола. Fair Play азначае павагу да партнёраў па камандзе, да сапернікаў, да ўсіх аматараў футболу, годныя паводзіны на футбольным полі незалежна ад выніку гульні.

Адной з мэтаў нашай футбольнай акадэміі з’яўляецца навучанне дзяцей і падлеткаў прынцыпам Fair Play не толькі на футбольным полі, але і па-за яго межамі.

Футбол -- КУшнер.jpg

– Дзяцей якога ўзросту вы набіраеце ў падрыхтоўчыя групы?

– На цяперашні момант у наборы ўзроставыя катэгорыі 2007, 2008-09, 2010-11, 2012-13, 2014-15 гадоў нараджэння.

– Ведаем, што вы маеце вялікі вопыт трэнерскай дзейнасці, які ўдасканальвалі ў тым ліку і за мяжой, у Германіі. А якіх асноўных прынцыпаў работы з дзецьмі вы прытрымліваецеся?

Таленавітым і мэтанакіраваным мы даём магчымасць паспрабаваць свае сілы ў прафесійных футбольных клубах. Але і для тых, хто не імкнецца зрабіць кар'еру прафесійнага футбаліста, трэніроўкі не стануць змарнаваным часам. Лепшае, што ёсць у дзіцячым футболе, – гэта не знясільваючая гонка за вынікам і сілай, а карыснае захап­ленне дзіцяці, якое паляпшае яго здароўе, фарміруе характар і дазваляе знайсці сапраўдных сяброў. 

У футбольнай акадэміі навучальны працэс арганізаваны такім чынам, каб дзіця з задавальненнем наведвала трэніроўкі. Наша місія – прывіць захапленне футболам, якое паспрыяе гарманічнаму развіццю ў маральным і фізічным плане, а таксама паўплывае на выхаванне паўнавартасных, усебакова развітых асоб, якія будуць адаптаваныя да жыцця, – і не толькі ў футболе! У Fair Play адсутнічае адбор – мы даём магчымасць кожнаму праявіць сябе, звяртаем ўвагу найперш на атрыманне задавальнення ад трэніровак і спаборніцтваў, на паступовасць у развіцці футбольнага майстэрства нашых выхаванцаў, а не на імгненнае дасягненне вынікаў. 

Прывёўшы сваё дзіця ў футбольную акадэмію Fair Play, бацькі могуць быць упэўнены, што яно – у надзейных руках, і мы прыкладзём максімум намаганняў для ажыццяўлення яго футбольных мараў!

Дарэчы, у футбольную акадэмію прымаюцца не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі: жаночы футбол – ужо даўно не дзіва і не нешта экстраардынарнае.

А вось пра дэталі работы, а таксама пра прыемныя нечаканасці і перспектывы для дзяцей, якія далучацца да нашай каманды, мы працягнем свой расповед у наступных нумарах «Астравецкай праўды».

Больш падрабязна пазнаёміцца з дзейнасцю футбольнай акадэміі можна на нашым сайце www.ostrovets.by.

– Дзякуй за гутарку. Спа­дзяюся, што яна – не апошняя, і ў журналістаў «Астравецкай праўды» будзе яшчэ нямала нагод сустрэцца з вамі і вашымі выхаванцамі.

– Я таксама на гэта спадзяюся!

Гутарыла Ніна АЛЯКСЕЕВА

 

Текст: Главный администратор