Сольскае перамір'е

12:06 / 22.12.2017
1
Сто гадоў таму, 21.11(4.12 па н.ст) 1917 г. прадстаўнікі 3-й, 10-й і 2-й армій рускага Заходняга фронта і ўпаўнаважаныя галоўнага камандавання нямецкай арміі Усходняга фронту ў мястэчку Солы падпісалі «Дагавор аб перамір’і». Дагавор набываў сілу з 12 гадзін 23.11(6.12) 1917 г. на ўсім Заходнім фронце ад мястэчка Відзы да р. Прыпяць, гэта значыць, у межах сучаснай Беларусі. Паводле заключанага перамір’я, на вызначаным участку фронта ў шасцістах пяцідзесяці кіламетрах спыніліся ўсе баявыя дзеянні ўсімі відамі зброі і сродкамі масавага знішчэння, мінныя і сапёрныя работы, паветраныя палёты над пазіцыямі суперніка, пад’ём прывязных аэрастатаў, забаранялася высылка разведчыкаў. Абодва бакі абавязаліся не праводзіць ніякіх падрыхтоўчых работ да наступлення, не перакідваць і перамяшчаць буйныя вайсковыя часці з аднаго фронта на другі.

Kasyno oficerskie-1917 r..jpg


Адзін з пунктаў дагавора дазваляў уваход у нейтральную зону без зброі з ранку і да наступлення цемры. Пры гэтым наступны пункт удакладняў, што пераход нямецкіх салдат за свае драцяныя агароджы не дазваляецца, але для салдат, якія парушылі ўказаны пункт, не могуць быць прыменены гвалтоўныя меры. Таксама ў межах нейтральнай зоны не дазвалялася прадаваць, перадаваць і ўжываць спіртныя напоі. 

Першапачаткова тэрмін Сольскага перамір’я распаўсюджваўся на два месяцы, але страціў сілу 2(15) снежня 1917 года ў сувязі з падпісаннем у Брэст- Літоўску перамір’я на ўсім руска-нямецкім фронце.

Каштоўнай крыніцай пра ход падзеі і атмасферу, якая панавала ў час перамоў, з’ўляюцца ўспаміны непасрэднага ўдзель­ніка, дэлегата 2-й рускай арміі, док­тара Н. Пятрова. З іх можна даведацца, што перамовы прахо­дзілі ў вялікім будынку.  Даўшы свае параўнаўчыя характа­рыстыкі цэнтральным фігу­рам дэлегацый – начальніку Генеральнага штаба 10-й нямецкай арміі генерал-маёру Траўгату Марціну фон Заўберцвайгу і ўпаўнаважанаму рускай дэле­гацыі, салдату Сцяпану Яфімавічу Шчукіну – аўтар падрабязна спыніўся на хо­дзе перамоў. Радок за радком абмяркоўвалася дамова па пунктах, і працягвалася каля 30 гадзін, з некалькімі невялікімі пера­пынкамі. Спрэчкі ў рэзкай, амаль ультыматыўнай форме з нямецкага боку, адбыліся па двух ключавых пытаннях: аб перакідванні войскаў на іншыя франты і аб братанні на пазіцыях – але былі знойдзены фармуліроўкі, якія задаволілі абодва бакі.
У час заключэння перамір’я, па просьбе немцаў, быў зроблены агульны здымак, які з рознымі іншымі фотаздымкамі падзеі пазней быў праз фронт дастаўлены дэлегатам і ўдзельнікам перамоў з рускага боку. Копіі гэтых фотаздымкаў, копіі асабістых дакументаў і біяграфічныя звесткі старшыні дэлегацыі Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта арміі Заходняга фронту С. Шчукіна, іншыя цікавыя экспанаты, прысвечаныя дагавору аб перамір’і, сёння захоўваюцца ў краязнаўчым музеі Сольскай школы.

У гонар знамянальнай падзеі і ў сувязі з 50-годдзем падпісання дагавору ў 1967 годзе на будынку выканкама Сольскага сельсавета была прымацавана мемарыяльная дошка. З нагоды яе ўрачыстага адкрыцця адбыўся мітынг, на якім выступіў дырэктар школы, ветэраны грамадзянскай і Вя­лікай Айчыннай вайны. Не забыта памяць пра перамір’е далёкай вайны і ў 21 стагоддзі: яму прысвечаны адзін з памятных камянёў мемарыяла Першай сусветнай вайны ў Смаргоні. 

Мемарыяльная шыльда на Сольскім сельсавеце.jpg



З кожным годам у інтэрнэт-прасторы з’яўляюцца новыя, невядомыя дагэтуль, матэрыялы, па якіх можна прадоўжыць пошук і ўдакладніць асобныя моманты падзеі. З дапамогай копій фа­таграфій,  якімі падзяліў­ся вядомы калекцыянер і даследчык ваеннага мінулага Ул. Багданаў, сёння можна ўстанавіць месца­знаходжанне сходу «афіцэрскага дома», дзе адбылося заключэнне дагавора аб перамір’і. Ён быў пабудаваны кайзераўцамі побач з чыгуначнай станцыяй «Солы». Каля яе акупанты ўзвялі вялікі ваенны гарадок. Дарэчы, электраэнергія ў яго пастаўлялася з буйнейшай Лошскай электрастанцыі, якую немцы пабудавалі паблізу станцыі «Гудагай». 

Акрамя вузкай каляі паравознага дэпо, шматлікіх вайсковых складоў, тартака, тэлефоннай і метэаралагічнай станцый, лазарэта, якія абслугоўвалі фронт, тут былі пабудовы для адпачынку, у тым ліку ўзгаданы і афіцэрскі клуб. Ён зафіксаваны на фотаздымках парада, прымеркаванага да прыезду кайзера Вільгельма ІІ на пазіцыі ў раён Смаргонь-Крэва. 

Першы парад 29 ліпеня 1917 года  адбыўся насупраць сольскай чыгуначнай станцыі і па фота­здымках можна ўзнавіць месцазнаходжанне будынка, дзе пазней адбылося падпісанне перамір’я. 

29 ліпеня 1917 Парад у гонар прыбыцця кайзера на станцыі Солы.jpg

Да нашага часу будынак не захаваўся – на яго месцы цяпер знаходзіцца прыватная забудова сольскіх жыхароў. 

Але і праз стагоддзе можна знайсці новыя звесткі пра падзею, памяць аб якой трывала захоўваецца ў нашай свядомасці.


Уладзімір ПРЫХАЧ.


Текст: Главный администратор