Ніхто не забыты

07:45 / 24.06.2010

Шэсцьдзесят дзевяць гадоў назад тысячы варожых куль пасыпаліся чорным дажджом і скаланулі мірнае неба Беларусі – пачалася Вялікая Айчынная вайна. 22 чэрвеня, у дзень смутку і ўсенароднай памяці аб загінуўшых воінах, у Міхалішках прайшоў мітынг каля помніка лётчыкам і авіятэхнікам Пастаўскай авіяцыйнай школы, што загінулі на Міхалішкаўскім аэрадроме ў першы дзень вайны.


Удзел у мітынгу прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, начальнік раённага аддзела культуры С.Л. Сяўко, першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання БРСМ М. М. Кутовіч, настаўнік гісторыі Міхалішкаўскай школы І.Р. Усціменка і прадстаўнікі маладога пакалення.
Валерый Вацлававіч узгадаў тых, хто самааддана змагаўся за незалежнасць нашай краіны – а гэта каля тысячы жыхароў нашага раёна 290 з якіх загінулі, а 203 чалавекі зніклі без вестак. Прысутныя на мітынгу аддалі даніну памяці і ўшанавалі хвілінай маўчання герояў, якія аддалі жыццё за Вялікую Перамогу. Расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў і аб той рабоце, якая вядзецца, каб забяспечыць ветэранам вайны годнае і камфортнае жыццё, і яшчэ раз звярнуўся да маладога пакалення з заклікам захоўваць памяць аб загінуўшых і ўтрымліваць у належным парадку абеліскі, помнікі, месцы пахавання воінаў Вялікай Айчыннай вайны.
Затым слова ўзяў настаўнік гісторыі, ён жа дырэктар краязнаўчага музея, які створаны пры Міхалішкаўскай школе, І.Р. Усціменка. Ігар Рыгоравіч узгадаў старонкі гісторыі ваенных гадоў на Міхалішкаўскай зямлі, куды вайна прыйшла ў самы першы дзень. І гэтая трагічная дата, калі нямецкія бамбардзіроўшчыкі разграмілі Міхалішкаўскі аэрадром, стала пачаткам вялікіх пакут, разбурэнняў і шматлікіх смерцяў.
Не засталося ў баку і маладое пакаленне. Вучні школы прачыталі вершы і выказалі ўсеагульнае пажаданне, каб дзеці цяперашніх дзяцей і ўнукі ўнукаў ніколі не спазналі жахаў вайны.
А закончыўся мітынг ускладаннем кветак да помніка загінуўшым воінам.


Вольга ШОЎКУН.