Упершыню ў раёне прайшла спартакіяда кіруючых работнікаў (+відэа)

16:44 / 13.12.2017

Іх прывыклі бачыць у строгіх касцюмах, пры гальштуках, за трыбунай ці ў крэсле за шырокім сталом, раздаючых строгія ўказанні ці каштоўныя парады падначаленым. А вось такіх – у спартыўных касцюмах і красоўках, ахопленых азартам спартыўнай барацьбы, з радасным бляскам перамогі ў вачах ці, наадварот, расчараваннем, што вось не хапіла толькі крышачку… -- іх бачаць не часта і нямногія.

IMG_7425.jpg

Першая ў раёне спартакіяда кіруючых работнікаў прайшла ў мінулую суботу ў спартыўнай зале гімназіі №1. У адпаведнасці з палажэннем, удзел у ёй прымалі намеснікі старшыні, начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі і іх намеснікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Для ўдзелу ў спаборніцтвах былі сфарміраваны тры каманды – сацыяльнай сферы, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, якія ўзначалілі намеснікі старшыні райвыканкама, што курыруюць адпаведныя галіны: Віктар Свіла, Руслан Сачко, Віктар Зелянко. Некаторыя з іх былі папоўнены кіраўнікамі і іх намеснікамі  арганізацый з іншых, “беспрытульных” сфер: у каманду будаўнікоў, да прыкладу, удала ўлілася начальнік прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” Гелена Варановіч, а ў сацыяльную сферу – намеснік начальніка РАУС Валерый Супрановіч.

IMG_7436.jpg

- Спадзяюся, што першая падобная спартакіяда стане традыцыйнай і, нягледзячы на сваю занятасць, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў знойдуць час у тым ліку і для заняткаў фізкультурай і спортам, - сказаў, вітаючы ўдзельнікаў спаборніцтваў, старшыня райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. – Усе ведаюць, якое значэнне развіццю спорту надае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. І гэта невыпадкова: заняткі спортам – гэта залог здароўя нацыі. У нашым горадзе ў наступным годзе будзе ўведзена некалькі новых спартыўных аб’ектаў, якія, трэба спадзявацца, будуць запатрабаваны.

- Незалежна ад вынікаў спаборніцтва вы ўжо перамагалі, - дапоўніла Ігара Яраслававіча старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Ваша  перамога – ужо ў тым, што вы ўсе сёння тут сабраліся. А значыць, услед за кіраўнікамі ў спартыўныя залы і на стадыёны прыйдуць і вашы калектывы.

Нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў ў паўсядзённым жыцці – калегі, на час спаборніцтваў яны сталі непрымірымымі сапернікамі.

IMG_7664.jpg

Асабліва вострая барацьба разгарнулася на валейбольнай пляцоўцы. У першай партыі сустрэліся каманды сацыяльнай сферы і сельскай гаспадаркі. Гульня была напружанай, і хоць аграрнікі, за якіх гулялі практычна ўсе кіраўнікі гаспадарак на чале з Русланам Сачко, саступілі ў абедзвюх партыях, прайгралі яны вельмі дастойна – з лікам 9:25 і 18:25 адпаведна.

IMG_7502.jpg

У другой партыі пад сеткай сустрэліся сацыяльная сфера і будаўнічая галіна: першая – ужо крыху стомленая, але згуляная, і другая – свежая, але без гульнявых напрацовак. Першая партыя засталася за сацыяльнай сферай –25:17. А вось у другой у гульні пераможцаў стала адчувацца стомленасць, а будаўнікі, наадварот, знайшлі сваю гульню – і першапачатковы разрыў у дзесяць ачкоў скараціўся да двух: партыя закончылася з лікам 25:23. Калі б будаўнікі змаглі вырваць перамогу ў другой партыі, то, напэўна, цяжка было б сказаць, як бы закончылася трэцяя. А так сацыяльная сфера датэрмінова заваявала статус пераможцаў у валейболе.

На трэцюю гульню каманда будаўнічай сферы выйшла ў ранейшым складзе – а вось сельскагаспадарчыя валейбалісты за час перапынку значна памаладзелі і змяніліся да непазнавальнасці! З ранейшага саставу з камандзе застаўся толькі дырэктар ПМС Вадзім Вянгроўскі, астатнім ігракам, якіх вёў у бой вядомы спартсмен – але не кіраўнік сельскагаспадарчай вытворчасці! -- Вадзім Лебядзевіч, па выгляду не было і 18 гадоў: на кіруючыя кадры яны яўна не цягнулі. Тым не менш, гульня прадоўжылася – і, да гонару будаўнікоў, яны вырвалі перамогу ў першай партыі. Другая, а затым і трэцяя засталіся за невядомай моладдзю. Але суддзі ўсё ж прысудзілі другое месца ў валейболе камандзе Віктара Зелянко – ніяк, праўда, не растлумачыўшы сваё рашэнне. Так што, хоць, як кажуць, “праўда спраўдзілася”, недаўменне засталося…

Пакуль на валейбольнай пляцоўцы кіпелі нежартоўныя эмоцыі, па суседству ў цішыні “ламалі мозг” шашысты. У гэтым спаборніцтвах сярод мужчын не было роўных Віктару Свіла, а сярод жанчын пацвердзіла рэнаме “ўніверсальнага салдата” Гелена Варановіч, якая паспела выйграць усе шашачныя паядынкі, дапамагла камандзе ў баях пад сеткай, а затым пераключылася на настольны тэніс, дзе таксама стала лепшай. Сярод мужчын лепшым тэнісістам прызнаны Яўген Міцкевіч.

IMG_7481.jpg

IMG_7475.jpg

 У дартсе самымі трапнымі аказаліся Валянціна Дземеш  і Іван Чапукойць.

IMG_7592.jpg

 Не толькі “пахварэць”, але і пасмяяцца давялося  ў офісным баскетболе: спартсменам трэба было за вызначаны час скамечыць дзесяць лістоў і трапна закінуць іх у сметніцу. Тут лепшымі сталі Анатолій Гарохаў  і Кацярына Ігнацьева  – відаць, ім больш за ўсё даводзіцца адмяняць сваіх загадаў і распараджэнняў (жарт)


IMG_7644.jpg

“На закуску” арганізатары прытрымалі два самыя відовішчныя спаборніцтва: сумо, дзе мужчыны павінны былі вялікім мячом выштурхнуць з круга саперніка – тут не было роўных Дзянісу Кірпе, і перацягванне каната – у гэтым спаборніцтве нечакана лепшымі сталі прадстаўнікі сацыяльнай сферы, якія па сваіх вагавых катэгорыях, прама скажам, саступалі сапернікам.


У агульным заліку на першым месцы таксама аказалася каманда Віктар Свілы, на другім – спартсмены пад кіраўніцтвам Віктара Зелянко, трэцяе занялі падапечныя Руслана Сачко. Усе пераможцы спаборніцтваў у сваіх відах, а таксама каманда-пераможца атрымалі падарункі ад арганізатараў, а таксама ад грамадскіх арганізацый – прафсаюзаў, БРСМ, “Белай Русі”.

IMG_7732.jpg

Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” прызам адзначыла самага дарослага ўдзельніка спартакіяды – ім аказаўся дырэктар сельгастэхнікі Мікалай Пятровіч Харкуноў: пагадзіцеся, калі 60-гадовы чалавек змагаецца на роўных з моладдзю – гэта заслугоўвае не толькі павагі, але і захаплення! І гэта лепшы аргумент на карысць здаровага ладу жыцця.

Але незалежна ад занятых месцаў галоўным пераможцам першай раённай спартакіяды кіруючых работнікаў можна лічыць добры настрой, цудоўна праведзены выхадны дзень – многія прыйшлі на спартакіяду сем’ямі, атрыманы зарад бадзёрасці. “Часцей трэба праводзіць падобныя спаборніцтвы – гэта не толькі дадае добрага настрою, але і яднае людзей”, - гэтая думка стала лейтматывам мінуўшай суботы, яе выказвалі практычна ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў.

Значыць, можна спадзявацца. што добрая справа будзе працягнута. Тым больш, што зіма – не за гарамі…


 

 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик