Молодые специалисты: ожидание и реальность

11:44 / 13.02.2018
Штогод працоўныя калектывы Астравеччыны папаўняюцца «навабранцамі»: актыўнымі, ініцыятыўнымі, часам наіўнымі, але са свежым поглядам маладымі спецыялістамі. Яны ўжо прайшлі адаптацыю і ўліліся ў працоўнае жыццё. А вось якімі былі першыя крокі ў самастойную і працоўную дзейнасць? Пра гэта мы запыталі ў прадстаўнікоў маладога папаўнення.

Арцём Вяржынскі, інжынер КСУП «Гервяты»:

Арцём Вяржынскі.jpg

– Я, што называецца, трапіў з карабля на баль: прыйшоў на працу – і якраз уборка пачалася. Пагэтаму часу на адаптацыю і ўніканне ў сутнасць справы не было. Але нічога, баявое хрышчэнне вытрымаў. (Усміхаецца) Дзякуй старэйшым калегам – вучылі, падказвалі, дапамагалі. 

Калектыў у нас дружны і зладжаны – сваіх у бядзе не кінуць. Словам, працоўная дзейнасць распачалася нармальна. Тым больш што ў сельскай гаспадарцы я не навічок: бацька працуе механізатарам, і я з дзяцінства калясіў разам з ім па гервяцкіх палетках. Тады ж і будучую прафесію вырашыў з ёй звязаць. Пакуль што мяне ўсё задавальняе.

Аксана Кіндзер, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2:

Аксана Кіндзер.jpg



– Спачатку было вельмі страшна. Класнае кіраўніцтва, адказнасць за кабінет беларускай мовы і літаратуры, факультатывы, урокі – ад усіх гэтых жахлівых слоў, якія вызначалі маю бліжэйшыю будучыню, шчыра кажучы, галава ішла кругам. Здавалася, што я проста не ў стане з усім гэтым справіцца. Але прайшоў час – я прывыкла да дзяцей, пазнаёмілася з іх бацькамі, з якімі мы адразу знайшлі паразуменне. І калі б зараз ад мяне забралі мой клас – не ведаю, як бы гэта перажыла.

Я да гэтых дзяцей так прывыкла, што без іх ужо я – не я. 
Акрамя гэтага, лічу, мне пашанцавала з калектывам і адміністрацыяй школы: з якім пытаннем ці праблемай я не звярнуся, ведаю, што мяне пачуюць і дапамогуць.

Мікіта Сямашка, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Астравецкага РАНС:

Семашко.jpg



– Пасля заканчэння ўніверсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях я вярнуўся працаваць на родную Астравеччыну. У раённым аддзеле МНС прынялі добра – калектыў у нас малады і дружны.

Канешне, не ўсё адразу атрымлі­валася, але паступова ўвайшоў у курс справы. Спачатку думаў, што буду выязджаць на пажары, але ў выніку трапіў у інспекцыю – і не шкадую. Стасункі з людзьмі, дазнанне па надзвычайных сітуацыях, прафілактыка – усё гэта цікавая і патрэбная работа. 

Вікторыя Талуць, настаўнік фартэпіяна Варнянскага філіяла Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў:

Вікторыя Талуць.jpg

– Шчыра кажучы, працоўная дзейнасць пачалася не вельмі ўдала. Пасля заканчэння Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа мяне размеркавалі ў Варнянскі філіял школы мастацтваў. Вучыцца ў каледжы мне падабалася, а вось пра работу настаўніка гэтага сказаць не магу: пасля некалькіх месяцаў зразумела, што гэта – не для мяне. На жаль, рэчаіснасць не апраўдала спадзяванні. Я люблю іграць на фартэпіяна – але для сябе, па поклічу душы. А вось педагогам сябе не бачу. У далейшым хачу змяніць прафесію. Напэўна, я проста яшчэ ў пошуках сябе.

Павел Сідаровіч, памочнік ляснічага Кямелішкаўскага лясніцтва: 

Павел Сідаровіч.jpg

– Спачатку было складана: усё ж практыка вельмі адрозніваецца ад тэорыі. Доб­ра памятаю свой першы працоўны дзень: пазнаёміўся з ляснічым, калектывам – а што далей? Пакуль разабраўся з абавязкамі, унік у сутнасць справы, прайшоў час. Хутчэй адаптавацца парадай і ўласным прыкладам дапамог наш вопытны майстар Адам Георгіевіч Едка. Астатнія калегі таксама падтрымлівалі. Паступова асвойваю сакрэты прафесіі. Яна мне падабаецца – з дзяцінства марыў ахоўваць прыроду і прымнажаць лясныя багацці. 




Текст: