Родам з СССР: Толькі баязлівец не гуляў у хакей

08:51 / 20.02.2018

Самым папулярным відам спорту ў маім школьным дзяцінстве быў хакей. Такое захапленне было звязана з перамогамі каманды ЦСКА на розных спаборніцтвах – увесь савецкі народ ганарыўся гэтымі праслаўленымі хакеістамі Уладзіславам Траццяком, Валерыем Харламавым, Барысам Міхайлавым і іх таварышамі. Яны былі кумірамі не толькі дарослых, але і нас, дзяцей 70-х.

7539599.jpg

Клас наш быў вялікі – 33 вучні. І ўсе – хакейныя фанаты, хоць гэтага слова мы тады не ведалі.

Мы глядзелі ўсе гульні, якія па­казвалі па телевізары, а потым абмяркоўвалі іх, дзяліліся ўра­жаннямі.

У кожнага з нас быў свой хакеіст – яго вызначаў парадкавы нумар у класным журнале насупраць прозвішча вучня, які супадаў з нумарам  лядовага іграка каманды ЦСКА. І  героямі дня станавіліся тыя, «чые» хакеісты забівалі галы.

Мы выразалі фотаздымкі ігракоў з газет і часопісаў і клеілі іх у альбомы, насілі выразкі ў школу, каб абмяняцца з аднакласнікамі.

Старшакласнікі кожную зіму расчышчалі на возеры хакейную пляцоўку, устанаўлівалі вароты. У выхадныя  ў нас праходзілі лядовыя баталіі. У хакей гулялі ўсе, нават дзяўчынкі. А вось сапраўдныя клюшкі мелі толькі старэйшыя  хлопцы. Як мы з сястрой прасілі, каб  тата купіў нам клюшкі! Бацька адмовіў: сорамна дзяўчынкам клюшкі купляць!  Але ён зрабіў іх сам. А вось канькі купіў! Праўда, іх даводзілася прывязваць да абутку – але гэта былі ўжо дробязі.

Мяне часта ставілі на вароты. Клюшак не хапала нават для ігракоў, таму варатар стаяў з лапатай, якой чысцілі снег.
Вось такія хакейныя «фанклубы» і «абмундзіраванне» былі ў нашых 70-х!

Алена КАСЦЮК, аг. Малі.



Текст: Главный администратор