Секрет успеха кемелишковских «Искорок»

09:34 / 29.01.2018
Аднойчы яны ўспыхнулі маленькай нясмелай іск­рын­­кай на творчым небасхіле Астравеччыны. Дзякуючы стараннасці і мэтанакіраванасці, разгараліся, станавіліся ўсё больш яркімі – і неўзабаве пера­ўтварыліся ў прыгожае зладжанае полымя грацыі, пластыкі і таленту. Яны неаднойчы пакаралі танцавальны алімп, але спыняцца не збіраюцца, бо вядзе іх наперад няўрымслівы, энергічны і крэатыўны «агеньчык».

Размова ідзе пра харэагра­фічны калектыў «Іскрын­­кі» Кя­­мелішкаўскага філіяла Аст­ра­вецкай дзіцячай школы мас­тацтваў, кіраўніком якога з’яў­ляецца Таццяна Смір­нова. З ёй мы і сустрэліся, каб даведац­ца, як атрымалася сабраць, аб’яднаць, раскрыць столькі юных талентаў і прывесці іх да перамог. 

IMG_2674.jpg

– «Іскрынкі» з’явіліся раптоўна ці былі прадуманным і запланаваным загадзя праектам? 
– Скажам так: гэта быў збег абставін. Так атрымалася, што пасля настаўніцкай дзейнасці ў Рытанскай школе я прыйшла працаваць харэографам у Кямелішкаўскую музычную школу. Любая работа патрабуе дэманстрацыі яе вынікаў. У нашым выпадку – гэта ўдзел у конкурсах і мерапрыемствах. Заўсёды  прыгожа і відовішчна на сцэне глядзяцца групавыя танцавальныя нумары. Таму я вырашыла сваіх вучняў навучыць танцаваць. Вось так і ўзнік наш калектыў юных «іскрынак».

DSC06973.jpg

– Чаму менавіта «Іскрынкі»?
– Сур’ёзна задумалася, як назваць калектыў, падчас падрыхтоўкі да першага конкурсу. Ну не пісаць жа ў заяўцы на ўдзел «4 «А» клас». Хацелася, каб назва была прыгожай, арыгінальнай і ў той жа час – простай і шчырай. У памяці сама сабой узнікла карціна: у кабінеце англійскай мовы Рытанскай школы вісеў стэнд аднаго са школьных атрадаў, які называўся «Іскрынкі», – яркі, маляўнічы, пазітыўны. Наз­ва мілагучная, за­пальваючая, прыгожа гучыць па-беларуску. Словам, я вырашыла менавіта так назваць наш танцавальны калектыў. Тым больш што назва стымулюе «запальваць» на сцэне і пакараць вяршыні. 

IMG_7711.jpg

– Вы працавалі ў школе. Што пры­мусіла змяніць месца ля дошкі на танцавальны станок?
– Гэта быў доўгі шлях і складаны выбар – але, па-сутнасці, прафесіі я не здрадзіла: засталася педагогам – змянілася толькі сфера выкладання. Можна сказаць, што ў нашай сям’і Шоцік (дзявочае прозвішча Таццяны) вырасла дынастыя настаўнікаў: дзве старэйшыя сястры пасля 9-га класа Варнянскай сярэдняй школы паступілі ў Лідскі педагагічны каледж, туды ж пайшла вучыцца і я. Адрозніваемся мы толькі спецыялізацыяй – я выбрала харэаграфію. Чаму? Сяброўка ўгаварыла. Хоць я ніколі не лічыла сябе асабліва пластычнай, паспрабавала прайсці на харэаграфію – атрымалася. 

IMG_2682.jpg

Пасля каледжа завочна па­ступіла на факультэт замежных моў – мне прапанавалі весці англійскую ў Рытанскай школе. Там жа, у Рытані, пачалася і мая дзейнасць харэографа – дзеці вельмі хацелі танцаваць, і мы вырашылі арганізаваць гурток. Запісалася шмат жадаючых, частка адсеялася, але чалавек 10-15 хадзілі. Ім вельмі падаба­лася танцаваць. Памятаю: 25 мая, апошні званок, а старшакласнікі цікавяцца, ці будуць сёння заняткі ў гуртку. Пытаюся: а вы хочаце? І дружнае «канешне» ў адказ. Вось такія ў мяне былі танцоры! Дарэчы, Руслан Юргелянец – адзін з іх. Прыемна, калі і цяпер да мяне падыходзяць былыя выпускнікі, іх бацькі і дзякуюць. Такія моманты – самыя каштоўныя. Напэўна, гэта адна з асноўных прычын, чаму змяніла агульнаадукацыйную школу на музычную.
Канешне, прыйшлося пачынаць усё спачатку: новая праца, калектыў, атрыманне другой вышэйшай адукацыі, але я ні разу не пашкадавала. І цяпер зрабіла б такі выбар.

DSC07056.jpg

– Харэаграфічны калектыў з аддаленага ад горада філіяла музычнай школы раз за разам пакарае танцавальны алімп. У чым сакрэт поспеху?
– Ніколі не здавацца! Памятаю, як першы раз паехала з дзецьмі на рэспубліканскі конкурс. Калі ўбачыла ўзровень іншых удзельнікаў, зразумела, што нам няма чаго «лавіць» – іх падрыхтоўка, тэхніка, выступленні здаваліся за­во­б­лач­­нымі і недасягальнымі. Але ў любой справе галоўнае – жаданне, стараннасць і праца. Пачынаць танцаваць трэба з ранняга ўзросту, таму ў нас ёсць эстэтычны клас, куды прыходзяць дзеці з садка. Канешне, з імі складана – затое на наступны год мы ўжо можам рыхтаваць танцавальныя нумары. Таленавітых дзяцей у нас шмат. А калі ў іх вачах зіхацяць іскрынкі ад захаплення танцамі – ну як тут не заваёўваць дыпломы? (Усміхаецца)

DSC06892.jpg

– А вы атрымліваеце задавальненне ад танцаў? 
– Я люблю танцаваць, але па натуры – хутчэй педагог. Мне падабаецца вучыць, а яшчэ – вучыцца і ўдасканальвацца. Нават натхненне чэрпаю з самаразвіцця. Чытаю спецыяльную літаратуру, гляджу відэа, затым нешта новае прыдумваю і ў нумар дабаўляю. Дарэчы, дзякуючы танцам, я і сама многаму навучылася – кройцы і шыццю, напрыклад. Падглядзела ў інтэрнэце, паспрабавала – і пайшло. Памятаю, за два тыдні пашыла сцэнічныя касцюмы ўсёй групе – а іх дванаццаць чалавек. Сапраўды, пры неабходнасці ў чалавека адкрываюцца звыш­магчымасці. 

DSC07069.jpg

У мяне ёсць надзейныя людзі, якія заўсёды дапамогуць і словам, і справай. Хачу падзякаваць бацькам маіх вучняў, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці калектыва. Асобнае дзякуй – Віялеце Чаславаўне Свіле. 
– Спадзяюся, «Іскрынкі» толь­кі пачынаюць разгарацца. Што ў планах?
– Задумак шмат, хапіла б толькі часу. Плануем удасканальваць тэхнічнае і вы­канаўчае майстэрства, а таксама ставіць новыя цікавыя нумары: танцы розных народаў, бальныя, гісторыка-бытавыя, эстрадныя. Хутка замахнёмся і на сучасныя на­кірункі. Мару, каб «Іскрынкі» атрымалі званне ўзорнага калектыву. Канешне, гэта патрабуе сур’ёзнай патрыхтоўкі, сіл і часу. Але мне пашанцавала: у любых пачынаннях мяне заўсёды падтрымлівае муж – а гэта ўжо палова поспеху. 

DSC01581.jpg


Фота аўтара і з архіва Т. Смірновай.


Текст: