Сямейныя пары Астраўца расказалі пра гісторыі школьнага кахання

16:33 / 14.02.2018
4679
Хтосьці сустрэў сваё каханне ў цягніку, хтосьці – на вуліцы, кагосьці пазнаёмілі сябры… А іх лёс пачынаў зводзіць яшчэ са школы: каго «пад­во­дзіў» неўпрыкмет, каго пасадзіў за адну парту, а іншых – сутыкнуў ілбамі… Словам, знаёмства, няхай і мімалётнае, пачыналася там, у школе.

За сябе – і за таго хлопца

Марына і Васіль Казачэнкі.jpg

Марына і Васіль Казачэнкі з 8 класа вучыліся разам у астравецкай сярэдняй школе №1. 

– Мы сядзелі за рознымі партамі, – успамінае Марына. – Але Вася час­та звяртаўся да мяне за дапамогай. Я не адмаўляла – чаму б і не дапамагчы аднакласніку? Часам пісала сачыненне сабе, а потым – яму. (Смяецца)

Пра сімпатыі хлопца Марына пачала здагадвацца, калі яны вучыліся ў 10 класе. Васіль «трымаўся» доўга, і толькі ў апошні школьны год дзяўчына дачакалася прапановы сустракацца.

Адгрымеў выпускны баль, яны раз’еха­ліся вучыцца па розных гарадах – але каханне не патухла, яно стала разгарацца з яшчэ большай сілай.

– Вася заляцаўся прыгожа: дарыў кветкі, рабіў падарункі, запрашаў у кафэ. Спатканні былі нячастымі, а таму вельмі доўгачаканымі, – расказвае Марына. – Пасля чацвёртага курса, у 2007 годзе, мы ажаніліся, а  жыць разам сталі толькі пасля вучобы.

– Я вельмі шчаслівы, што юнацкая закаханасць перарасла ў больш моцнае пачуццё, дзякуючы якому і з’явілася наша моцная і дружная сям’я, – усміхаючыся, дадае Васіль. 

У Казачэнкаў падрастаюць сынок  Глеб і дачушка Ніка.

Хто каго чубіць...

Наталля і Сяргей Зімніцкія.jpg

– Мы вучыліся ў другой школе тады яшчэ гарадскога пасёлка Астравец у адным класе, – пачынае размову Наталля Зімніцкая. – Я на Сяргея яшчэ ў пачатковых класах звярнула ўвагу. (Смяецца)

Сімпатыя Наталлі спачатку да хлапчука, а потым да юнака Сяргея не знікала аж да канца вучобы. Спачатку хлопчык аказваў Наташы не вельмі радасныя «знакі ўвагі»: то за коску дзергане, то штурхане – словам, паводзіў сябе, як і ўсе «кавалеры» ў дзяцінстве. Пасталеўшы ды паразумнеўшы, стаў з сябрамі – адзін саромеўся – прыязджаць на Наташыну вуліцу, пазней – са школьнай дыскатэкі праводзіць. І неяк само па сабе яны сталі «сябраваць». 

– Ні ён, ні я не гаварылі пра каханне. Так атрымалася, што мы сустракаемся – усе пра гэта ведалі, навошта лішнія словы? – успамінае Наталля. – І на выпускным мы ішлі ў пары з Сяргеем. Гэта была яго ініцыятыва, а я не працівілася.

Дарэчы, як некалі ў юнацтве яны зразумелі свае пачуцці без слоў, так і цяпер «чытаюць» адзін аднаго з паўпозірка. І інтарэсы ў іх нават аднолькавыя: рыбалка і выезды на прыроду – ім добра разам. Дружна вырашаюць усе пытанні і праблемы і аптымістычна глядзяць наперад, нават калі штосьці не атрымліваецца.

– Мы сустракаліся пяць гадоў, – дзеліцца Наталля. – Спачатку я мела моду не пад настрой абурыцца на Сяргея і выправіць яго дахаты. Ён, можа, і крыўдаваў часам, але ўсё роўна назаўтра прыходзіў і чакаў, калі я выйду. За ўвесь час нашых спатканняў мы ні разу з ім не расставаліся. Калі Сяргей пайшоў у армію, мне з сяброўкамі не хацелася ісці ні ў кіно, ні на танцы – я знаходзіла чым заняцца ў хаце, шмат чытала.

Сяргей заўсёды быў і ёсць для Наталлі, а цяпер і для іх дачкі Марыі, анёлам-ахоўнікам. 

У 1999 годзе яны пажанілася. 

– Сяргей тады ўжо працаваў, я вучылася на пятым курсе ўніверсітэта, – расказвае Наташа. – Можа, трэба было б і пачакаць, пакуль не скончу, але ж надыходзіў вісакосны год!.. (Смяецца) У той год шмат суседскіх дзяўчат павыходзіла замуж – не хацелі адкладваць на 2000-ы.

Смачныя былі шашлыкі!..

Оксана и сергей Миклисы.jpg

 Аксана і Сяргей Міклісы вучыліся ў астравецкай сярэдняй школе №2 ў адной паралелі. 

– Я вучылася ў «Б» класе, а Сяргей – у «А», – расказвае Аксана. – Ніякіх пачуццяў у школьныя гады ў нас не было. Ведала, што ёсць такі хлопчык, ды і ўсё. (Смяецца)

Сяргей пасля дзевяці класаў паехаў вучыцца ў Мала­дзечна, Аксана, скончыўшы адзінаццаць, – у Мінск. Але і тут лёс падштурхоўваў юнака і дзяўчыну адзін да аднаго: яны часта ездзілі на вучобу на адным цягніку і нават у адным вагоне.

– Неяк на свяце 9 Мая мы з сяброўкай сустрэлі яе хлопца, а ён быў разам з Сяргеем, – успамінае Аксана. – Яны нас запрасілі на шашлыкі. Так вось усё і пачалося. 

Дарэчы, цяпер для сям’і Мікліс гэта сямейная традыцыя: на Дзень Перамогі ладзіць пікнік – абавязкова з шашлыкамі.

– Тады, на шашлыках, я ўжо зразумеў, што знайшоў сваю палавінку, – смяецца Сяргей. – Але Аксана яшчэ аб гэтым не здагадвалася…

Пасля гэтага пікніка прайшло паўгода. Хлопец з дзяўчынай не падтрымлівалі ніякіх стасункаў. Ды Аксана трапіла ў бальніцу – і для яе было неспадзяванкай, калі Сяргей прыйшоў яе адведаць.

– Фрукты прынёс, – кажа Аксана. – Я, па шчырасці, не зразумела: чаго гэта ён завітаў?

Аднак менавіта з гэтай пары хлопец дзейнічаў рашуча – дзяўчына яму запала ў сэрца. І Аксана праз нейкі час адказала ўзаемнасцю. 

– Я ўжо скончыла ўніверсітэт. Памятаю, як Сяргей упершыню прыйшоў да мяне дахаты – гэта было першае афіцыйнае спатканне, – расказвае Аксана. – Прынёс ці то салатавую, ці то зялёную – вельмі экзатычную! – ружу…

Хлопец умеў здзіўляць сюрпрызамі не толькі каханую, а нават і яе бацькоў. Аднойчы пад Новы год Сяргей адправіў да Аксаны Дзеда Мароза з падарункам – мяккай цацкай, але дзяўчыны дома не было. Затое як здзівіўся яе бацька, калі Дзед Мароз спытаў пра дзяўчынку Аксану!

– Думаю, калі б я на той момант была дома – дзіву даўся б і сам Дзед Мароз, убачыўшы 23-гадовую дзяўчынку, – смяецца Аксана. 

Маладыя людзі сустракаліся два гады. І ў 2003 годзе па­жаніліся.

– Для  аднакласнікаў наша вяселле чамусьці было вялікім здзіўленнем, – успамінае Аксана. – Мы вельмі шчаслівыя ў шлюбе.

У Аксаны і Сяргея падрастаюць дачка Яна і сын Мацвей.


Трэба браць!

Диканчуки.jpg

– Упершыню мы ўбачыліся ў сёмым класе, – расказвае Таццяна Дзіканчук. – Чацвёртага верасня. Урок матэматыкі. Адчыняюцца дзверы – і ў клас уваходзіць навічок, чарнавалосы, з карымі вачыма, у чырвонай кашулі з чорным каўнерам, – гэта быў Дзіма. А ў мяне адразу ў галаве: о божа, які мужчына!

Таня з Дзімам вучыліся разам нядоўга: у тым жа годзе дзяўчынку перавялі ў клас з паглыбленым вывучэннем фізікі. Але у восьмым Таццяна вярнулася назад, у свой ранейшы клас. І вось тады, Дзіма «ўбачыў» яе – і стаў прыгожа скараць заляцаннямі: то са школы дадому правядзе, то сумку паднясе, неўпрыкмет паклаўшы туды «Снікерс». Таня  такую ўвагу прымала – і адказвала ўзаемнасцю: спісваць давала і дапамагала адказваць на ўроках, шэптам прагаворваючы правільныя адказы Дзіму, які сядзеў перад ёй.

– Таня была вельмі сур’ёзнай, і вучылася яна на выдатна, – падключаецца да размовы Дзмітрый. – У яе ўсе хлопчыкі спісвалі. (Смяецца) І калі да іншых дзяўчынак мы звярталіся па прозвішчы, то яе называлі Танюха. 

Пасля дзявятага класа яны паступілі вучыцца: ён – у Мала­дзечна, а яна – у Ліду. 

– Бюджэт у мяне быў строга акрэслены, – успамінае Дзіма. – Але ж хацелася і Тані які-небудзь падарунак прыкупіць. Помню, хацеў ёй падарыць вялікага мядзведзя на 8 Сакавіка, дык усю стыпендыю адкладваў. І купіў – ажно два мядзведзі – вялікага мяккага і шакаладнага.

Праз год Таня з Дзімам рассталіся. Хлопец пайшоў у армію, і яны не падтрымлівалі ніякіх стасункаў. А калі яму заставалася «сто дзён да загаду», ён прыслаў дзяўчыне ліст, у якім на адарваным аркушыку было «пазначана», што хутка Дзіма вернецца з арміі.

– Так я пачынаў наша другое знаёмства, – кажа Дзмітрый. – Проста зразумеў, што не магу без Тані.

– Пасля прыходу з арміі Дзіма ўладкаваўся на працу ў ДРБУ, – пяшчотна ўсміхаючыся, малюе карціну спаткання Таццяна. – І прыйшло маё шчасце віншаваць мяне з 8 Сакавіка «па форме»: у кірзавых ботах, ярка-аранжавым жылеце і букецікам пралесак, перавязаных чырвонай будаўнічай стужкай, у руцэ.

Ну як тут можна было не растаць? Таня з Дзімам зноў пачалі сустракацца. 

– А потым жонка мне паставіла ўмову: калі ты мне не зробіш прапановы рукі і сэрца, я табе сама яе зраблю! – смяецца Дзмітрый. – Я спалохаўся: думаю, трэба браць!

Так Таня і Дзіма ў 1999 годзе сталі мужам і жонкай. У іх агульныя інтарэсы: яны любяць вандраваць, па магчымасці пешшу, займаюцца спортам – нядаўна «асвоілі» канькі. Яны нават працуюць разам. І гадуюць двух сыноў – Мікіту і Арсенія.

З-за адной парты

Мазырки.jpg

 Таццяна і Валянцін Мазыркі вучыліся ў Трокеніцкай базавай школе ў адным класе ўсе дзевяць гадоў. У пачатковых класах нават сядзелі за адной партай. Па словах іх першай настаўніцы, Валянцін ужо тады з Тані ўсе пылінкі здуваў.

– З урокамі ці дамашнімі заданнямі мы адзін аднаму не дапамагалі – патрэбы такой не ўзнікала, – успамінае школьныя гады Таццяна. – А вось сімпатыя ў нас была. Мы заўсёды віншавалі адзін аднаго са святамі, разам ездзілі на экскурсіі. (Усміхаецца)

Аднак, магчыма, з-за сарам­лівасці ці, можа, з-за няўпэў­ненасці ў тых пачуццях, якія іскрынкамі ў вачах час ад часу праляталі паміж хлопцам і дзяўчынай, да прызнанняў і сустрэч у школьную пару справа не дайшла.

Калі Таня і Валік скончылі дзевяць класаў, іх шляхі разышліся.

Узнавілі стасункі маладыя людзі толькі праз некалькі гадоў: Валянцін запрасіў былую аднакласніцу, на той час ужо студэнтку, на провады – ён ішоў у армію.

– Я часта ўспамінаў Таню, калі пераглядваў у арміі фотаздымкі з провадаў, –  расказвае мужчына. – Час ад часу тэлефанаваў ёй.

Адслужыўшы, юнак вярнуўся дамоў. Але да дзяўчыны, да якой ужо даўно імкнулася яго сэрца, завітаў у госці толькі праз год, ды і то з сябрам. Толькі цяпер Валянцін ужо не губляўся: прапанаваў любай сустракацца. 

– Дарыў мне кветкі, мы разам з сябрамі едзілі на пікнікі, – расказвае пра «букетна-цукерную» пару Таццяна.

Праз год яны вырашылі пажаніцца. Так у 2010-м нарадзілася сям’я Таццяны і Валянціна Мазыркаў. 
Пазней яна папоўнілася дзвюма цудоўнымі дзяўчушкамі-пястушкамі – Ксеніяй і Валерыяй.


Фота з сямейных архіваў герояў.


Текст: Рита Дремо
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений