Выйшла з друку кніга вершаў і апавяданняў Таісы Сямёнавай “Давясёлкі”
У “Гродзенскай друкарні” выйшла ў свет кніжка вершаў і апавяданняў Таісы Сямёнавай “Давясёлкі”.
Чамусьці менавіта каларытная назва зборніка выклікае больш за ўсё пытанняў – усіх цікавіць: што ж такое “давясёлкі”? Цікаўным хочацца сказаць: прачытайце аднайменнае апавяданне, што дало назву ўсяму зборніку – і ўсё зразумееце!
Імя Таісы Сямёнаўны Сямёнавай непарыўна звязана з рэдакцыяй газеты “Астравецкая праўда”. На працягу амаль чвэрці стагоддзя яна працавала тут намеснікам рэдактара, адказным сакратаром, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ пэўны час – стылістычным рэдактарам. На старонках газеты, якая за гэтыя гады стала для яе роднай, пабачылі свет і прайшлі выпрабаванне на прыхільнасць чытача ўсе творы, якія ўвайшлі ў зборнік -- глыбокія таленавітыя вершы, рэалістычныя апавяданні.
Заканамерна, што выдаткі на выданне кнігі ўзяла на сябе менавіта рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” – у знак глыбокай удзячнасці Таісе Сямёнаўне за, як прынята пісаць у афіцыйных падзяках, шматгадовую плённую працу.
Не дзіўна, што і першая міні-прэзентацыя зборніка адбылася ў родным калектыве, а першыя аўтографы атрымалі былыя і сённяшнія калегі: Таіса Сямёнаўна і зараз актыўна супрацоўнічае з раённай газетай.
Хочацца верыць, што шматлікія віншаванні і цёплыя пажаданні нададуць Таісе Сямёнаўне натхнення для новых артыкулаў, вершаў і апавяданняў.