Булкі ад Дануты

11:36 / 22.01.2018
4455

Наша газета неаднаразова расказвала пра Школу сельскага бізнесу, што дзейнічае ў Камарове, а таксама пра землякоў, якія атрымалі гранты на развіццё ўласнай справы ў сельскай мясцовасці. Шэраг шчасліўчыкаў нядаўна папоўніла і жыхарка Альхоўкі Данута Віктараўна Гражуль-Гульбінская.

DSC_1378.jpg

 У тэлефоннай размове мы папрасілі пераможцу больш падрабязней расказаць пра свой бізнес-праект і планы на яго далейшую рэалізацыю.

– Кажуць, што самае складае – зрабіць першы крок. Хто або што падштурхнула зрабіць вас яго ў накірунку да сваёй мары і як узнікла ідэя адкрыць міні-кандытарскую ў Альхоўцы?

– Я працую інжынерам па якасці на прадпрыемстве “ЦБК-Кардон”. У вольны час пяку торты, булкі. Пра Школу сельскага бізнесу расказала сястра, Часлава Сідарэвіч, якая займалася там у складзе першага набору. Вырашыла і я паспрабаваць: напісала праект, абараніла – і нечакана для самой сябе атрымала грант. Хоць дзесьці ўнутры я ўсё ж верыла, што мая ідэя вартая таго, каб яе ацанілі. У нашай сям’і да гэтага часу захоўваюцца і зберагаюцца бабуліны рэцэпты, калісьці альхоўскія булкі славіліся на ўсю ваколіцу… Мне хацелася не толькі развіваць свае кандытарскія здольнасці, але і адрадзіць кулінарныя традыцыі нашай вёскі.  

DSC_1352.jpg

– На што плануеце патраціць грант?

– Збіраюся набыць абсталяванне: канвекцыйную печ, якая падтрымлівае аднолькавую тэмпературу па ўсім перыметры, цестамес, халадзільнікі і міксеры. Таксама трэба будзе падабраць памяшканне, дзе будзе размяшчацца кандытарскі цэх. Планую працаваць на заказ і развозіць гатовыя вырабы па Астравецкім раёне, а магчыма, і за яго межы.

DSC_1375.jpg

– Што параіце тым, хто хоча займацца бізнесам у вёсцы?

– Прызнаюся, да канца я яшчэ не асэнсавала, што мой праект атрымаў грант, што давядзецца кардынальна мяняць жыццё і ўсе сродкі, і ўнутраныя сілы прысвячаць міні-кандытарскай. Адна справа спячы торт для сяброўкі ці знаёмаых, іншая – рабіць гэта ў прамысловых маштабах… Не ведаю, што з гэтага атрымаецца, але буду старацца ўвасобіць сваю мару ў жыццё!

Хтосьці з вялікіх сказаў: знайдзіце справу па душы – і працаваць вам ні дня не давядзецца. Раю ўсім ўзяць гэты прынцып на ўзбраенне.

DSC_1324.jpgDSC_1341.jpgDSC_1518.jpg

Текст: Алена Гануліч
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений