Жыццё веласіпедыста ў Астраўцы

17:09 / 28.09.2017
1

IMG_9083.jpg

Лёс прывёў мяне ў Астравец з Віцебскай вобласці. Там жыла і працавала ў невялічкім мястэчку. Маім асабістым транспартам быў веласіпед – не стала развітвацца з ім і на новым месцы жыхарства.  Наколькі зручна ездзіць на веласіпедзе па Астравецкіх дарогах – высветлілася вельмі хутка.


Астравец – гарадок невялікі. Адлегласць асноўных вуліц ад пачатку да канца не  перавышае пяці кіламетраў, а  значыць, што за гадзіну-другую пры жаданні можна абысці ўсе ваколіцы.
А калі трэба хутчэй, то на выручку прыйдзе веласіпед. Каб даехаць з цэнтра да любой кропкі горада, патрэбна не больш за 15 хвілін – пры павольным тэмпе. Каб пераадолець  адлегласць да работы ў  2 кіламетры, – толькі 7 хвілін. 


Прыемна, што  на вуліцах Астраўца ўсё больш веласіпедыстаў. Я вырашыла правесці невялікае даследванне і падлічыць, колькі веласіпедыстаў сустрэну  па вуліцы Ленінскай за гадзіну ў будні дзень. З 18 да 19 гадзін вечара з трох вуліц на вочы мне трапіліся 76 веласіпедыстаў. На веласіпедах праязджалі людзі рознага ўзросту, але большасць – сталага. 

Для іх, як і для мяне , веласіпед – не цацка, не забава, а зручны і танны транспарт. Але мясцовым жыхарам цяжка ўзбірацца на высокія бардзюры, прыходзіцца аб’язджаць іх іншымі дарогамі.
Усё ж, негледзячы на ўсе плюсы гэтага карыснага для прыроды і свайго ўласнага здароўя транспарту, трэба адзначыць, што далёка не ўсе вуліцы нашага горада  адаптаваныя для зручнага пераезду, не кажучы ўжо пра веласіпедныя дарожкі,  якіх у раёне раз, два – і ўсё. 
На шляху веласіпедыста часта сустракаюцца бардзюры – трэба спешыцца, перацягнуць велік, зноў сесці і паехаць. І калі гэта трэба зрабіць некалькі разоў на працягу кіламетра – двух, то гэта, шчыра кажучы, раздражняе. Паназіраўшы за мясцовымі жыхарамі, раблю высновы: ніхто і не «пераскоквае» праз гэтыя перашкоды, а проста едзе па дарозе поруч з аўтамабілямі, хоць гэта досыць небяспечна. 

IMG_9040.jpg

IMG_9026.jpg


Падлеткам да 14 год увогуле забараняецца такі рух, ды і  дарослыя, пры наяўнасці тратуару, павінны ехаць па ім, а не побач яго, гэта запісана ў правілах дарожнага руху, за гэтым пільна сочаць работнікі ДАІ і штрафуюць парушальнікаў.
 Прыемна, што новыя мікрараёны цалкам адаптаваны пад  веласіпеды. Асобны дзякуй за новую веласіпедную дарожку па будучым праспекце Энергетыкаў. Шкада толькі, што ездзіць там даводзіцца не так часта.

 ТРЭБА ВЕДАЦЬ:

1. Рух на веласіпедзе павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці ўказаных элементаў ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезджай частцы дарогі ў адзін рад, але не далей 1 метра ад яе правага боку.

2. Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (ці) пры яе недастатковай бачнасці на веласіпедзе ці мапедзе павінны быць уключаны: спераду – фара (ліхтар) белага колеру, а ззаду – чырвонага колеру.

3. Пры неабходнасці перасячэння дарогі па пешаходным  пераходзе веласіпедыст абавязаны весці веласіпед побач з сабой.

IMG_9069.jpg

Аднак, праехаўшы пэўны маршрут, можа ўзнікнуць яшчэ адна праблема: дзе ж «прыпаркаваць» свой транспарт? Магу адзначыць: многія ўстановы маюць паркоўкі для веласіпедаў – але далёка не ўсе. Думаю, што пералічваць іх будзе не вельмі карэктна, аднак маю надзею, што мяне пачуюць.
І яшчэ адна цікавая заўважынка: веласіпедыстаў  на стаянках бачыла, – але не заўважыла, каб нехта замыкаў свайго  двухколавага сябра – мабыць, давер у насельніцтва адно да аднаго высокі і непрыемныя здарэнні бываюць рэдка? Прыемна! 

IMG_9073.jpg


IMG_9055.jpg

IMG_9046.jpg




Текст:
Фото: автора