Ці падрыхтаваны фермы да зімоўкі?

11:22 / 30.10.2017
Так званы пераходны перыяд, калі кароў пераводзяць з пашавага ўтрыманне на зімне-стойлавае, звычайна пачынаецца напрыканцы лета і завяршаецца ў кастрычніку. На невялікіх фермах, дзе летам жывёла суткамі навылёт ласавалася зялёнай травіцай, гэтаму перыяду надаецца асаблівая ўвага: рэзкі пераход можа прывесці да зніжэння надояў, расстройства стрававання. 
Аднак і на малочна-таварных комплексах, дзе практыкуецца аднатыпнае кармленне жывёлы, а для кароў прадугледжаны толькі прагулкі, лічаць: да зімы трэба рыхтавацца загаддзя. 

На мінулым тыдні мы наведаліся на МТК “Дайлідкі” КСУП “Гервяты”, каб даведацца, ці гатова малочная “фабрыка” да зімоўкі.

IMG_0107.jpg


– У чым заключаецца пераход на зімне-стойлавае ўтрыманне жывёлы на комплексе? – перапытвае начальнік комплексу МТК “Дайлідкі” Ганна Александровіч. – Усё проста: падрыхтавалі памяшканні, работнікам выдалі зімовае спецадзенне. А для жывёлы змянілася толькі кармленне: паступова перасталі даваць “зялёнку” і перайшлі на зімне-стойлавы рацыён. Летам на пашу выганялі толькі сухастойныя групы, астатнія знаходзіліся ў кароўніках. 

IMG_0118.jpg

Начальнік малочна-таварнага комплексу “Дайлідкі” Ганна Антонаўна Александровіч

– Прагулкі на нашым комплексе прадугледжаны для кароў, якім засталося да ацёлу ад 20 да 60 дзён, – далучаецца да размовы ветэрынарны фельчар Дзмітрый Будай. – Прыблізна за дваццаць дзён да ацёлу рагулі атрымліваюць вітамінна-мінеральныя дабаўкі для прафілактыкі эндаметрыту і падрыхтоўкі арганізму да ацёлу. 

IMG_0104.jpg

Профіль ветэрынарнага ўрача Дзмітрыя Будая – гінекалагічныя захворванні жывёлы 

На МТК “Дайлідкі” – два ветэрынарныя ўрачы. Вадзім Саўко адказвае за лячэнне цялят і мастытных захворванняў у кароў, а гінекалогію і штучнае асемяненне “закрывае” Дзмітрый Будай.

– На гэтым комплексе працую другі год, у жывёлагадоўлі – каля шасці, –  працягвае Дзмітрый Будай. – Многія лічаць, што фермы больш перспектыўныя, чым комплексы, што там – індывідуальны падыход да жывёлы. Але я дзвюма рукамі за развіццё комплексаў: тут зусім іншыя, у параўнанні з фермай, я б сказаў, прамысловыя магутнасці вытворчасці малака.

IMG_0108.jpg

Ветэрынарны ўрач Вадзім Саўко адказвае за лячэнне мастытаў

Комплекс разлічаны на ўтрыманне 777 галоў. Зараз тут знаходзіцца 807 жывёл, з якіх 780 – гэта дойны статак.
Хоць папярэднія вынікі ў жывёлагадоўлі  падводзіць рана, тым не менш за дзевяць месяцаў бягучага года ўжо бачны лідары і аўтсайдары раённай малочнай вытворчасці. МТК “Дайлідкі” – сярод перадавікоў.

На комплексе тэхналагічныя групы фарміруюцца ў залежнасці ад двух асноўных паказчыкаў: тэрміна пасля ацёлу і велічыні надою. Ад прадуктыўнасці і лактацыі залежыць рацыён рагуль.

IMG_0122.jpg

Партрэт трактарыста-машыніста Валерыя Весялова занесены на Дошку гонару Астравецкага раёна

Цікаўлюся ў начальніка комплекса: якую кармавую базу ўдалося сфарміраваць да зімы?

– Кармы яшчэ нарыхтоўваюць, – гаворыць Ганна Антонаўна Александровіч. – Каля комплекса ёсць чатыры сянажныя траншэі, агульным аб’ёмам каля 9 тысяч тон фуражу. На гэтым тыдні заканчваецца закладка другой траншэі. Акрамя гэтага, у гаспадарцы нарыхтавана 2 552 тоны сенажу ў стрэйч-плёнцы.

IMG_0115.jpg

Падгоншчык жывёлы Мікалай Кавальчук часова падмяняе аператара па абслугоўванні малочнага абсталявання 

МОВАЙ ЛІЧБАЎ
Па стане на 16 кастрычніка валавы надой на МТК “Дайлідкі” з пачатку месяца склаў 268 тон – гэта на 25 працэнтаў больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года. Ад адной умоўнай каровы ў  сярэднім за суткі надойваюць 20,8 кілаграмаў, што амаль на 5 працэнтаў больш, чым летась. За дзень на комплексе атрымліваюць 16,8 тон малака (плюс 31 працэнт да 2016 года). Таварнасць малака складае    93 працэнты.

IMG_0100.jpg

Жанна Раткевіч працуе на комплексе пяць гадоў


Текст:
Фото: Алена Гануліч