Гісторыя Трашчан. Як з 306 жыхароў засталося толькі 12

14:08 / 09.10.2017

Услед за паэтам Мікалаем Рубцовым, які пісаў “Люблю я деревню Николу, где кончил начальную школу”, і мне хочацца ўсклікнуць: я люблю вёску Трашчаны, дзе скончыла пачатковую школу і якую памятаю з самага маленства, бо яна знаходзілася менш чым у кіламетры ад хутара, дзе я жыла. Вясной назірала, як вёска, нібы нявеста ў шлюбым убранні, патанала ў квецені чаромхі і садоў; летам па віхлястай, закалыханай калоссем збажыны дарозе, разганяючы босымі нагамі мяккі дарожны пыл, хадзілі да радні ў госці. Увосень жа вёска загаралася кучаравымі рознакаляровымі шапкамі клёнаў і маніла шматлюднасцю і прыгажосцю. І па той жа дарозе аднойчы ў верасні мяне, шасцігадовую малечу, мама павяла ў першы клас, дзе першая настаўніца Зінаіда Сцяпанаўна, узяўшы маю няўмелую, непаслухмяную ручку ў сваю, вучыла выводзіць першыя літары і першыя, самыя галоўныя, словы… Там у маёй душы прараслі першыя парасткі цікавасці да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны, любові да роднай зямлі.
І зараз памяць усё часцей вяртае ў дзяцінства. Мільгаюць твары вяскоўцаў, узгадваюцца розныя гісторыі з жыцця вёскі, некалі чутыя ад маці ці суседзяў. Гэта і навяло мяне на думку напісаць нарыс пра Трашчаны. А калі пачала збіраць матэрыял, то гісторыя знаёмай з дзяцінства вёсачкі аказалася такой багатай і цікавай, што не данесці яе да чытачоў і да сваіх землякоў было б проста злачынствам!


Гісторыя

Трашчаны – адно з самых старажытных паселішчаў Спондаўскага краю. У дакуменце за 1461 год запісана аб фундацыі вялікім князем літоўскім і каралём польскім Казімірам Ягелончыкам даннікаў Трашчаны ў пажыццёвае валоданне віленскаму ваяводзе Андрэю Даўгірдавічу. Верагодна, пасля смерці А. Даўгірдавіча даннікі вярнуліся ў склад вялікакняжацкай воласці.
У 1550 годзе Трашчаны згадваюцца ўжо як цэнтр воласці, што належала каралю Жыгімонту Аўгусту II, які ў 1564 годзе дараваў Трашчаны гаспадарскаму двараніну князю Лукашу Баляслававічу Свірскаму (1564–1568). Той пабудаваў праз раку Клевель (Сарачанка) мост з карчмой, у 1567 годзе кароль выдаў яму прывілей на маставое мыта.
А праз год кароль Жыгімонт Аўгуст аддаў Трашчаны ленным правам (гэта значыць, правам атрымання ў спадчыну па мужчынскай лініі) гаспадарскаму двараніну Крыштафу Сваражынскаму, які пабудаваў тут двор і маёнтак. Сваражынскі не меў сыноў, таму маёнтак вярнуўся ў гаспадарскі скарб, і вялікі князь і кароль Стэфан Баторы перадаў Трашчаны ў пажыццёвае валоданне Мацею Гарэцкаму і яго жонцы Ядвізе Дзевялтоўскай. Пасля іх смерці кароль Жыгімонт III у 1601 годзе пажыццёвым правам аддаў маёнтак новагародскаму стольніку Паўлу Дзевялтоўскаму, аб гэтым маецца запіс: “1602. Март 15. Грамата Караля Зыгманта III аб аддачы маёнтка Трашчаны Дзевялтоўскаму і яго нашчадкам па мужчынскай лініі ленным правам з абавязкам адпраўляць з гэтага маёнтка службу земскую і ваенную”. Маёнтак Дзевялтоўскі трымаў да 1633 года.
Потым ён быў перададзены ленным правам роду Бжастоўскіх – і ў 1688 годзе пісар і рэферэндар ВКЛ Цыпрыян Павел Бжастоўскі запісаў Трашчаны ў карыстанне кляштару аўгустынцаў.
Манахі-аўгустынцы разгарнулі шырокую місіянерскую дзейнасць. Паблізу Трашчан, на ўскрайку лесу, пабудавалі капліцу пад тытулам апостала Баўтрамея, вядомага месіянера, які працаваў у Індыі, а пасля быў закатаваны ў Арменіі. Паводле падання, па падгавору паганскіх жрацоў брат армянскага цара Астыяг «схапіў святога апостала і ў горадзе Альбане». Баўтрамея ўкрыжавалі ўніз галавой, але ён працягваў сваю пропаведзь. Тады яго знялі з крыжа, садралі скуру, а затым абезгаловілі. У капліцы меўся абраз – выява цёмнабародага апостала сярэдніх гадоў і подпіс на лацінскай мове: “Credo in Spiritum Sanctum” (“Веру ў Святога Духа”). Капліцы даўно няма. Там жа знаходзіліся і вясковыя могілкі, на якіх яшчэ ў мінулым стагоддзі хавалі бяднейшых вяскоўцаў. Зараз аб гэтым напамінае толькі крыж і помнік з абгародкай.
У 1775 годзе палкоўнік Роберт Бжастоўскі вярнуў Трашчаны сабе, даўшы аўгустынцам узамен грашовы запіс, а ў 1783 годзе перадаў вёску мінскаму земскаму суддзі Вінцэнту Феліцыяну Прушынскаму.
З другой паловы XIX стагоддзя Трашчаны знаходзіліся ў складзе казённага маёнтка Будрані.

Адна з самых прыгожых на той час хат у наваколлі хата Субача Іосіфа .jpg

Адна з самых прыгожых на той час хат у наваколлі – хата Субача Іосіфа 

Вёска і яе жыхары

У 1875 годзе ў вёсцы налічвалася 40 двароў, жыло 306 чалавек (у сярэднім – па 7-8 чалавек у сям’і). З іх 149 мужчын, 157 жанчын. 
У 1897 годзе – 55 двароў і 313 жыхароў, у 1905 – 313 жыхароў.
У 1938 годзе налічвалася 54 двары і 284 жыхары, у 1959 – 142 жыхары, 2004 – 41 жыхар. 
Зараз у Трашчанах налічваецца 6 жылых двароў і 12 жыхароў.
Калі звярнуць увагу на прозвішчы трашчанцаў, то пераважная большасць з іх былі Субачы – 19 сямей, затым Валуевічы – 10, і па некалькі, а то і па адной сям’і Юхна, Ствол, Віткевіч, Ліштван, Вайцяховіч, Драўніцкі.
27 мая 1942 года ў Трашчанах быў праведзены неафіцыйны перапіс насельніцтва – яго зрабіў студэнт Альгімантас Гурэцкас. На пытанне аб нацыянальнасці жыхары называлі сябе тутэйшымі. На патрабаванне вызначыцца канкрэтна 70% запісаліся беларусамі, 20 – палякамі і 1 – літоўцамі.
Трашчаны – вёска з адной прамой вуліцай працягласцю каля кіламетра. На пачатку, у сярэдзіне і ў канцы вёскі, як і паўсюль, стаялі і стаяць крыжы. З абодвух канцоў, да сярэдняга крыжа, вёска была неафіцыйна падзелена на антакольцаў і красналужцаў. Красналужцы атрымалі назву ад Краснага луга, які размяшчаўся па дарозе на Спонды і меў нядобрую славу, а антакольцы – слова балцкага  паходжання (антаколле – свабода) – свабодныя. Калі  вёска была шматлюднай, то часта здараліся бойкі красналужцаў з антакольцамі – як дзіцячыя, так і дарослыя.

Трашчанскія кавалеры 60-х.jpg

Трашчанскія кавалеры 60-ых 

Хаты шчыльна, каторая фасадам, каторая бокам (у залежнасці ад зямельных шнуроў), размешчаны ўздоўж вуліцы – і з кожнага акенца, нібы вазоны на падваконні, выглядвалі дзіцячыя галоўкі з цікаўнымі вачанятамі. У кожнай сям’і было па 4-6 і больш дзяцей. А ў некаторых, як, напрыклад, у сям’і Франца і Браніславы Віткевічаў выхоўвалася 14 дзяцей! Жылі вялікімі сем’ямі, бацькі свой век заўсёды дажывалі пры дзецях.

Дзве вёскі ў акрузе – Трашчаны і Маркуны – хоць і размешчаны яны далёка адна ад другой – славіліся дужымі і смелымі мужчынамі. І цяпер яшчэ расказваюць пра асілкаў з роду Ліштванаў, адзін з якіх меў шырыню плеч метр дваццаць сантыметраў! Кажуць, на млыне браў пад пахі два воркі (гаспадарскія, пяціпудовыя!)  і нёс па сходках наверх.

А пра Віткевіча расказвалі, што ён адной правай падымаў на рынку ворак: калі падымаў лёгка – значыць, там тры пуды збожжа: яму і бязмен не патрэбен быў.
Вёска жыла па сваіх суровых законах – можа, таму і не здаралася тут нічога крымінальнага? А калі нешта адбывалася, то вяскоўцы самі, без прыцягнення ўлады, сурова распраўляліся з вінаватымі. Быў выпадак: украў мужчына параконны плуг. Не паспеў нават скарыстаць яго ў справе, як мясцовыя пінкертоны высачылі, сабралі гаспадароў на сход і, параіўшыся, прызначылі злодзею пакаранне: узвалілі плуг яму на плечы і загадалі хадзіць з двара ў двор, стукаць у веснічкі ці ў акно і клікаць гаспадара – прычым не па імені ці прозвішчу, а па вясковай мянушцы, рызыкуючы за гэта атрымаць па загрыўку, і пры гэтым кожнаму гаварыць: “Я, такі і такі, украў плуг”. Так і да свайго злодзей бацькі пастукаў, сказаў, як загадалі – а бацька ў адказ: “Добра ж, сынок, што ўкраў – але дрэнна, што злавілі!” І гэта стала навукай іншым і крылатай фразай. Пасля  такога самасуду не стала ў вёсцы ахвочых да чужога дабра.

Трашчанцы – народ своеасаблівы: вясёлы, дружны і востры на язык. Любілі яны ляпіць мянушкі адзін аднаму, вясёлыя і дасціпныя, а часам – і крыўдныя. Не ведаю, ці была хоць адна хата пад уласным прозвішчам. Некаторыя “шчасліўцы” і па дзве-тры мянушкі мелі. І калі хто казаў, што ён, напрыклад, Янкаў сын, – гэта ні аб чым не сведчыла, а калі называлі па мянушцы, то ўсё адразу станавілася зразумелым. Некаторыя мянушкі, трапна да-дзеныя дзядам і бабулям, навечна прыліпалі і да ўнукаў, якія сёння марна ламаюць галаву над загадкамі народнай этымалогіі. 
Хоць былі мянушкі і зразумелыя: Канцавыя – тыя, што жылі на канцах вёскі; былі і літаратурныя “экзэмпляры”: Мазай – па Някрасаву, Кавідон – з Пушкіна, цар Гвідон. 
Быў у Трашчанах і свой Капітан: гэты пуцеец любіў сыпаць рускімі прыказкамі. Нападпітку часта паўтараў: “Мне море по колено, как пьян, так капитан”. Капітанавымі засталіся і дзеці яго, і ўнукі. Расказвалі, як аднойчы салдат, якога прыслалі на працу ў цагельню, хацеў “падкаціць” да яго дачкі, а тая і размаўляць з кавалерам не схацела. Няўдалы ўхажор пацікавіўся, хто ж гэтая ганарстая дзяўчына. “Ды гэта Яніна, Капітанава дачка”, – патлумачылі яму мясцовыя. “А я смотрю, что она такая умная – а она, оказывается, капитанская дочка!»

вось так прыгожа адзяваліся ў Трашчанах у 20-я г..jpg

Вось так прыгожа адзяваліся ў Трашчанах у 20-я г.

Былі сярод мянушак і да гэтага часу мне незразумелыя – Файтка, Нюнька, Бэйтчык, Балун. Адну з такіх этымалагічных загадак дапамагла разгадаць Браніслава Масцяніца. Ніхто не ведаў, чаму аднаго чалавека ў Тра-шчанах празывалі Каламэйша. Аказваецца, некалі ў польскай школе вучні карысталіся бутэлечкамі з чарніламі – самі пэцкаліся і кляксы ставілі. І вось неяк настаўніца прапанавала: “Прынясіце заўтра па 30 грошаў, я паеду ў павет і куплю ўсім чарнільніцы-невылівайкі” (па-польску – “каламашы”. Назаўтра ўсе прынеслі грошы, акрамя аднаго хлопчыка. На пытанне, чаму ён без грошай, вучань адказаў: “А мама сказала, што не патрэбны нам гэтыя каламэйшы!” Дзеці тут жа прыпячаталі хлапчуку мянушку,     якая засталася з ім на ўсё жыццё.


Адкуль назва?

У некаторых дакументальных крыніцах сустракаецца напісанне назвы вёскі Тройшчаны. У назве звяртае на сябе ўвагу яўная лічба тры. У народзе і па сённяшні дзень вымаўляюць назву вёскі як ТРЫШЧАНІ (так і хочацца напісаць у два словы – тры шчані). Расказваюць, што назва паходзіць ад трох ручаёў, што зліваліся ў адну рачулку за вёскаю ў полі – яно называецца Троішча. Побач з паселішчам, у сасновым бары, знойдзены тры курганы старажытных пахаванняў дыяметрам каля 6 і вышынёй 0,7-0,8 метра, якія вучоныя адносяць да сярэдзіны І тысячагоддзя н.э.

Рамёствы

Аб тым, якія рамёствы працвіталі ў вёсцы, сведчаць мянушкі жыхароў: Шаўцовы, Бондаравы, Калаўротнікавы, Ткачовы. У Тра-шчанах было тры кузні. Адна з іх належала Івану Драўніцкаму, другая – Пілімону, трэцяя, якая працавала і пры савецкай уладзе, – Сігізмунду  Памецьку.
У сталярнай справе праславіўся Сыльвестар Баніфацавіч Драўніцкі (1890 –1961). Ён рабіў вокны, дзверы, сталы, канапы і іншую мэблю. Удваіх са сваяком, кавалём, майстравалі брычкі, вазкі, куфэркі. Аднойчы Сыльвес-тар Баніфацавіч пабіўся аб заклад з мужыкамі, што зробіць шафу без адзінай металічнай дэталькі. І зрабіў! Завесамі служылі дубовыя штыры, замест замка была спецыяльная вяртушачка. Па заказу Франца Лаўрыновіча сканструяваў адмысловы музычны інструмент, на якім можна было іграць пальцамі ці палачкамі.
Слынным майстрам быў Іосіф Францавіч Лаўрыновіч, які правёў некалькі гадоў у палоне ў Аўстравенгрыі. Чалавек працавіты і мудры, ён і там час не траціў дарма – навучыўся майстэрству чырвонадрэўшчыка. Да гэтай пары яго ўнучка Тэрэса Юхна карыстаецца зробленай дзедам кухоннай шафкай, крэсламі, сталом.

Ёсць чым залюбавацца на падворку Юрыя і Валянціны.jpg

Ёсць чым залюбавацца на трашчанскіх падворках і сёння


Нішчымніца

Прыход савецкай улады азнаменаваўся даносамі і арыштамі. У часы сталінскіх рэпрэсій 1 чэрвеня 1940 года быў арыштаваны Карл Ігнатавіч Субач 1883 года нараджэння, аднаасобнік, кваліфікаваны як сацыяльна небяспечны элемент. Адзінаццатага снежня 1940 года асуджаны да 8 гадоў лагераў, вызвалены 12 верасня 1941-га, рэабілітаваны 23 лістапада 1989 года. Ні сям'я, ні родная вёска назад яго не дачакаліся.

рэпрэсираваны Субач Карл першы злева (сядзіць).jpg

Рэпрэсіраваны Субач Карл, першы злева (сядзіць)


Вайна і пасляваенныя гады – час цяжкіх выпрабаванняў, які прыйшлося перажыць нашым бацькам і дзядам: голад, разруха і нішчымніца. 

З аповеду Эміліі Валуевіч. “На ўсё жыццё засталося ў памяці пачуццё голаду: вечна хацелася есці, і не тое, каб чаго смачнага, але хоць бы хлеба, хоць бульбы. За хлебам хадзілі ў раённы цэнтр Свір – гэта 20 кіламетраў ад Трашчанаў. Хлеб тады выдавалі па картачках. Прадаўшчыцы стараліся для сваіх нешта прыхаваць. Бывала, прыйдзеш у Свір, паўдня адстаіш у чарзе – і хлеб скончыцца. А калі ўдавалася купіць – нясеш дахаты, і гэты хлеб пахне так, што ажно галава кружыцца! Здаецца, з’еў бы ўсё – але ж дома чакаюць.
Гаспадарку трымалі ўсе, у некаторых было нават па дзве каровы – але што з таго, калі ў кубак даілі. Пасвіліся каровы па лесе – худыя, галодныя, і малака літр у дзень давалі. А падаткі такія накладвалі, што сабе амаль нічога не заставалася. Трэба было здаць 12 кілаграмаў масла! Куплялі на рынку, каб аддаць норму. Мужчын пасылалі шараварку адбываць на будаўніцтве Каймінскага маста, накладвалі нормы на нарыхтоўку лесу: мусілі самі спілаваць, раскрыжаваць і на сваім транспарце адвезці на чыгуначную станцыю Гелядня за 15 кіламетраў па 40 кубаметраў лесу.

Першыя трашчанскія трактарысты Занчкоўскі Павел Ствол Казімір і Суьач Емарык.jpg

Першыя  трашчанскія трактарысты  Павел Занчкоўскі,  Казімір Ствол і ЕмарыкСубач 


Дэпутатка вадзіла па вёсцы начальства, каго не любіла, паказвала іх дамы і гаварыла: “Гэтыя могуць здаць, на гэтых нажміце, гэтых не шкадуйце”.
Крыху палягчэла, як адкрылі цагельню ў Пятрашышках. Працаваць было вунь як цяжка, але ўжо хлеба купіць можна было – хоць таксама не ўволю.
А што апраналі? З адзежай яшчэ так-сяк: самі пралі, ткалі, вязалі, а з абуткам бяда была – не было дзе купіць. Альбін Субач, Міхал Юхна шылі боты і бабам, і мужчынам. Здохне ў гаспадарцы карова ці конь, здзіралі скуру, дубілі, як умелі, і шылі боты, а падэшву з гумовага кола прыладжвалі. Зыгмант Субач рабіў так званыя кандалы: з вольхі выразаў тоўстую падэшву і да яе цвічкамі прыбіваў халявы.
Яшчэ былі “шахцёры”: такі абутак на адну нагу, падобны на галёшы, прадавалі ў магазінах. Яніна Валуевіч шыла з армяка (кшталту шыняля, толькі больш тоўсты) нешта падобнае на валёнкі, якія абувалі ў шахцёры.
А мне дзядзька пашыў боцікі, дык ад радасці не знала куды дзецца: у іншых шахцёры і кандалы – а ў мяне боцікі! Хоць да цяперашніх яны былі мала падобныя”

Калгас

Першы калгас у Трашчанах быў створаны ў 1950 го-дзе і называўся “Серп і молат”. Мясцовыя вострасловы тут жа прымаўку прыдумалі: “Серп і молат зрабіў голад”. Доўга яшчэ гэта прымаўка хадзіла ў акрузе. Сходкі збіралі там, дзе былі хаты большыя, чысцейшыя. На сходзе на рытарычнае пытанне агітатара аб тым, ці хочуць мужыкі ўступаць у калгас, былы пуцеец выкрыкнуў: “Мы колхоза пуще волка боимся!” Агітатар устрапянуўся: “Хто сказаў?” – але мужыкі загудзелі, не выдалі.

Нават у трагічных сітуацыях людзі не трацілі гумару. Агітатар спытаў: каго прапануеце ў старшыні? Сяляне пачалі разважаць, хто лепшы гаспадар, і прапаноўваць. Агітатар раўнадушна выслухаў і заявіў: “А ў нас іншая прапанова, што вы скажаце, калі старшынёй будзе…” і назваў прозвішча самага беднага, беззямельнага, непісьменнага вяскоўца – таго самага, што шыў кандалы. Пераглянуліся гаспадары і зразумелі – дабра не будзе. І калі было агучана наступнае пытанне “Як назавём калгас?”, бойкая і языкастая жанчына Адальфіна падняла руку і прапанавала: “Галодная кішка!”. Прадстаўнік з раёна сурова папярэдзіў: “Калі б на маім месцы быў іншы, то вы дадому не вярнуліся б.”

Аднойчы яе бойкасць выйшла ёй бокам: сын, які служыў на Далёкім Усходзе, напісаў у лісце, што іх кормяць горш за сабак. Адальфіна, узяўшы ліст, пайшла шукаць праўду да высокага начальства. Ліст у яе забралі, а праз некаторы час сын прыслаў новы: “Дзякуй, мама, накарміла – доўга буду помніць!”

“У пачатку стварэння калгасаў таксама гаравалі, – успамінае Эмілія Валуевіч. – Не плацілі, лічы, нічога, людзі кралі сеўбяное насенне, прышывалі кішэні пад вопраткай і туды насыпалі, хто як мог – трэба ж нешта есці. А падаткамі абкладвалі непасільнымі. Былі халасцяцкія, дзядзька-бабыль не заплаціў, можа, за паўгода – прыйшлі і карову маладую забралі ў сям’і. Цялят кантрактавалі, калі яшчэ і не нарадзіліся. А не здасі – сенакос не выдзеляць.”
“Серп і молат” праіснаваў нядоўга – пару гадоў. Як толькі пачалося ўзбуйненне гаспадарак, увайшоў у склад калгаса “Перамога” ў Масцянах, дзе старшынёй быў прысланы кадравы камуніст Абраменка, пасля былы ваенны Бандарэнка, пры якім калгас пачаў крыху выбівацца да лепшай долі.

Войны

Мясцовы захавальнік гісторыі Томаш Юхна часта шкадаваў, што забыў прозвішча ардэнаносца-ветэрана, які жыў у Трашчанах. Пазней высветлілася, што гэта быў Ягор Казіміравіч Драўніцкі, які з’яўляўся далёкім родзічам вядомага краязнаўцы                               І.П. Драўніцкага – Іван Пятровіч мне і расказаў пра гэтага ўдзельніка дзвюх войнаў. Ён прымаў удзел у Крымскай вайне 1853-1856 гадоў у якасці унтэр-афіцэра, за ваенныя заслугі атрымаў некалькі медалёў. Пасля 20 гадоў службы ў 1870 годзе яго адправілі ў так званы бестэрміновы пяцігадовы водпуск, выдалі пенсіён – 36 рублёў у год, выдзелілі тры дзесяціны зямлі ў засценку Лысюкі.

Калі пачалася Руска-турэцкая вайна 1877-1878 гадоў, Я.К. Драўніцкага прызвалі ў 14-ты Свірскі грэнадзёрскі полк зноў у якасці унтэр-афіцэра. У грэнадзёры бралі самых смелых, падрыхтаваных, фізічна моцных афіцэраў – такім і быў Ягор Казіміравіч. Па сямейных абставінах ён мог адмовіцца ад прызыву – але ўсё ж пайшоў на вайну. Баявое хрышчэнне прыняў пры вызваленні горада Світаў. Потым былі Шыпка, Шыпка-Шэйнава, дзе Ягора Драўніцкага параніла, але ён працягваў бой, які закончыўся паспяхова. За смеласць і адвагу, праяўленыя ў гэтай бітве, Я. К. Драўніцкі быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны II ступені – крыжам з мячамі на стужцы з жоўтымі краямі, які насіўся на шыі, а яшчэ – персанальным дваранскім званнем і 150-рублёвай штогадовай пенсіяй.

У Першай сусветнай вайне прымалі ўдзел многія з трашчанскіх мужчын: ужо згаданы Лаўрыновіч правёў некалькі гадоў у палоне ў Аўстравенгрыі; Пілімон быў артылерыстам, часта расказваў хлапчукам як “гарматай упраўляў”.

Уладзімір Валуевіч расказваў пра свайго дзеда і яго брата, удзельнікаў Першай сусветнай вайны. Дзед, падобна, як і вядомы майстар Міхаіл Валуевіч, пехатой уцякаў з палона, дайшоў да самай Вільні і тут, амаль на парозе роднага дома, памёр у ваенным шпіталі.

У складзе Войска польскага змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Франц Віткевіч, Бернард Юхна, Зыфрыд Субач, Раман Шушка, які быў разведчыкам і праславіўся смеласцю, але загінуў у баях за вызваленне Варшавы.

У пошуках лепшай долі

Як і з іншых вёсак, з Трашчан таксама некаторыя няўрымслівыя натуры ці беднякі выязджалі ў пошуках заробкаў і шчасця ў іншыя краіны. 
Напрыклад, дзед Томаша Юхны служыў дворнікам у генерала ў Пецярбургу. 

Яўхім Валуевіч з жонкай Леанорай яшчэ да рэвалюцыі таксама падаўся ў Пецярбург на заробкі. Меў залатыя рукі і галаву: з простага пуцейскага рабочага дарос да майстра, атрымаў кватэру. Яны з жонкай нажылі сямёра дзяцей – і ўсю вялікую сям’ю ўтрымліваў адзін Яўхім! Булкі з маслам кожны дзень елі – прычым купляць булкі жонка выходзіла раненька, каб набыць самыя свежыя, яшчэ гарачыя. Так, мусіць, і засталіся б яны ў Пецярбургу, калі б не рэвалюцыя. Ім сказалі: “Калі маеце куды – уцякайце!” Дахаты дабіраліся два месяцы, па дарозе распрадалі ўсё, што мелі – золата, срэбра, футры, дарагі посуд.
Многія з трашчанцаў пусцілі карані ў Расіі, Польшчы, Латвіі, Літве.


Культурнае і духоўнае жыццё

Вёска належала да Клюшчанскай парафіі. Трашчанцы актыўна ўдзельнічалі ў касцёльным жыцці. Спявалі ў хоры. Юзук Валуевіч зрабіў вялікі драўляны ружанец з 15 таямніц, і дзяўчынкі насілі яго ў працэсіі. Двое хлопцаў, Іван Валуевіч (Яська Карчмавы) і Іосіф Лаўрыновіч, уваходзілі ў склад “Хаўруса сваякоў”, арганізаванага вядомым ксяндзом-паэтам Казімірам Сваяком.

Моладзь часта ладзіла прадстаўленні ў Бондаравым гумне. Найчасцей ставілі купалаўскую “Паўлінку”. Сярод самадзейных артыстаў былі свае “зоркі”: Галя Мацясовіч, Вацюня Ствол, Калета Субач, Ясюк Відзіневіч.

Музычны інструмент які сканструяваў С.Драўніцкі..jpg

Музычны інструмент, які сканструяваў С.Драўніцкі.

Перад вайной было ў вёсцы 59 халасцякоў і 60 нявест (хоць на адну, але і тады больш!). Танцы у двух канцах ладзілі. Музыканта свайго не мелі аж да 50-х гадоў, пакуль не падрос самародак-гарманіст Браніслаў Віткевіч. Наймалі музыкаў з суседніх вёсак. Затое цяпер нашчадкі трашчанскага жыхара Ствала сталі віртуознымі музыкантамі – адзін з іх, Аляксей Ствол, іграе ў складзе дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

 З 1952 года ў Трашчаны прывозіў кіно Эдуард Шурпіцкі з Жалядзяў. Кіно зачаравала ўсіх, але не было капеек, каб заплаціць за білет. Пад вокны лезлі, козлы падцягвалі – і праз акно ўвесь фільм глядзелі. Адзін з трашчанскіх хлопцаў, Іосіф Субач, пазней закончыў у Гродне курсы кінамеханікаў.

Школа

За польскім часам былі дзве школы – у двух канцах вёскі. Доўга настаўнікамі працавалі муж і жонка Толкачэвы. У Эдзевай хаце вучыла пані, а ў другім канцы, у Ліштванавай хаце, – яе муж, адстаўны ваенны. Як дзеці не слухаліся, дык настаўніца пасылала за мужам, які крута з імі разбіраўся. 

Пачалася вайна – і настаўнікі ўцяклі. Потым прыслалі бабульку з Вільні. Пасля яе – маладую настаўніцу Ліду. Кармілі настаўнікаў бацькі школьнікаў па аднаму дню, па чарзе, як пастуха. Бывала, сядзіць, чакае, хто пазаве на абед.

“Якая там была вучоба, – успамінае Эмілія Францаўна. – Ні сшыткаў, ні алоўкаў, буквар адзін на ўсіх… Але хто хацеў, той вучыўся. Яшчэ за Польшчай Браніслаў Субач быў здольны настолькі, што ксёндз адправіў яго працягваць вучобу ў Вільню. Надта матэматыка яму лёгка давалася. Можа, стаў бы якім вучоным, калі б не трагічны збег абставін – забілі ў Будранях на танцах.

Браніслаў Субач сярод навучэнцаў Віленскай школы..jpg

Браніслаў Субач сярод навучэнцаў Віленскай школы.

Ядвіга Валуевіч з хутара ў школу прыходзіла – і на настаўніцу вывучылася. Галіна Памецька таксама. А яе брат стаў марскім афіцэрам”.
Школьнае жыццё ўсталявалася, калі прыехала настаўніца Зінаіда Сцяпанаўна. Тут, у Трашчанах, яна знайшла сваё жаночае шчасце і засталася. Дзяцей у школе шмат было, а настаўніца – адна на ўсе класы.
Закрылі Трашчанскую пачатковую школу ў 1972 годзе, калі ў Спондах пабудавалі сучасную тыповую сярэднюю школу.

Магазін

Першы магазін адкрылі ў вёсцы ў 1953 годзе, але праіснаваў ён нядоўга. Затым на ўскрайку вёскі ў пустым доме зноў адкрылі магазін – у ім стала працаваць дзяўчына з суседніх Кісялёў Зофія Шапель. 

Апошнія гады магазін размяшчаўся ў былой школцы, працавала ў ім да закрыцця Вільгельміна Ствол. 

Зараз Трашчаны, як і большасць неперспектыўных вёсак, абслугоўвае аўталаўка.

Людзі, якія праславілі Трашчаны

Акрамя ўжо згаданых, землякі па праву ганарацца Мар’янам Памецькам – першым у акрузе афіцэрам ваенна-марскога флоту. Ён закончыў ваеннае вучылішча, служыў на падводнай лодцы на Паўночным флоце, затым на караблі. Год працаваў на Новай Зямлі – выконваў нейкае сакрэтнае заданне, за што атрымаў урадавыя ўзнагароды.

Сястра Мар’яна Галіна стала настаўніцай. Пра яе варта расказаць яшчэ і таму, што гэта была настаўніца, як кажуць, ад Бога. Пашчасціла і мне вучыцца ў гэтага цудоўнага педагога. Дзякуючы ёй, я палюбіла літаратуру. Мама часта паўтарала: “Вучыся ў Галіны Сігізмундаўны ўсяму – і ведам, і адносінам да людзей”. 

 Ад Іосіфа Лаўрыновіча, удзельніка “Хаўруса сваякоў” пайшла цэлая плеяда таленавітых, заслужаных унукаў. У прыватнасці, Генадзь Юхна амаль усё жыццё ўзначальваў калгас “Свірскі край”, мае ўрадавыя ўзнагароды.

Трашчанскім можна лічыць і другога ўнука Лаўрыновіча – вядомага паэта Станіслава Валодзьку, які з’яўляецца беларускім паэтам і грамадскім дзеячам, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, узнагароджаны Ганаровым нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” і медалём Францыска Скарыны.

Наталля Сянюць – праўнучка таго ж Іосіфа Лаўрыновіча, зараз узначальвае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.

Зараз Трашчаны – гэта невялічкая вёсачка, такая ж гасцінная, шчырая і сардэчная, як і яе жыхары. Сёння тут толькі 6 жылых падворкаў. Затое летам сюды з’язджаюцца з далёкіх гарадоў яе дзеці і ўнукі – і шчаслівы дзіцячы смех зноў напаўняе наваколле. Кожную вясну ў аселіцы заліваюцца салаўі, а зязюлькі кукуюць наперабой, адлічваючы вёсцы доўгі век… 

Выказваю глыбокую ўдзячнасць за дапамогу ў зборы матэрыялу Томашу Юхна, Зофіі Шапель, Уладзіміру Валуевічу, Яську Драўніцкаму, Эміліі Валуевіч.
Шчыра дзякую Марыне Буйніцкай за захаваныя і перададзеныя для друку гістарычныя фотаздымкі.





Текст: