Астравец – зімовая казка

10:38 / 11.01.2018
Навагоднія святы падыходзяць да фінішу… Не магу змаўчаць. Словы шчырай падзякі хочацца выказаць жыллёва-камунальнай гаспадарцы за святочна ўпрыгожаны горад і за тое, што падарылі нам чароўную зімовую казку.

IMG_8735.jpg


...Вырываюся з балотнай бабровай зоны сваёй вуліцы. Хутчэй бы спаткацца са святочнай мазаікай, што раскінулася парасонам і накрыла горад! Яна зачароўвае, захапляе астраўчан з сярэдзіны снежня да сярэдзіны студзеня.

Некалькі крокаў – і завулак Набярэжны прывядзе на вуліцу Валадарскага. Абнавілася яна ў гэтыя святы: заззяла цудоўнымі выкрунтасамі і жоўтымі пяцікутнікамі. І панесліся яны па электрычных слупах – аж да Бялькішак, і далей...

Вуліцы Ленінская, Карла Маркса, Кастрычніцкая застылі ў святочным убранні. Рознакаляровыя лямпачкі гірлянд на дрэвах падміргваюць рэдкім мінакам – горад не спіць... 

Да глыбіні душы ўразіла князёўна-ёлка на плошчы. Здалёк бачна яе велічная сіне-белая доўгая сукенка: быццам нашы валошкі і рамонкі ў цудоўным букеце распусціліся тут. 

IMG_6895.jpg



А што значыць для вачэй і душы наш сад «Папараць-кветка» – так я яго называю, – што раскінуўся ў гарадскім скверы, з яго Дубком, Стромгай, Званамі Марыі… Тут на елачках-блізнятах «выспелі» зімовыя яблыкі – сінія, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя – толькі паспявай «ласавацца», убіраць вачамі і душой гэтую прыгажосць.

Стаю на плошчы насупраць упрыгожанага да святаў вузла сувязі. Радуюся, што разумніца-зіма загадзя «накатала» тут ажно дзевяць беласнежных шароў! А можа, гэта вецер прыгнаў сюды пабялелыя ад снегу перакаці-поле? 

Далёка не пра ўсе цуды зімо­вага горада ў мяне атрымалася «распавесці». Лепш выйдзіце познім вечарам на праменад па нашым  Астраўцы… Упэўнена, ад уба­чанай прыгажосці з глыбіні вашага сэрца белакрылай птушкай вырвуцца словы: «Са святамі, шаноўныя астраўчане!» 

…І рэхам адгукнуцца ў застылым паветры. 


Яна ГАЛІНА, г. Астравец.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.



Текст: Главный администратор