Чаго не хапае Астраўцу? На пытанне адказваюць жыхары горада

12:19 / 19.02.2018
2
Беларускі класік Уладзімір Караткевіч называў Астравец маленькім астраўком сваёй зямлі, домам друга, другім сэрцам. Старажытны і адначасова сучасны наш горад расце і развіваецца. Складана паверыць, але cёлета Астраўцу спаўняецца  550 гадоў. 
Мы пацікавіліся ў гараджан, які падарунак будзе самым лепшым для горада і яго жыхароў з гэтай нагоды?

Дарына Маргуш, вучаніца гімназіі №1 г. Астраўца:

Маргуш.jpg

– Мару, каб у Астраўцы адкрыўся басейн! У нас можна займацца лёгкай атлетыкай, боксам, барацьбой – а вось плаваннем нельга. А я вельмі люблю плаваць. Разам з бацькамі некалькі разоў ездзіла ў аквапарк ў Маладзечна і на Чорнае мора ў Грузію. 

Лілія Вацлаваўна Роцкая, санітарка Астравецкай ЦРБ:

Роцкая.jpg

– Хочацца, каб наш горад і надалей працвітаў. Колькі станоўчых змен адбылося за апошнія гады! У часы майго дзяцінства Астравец быў зусім іншым: у цэнтры горада амаль нічога не было, на месцы магазіна «Цэнтральны» быў «Гастраном», пры ім стаяў невялікі шапік, дзе прадавалі марожанае, было медыцынскае вучылішча – і ўсё. А зараз! Новыя мікрараёны выраслі як грыбы пасля дажджу, працягваецца будаўніцтва школы, садка, бальніцы. Раней хадзіла прымаўка, што Астравец – свету канец і маладыя спецыялісты з неахвотай ехалі сюды на працу па размеркаванні, а цяпер наш горад – перспектыўны, тут шмат моладзі.

Канстанцін Лявонавіч Грышанін, часова беспрацоўны (без фота):
– Для Астраўца, як і для гараджан, найлепшым падарункам былі б новыя працоўныя месцы. Хацелася б, каб у нашым горадзе нарэшце з’явілася сваё прадпрыемства па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, штосьці як у суседзяў: у Ашмянах – мясакамбінат, у Смаргоні – малочны завод. А ў Астраўцы? Прыбыткова, думаю, было б развіваць дрэваапрацоўку.

Ніна Васільеўна Ціток, хатняя гаспадыня:

Ціток.jpg

– Адным з лепшых падарункаў для гараджан стаў бы гіпер­маркет, у якім можна было б набыць усё неабходнае. Карыстаемся «Е-дастаўкай», набываем прадукты ў бліжэйшым з домам магазіне. А вось за больш значнымі пакупкамі, асабліва за адзеннем і абуткам, едзем ў Маладзечна ці Мінск. 
Мне здаецца, што нам яшчэ не хапае забаўляльнага цэнтра, куды можна было б схадзіць з дзіцем любога ўзросту, і басейна, дзе здаровыя людзі маглі б займацца плаваннем, а хворыя – праходзілі б рэабілітацыю.

Максім Сініца, вучань СШ №1 г. Астраўца:

Сініца.jpg

– Класна было, каб у Астраўцы пабудавалі Лядовы палац!  Тады б круглы год можна было б займацца хакеем, а не толькі зімой. У Маладзечна ездзіць далёка. Хакеем займаюся каля года і люблю гэты від спорту, дзякуючы нашаму трэнеру Аляксандру Камінскаму. 
У Астраўцы яшчэ не хапае гандлёва-забаўляльнага комплекса з кафэшкамі, гандлёвымі павільёнамі і пляцоўкамі для дзяцей.

Текст:
Фото: Алена Гануліч