Суіснаванне таленту і хваробы

10:36 / 13.09.2017

На гэтага юнака я звярнула ўвагу падчас сустрэч раённых знатакоў у Мальскім Доме культуры на інтэлектуальных гульнях – дакладней, пасля таго, як каманда СШ №1 «Аднакашнікі», якая традыцыйна знаходзілася ў сярэдзіне турнірнай табліцы, раптам стала сенсацыйна выйграваць адну гульню за другой. «Што ж змянілася ў камандзе?» – цікавіла, напэўна, не толькі мяне. Прыгледзеўшыся, я заўважыла ў яе складзе навічка, прыгожага хлопца з вялікімі разумнымі вачыма…
– Ну так, – усміхаецца Павел Маркун падчас нашай асабістай сустрэчы. – Пакуль я сяджу, са мной жадаюць пазнаёміцца і абмяняцца тэлефоннымі нумарамі самыя прыгожыя дзяўчаты. Усё мяняецца, калі я падымаюся і раблю першы крок…

mark.jpg

Хадзіць Паўлу цяжка – гэта відаць няўзброеным вокам. У яго адна з форм ДЦП: такі дыягназ хлопчыку паставілі ў васьмігадовым узросце. 
Зрэшты, тое, што сын ходзіць неяк не так, родныя заўважалі і раней – спісвалі на тое, што ён рос, мякка кажучы, пухленькім хлопчыкам. Калі маці падчас адной з чарговых медкамісій звярнула на гэта ўвагу ўрача, той адмахнуўся: «Што за бяда – крывыя ногі? Гэта ж не дзяўчынка, яму танцаваць неабавязкова».
Трывогу ўрачы забілі, калі Пашу было ўжо амаль дзевяць гадоў: накіравалі ў Гродна, дзе і паставілі той самы дыягназ, з якім, як высветлілася, яму давядзецца жыць усё астатняе жыццё – хвароба гэтая практычна не лечыцца.
– Спалохацца я не паспеў, – успамінае Павел. – Мае настаўнікі, сябры і аднакласнікі з Мальскай тады яшчэ базавай школы акружылі мяне такім клопатам і ўвагай, што я адчуваў сябе амаль што героем: адорвалі падарункамі, рознай смакатой, для мяне малявалі розныя карцінкі і пісалі вершы… Я гэта памятаю і ўсё жыццё ўдзячны за тую падтрымку…
Пачалося доўгае змаганне з хваробай. Штогод – санаторыі: Беларусь хлопчык вывучыў яшчэ ў дзіцячым узросце па іх адрасах. І абавязкова – рэспубліканскі цэнтр для дзяцей-інвалідаў у Мінску, які стаў для Паўла другім домам: там ён быў «сваім сярод сваіх», такім, як усе; там у яго з’явіліся новыя сябры, з якімі яны дамаўляліся і прыязджалі на рэабілітацыю ў адзін і той жа час – каб сустрэцца.
Зрэшты, і дома Паўлавы праблемы са здароўем успрымалі як нейкую яго асаблівасць – але не як трагедыю: ніхто не важдаўся ў ім, як з малым дзіцям. Хлопец ганяў на веласіпедзе з равеснікамі, у яго былі свае абавязкі па гаспадарцы: у вясковай хаце – сям’я жыве ў Малях – работы заўсёды хапае.
Гэтых абавязкаў прыбавілася шматразова, калі раптоўна памёр бацька – Паўліку на той час было дзесяць гадоў. Неяк вельмі хутка ён адчуў сябе побач з маці і старэйшай сястрой адзіным мужчынам у сям’і – асабліва, калі Оля паехала вучыцца: хатнія абавязкі ляглі на яго. Так, дапамагалі дзядуля і дзядзька, мамін брат – Павел вельмі ўдзячны ім за тыя ўрокі. Разуменне, што ты – мужчына, і таму ў адказе за сваю сям’ю, прыйшло яшчэ тады, у дзіцячым узросце. 
Нягледзячы на свой дыягназ, Павел, як толькі крыху падрос, падчас летніх канікулаў стараўся працаваць, звычайна на збожжатаку: у жніво клопатаў усім хапае, а ў іх сям’і ніякая капейка лішняй не была.
Мама марыла, што сын стане інжынерам – цалкам мужчынская прафесія. Пэўны  час Паўлік сапраўды аддаваў перавагу матэматыцы і фізіцы. Але тагачасны настаўнік гісторыі і завуч Мальскай школы Ганна Мечыславаўна Капцюг «падсадзіла» здольнага вучня на гісторыю: паўдзельнічаўшы аднойчы ў раённай алімпіядзе па гэтым прадмеце і заняўшы там другое месца, Павел сур’ёзна ім захапіўся. 
– Да таго ж па гараскпу я – леў, і ўсе рашэнні прымаю самастойна, – прызнаецца Павел. – Так што маміна мара адносна маёй будучыні засталася няспраўджанай…
У дзясяты клас СШ №1 Астраўца ён прыйшоў з устойлівым рэнамэ «падаючага надзеі» юнага гісторыка: на ўсіх раённых алімпіядах Маркун трымаўся ў тройцы прызёраў. Тут ён трапіў пад крыло класнага кіраўніка, таленавітага настаўніка гісторыі Наталлі Юстынаўны Рудзік – і рух наперад па «гістарычнай» лесвіцы прадоўжыўся.
– Хай не палічаць мяне здраднікам, але СШ №1 я люблю больш, чым Мальскую школу, – прызнаецца Павел. – І прычына не ў тым, што недзе настаўнікі лепшыя, а недзе – горшыя. Проста ў Малях выхавацелем у садку, які знаходзіцца пад адным дахам са школай, працавала мама, і я заўсёды быў пад гнётам «вось зараз маме ўсё раскажу». Мне шчыра шкада дзяцей, якія вучацца ў школе, дзе працуюць іх мамы! А ў Астраўцы да мяне адносіліся як да самастойнага чалавека, без усялякіх спасылак на тое, чый я сын. І мяне гэта цалкам задавальняла. І таму Астравецкую школу я закончыў нават лепш, чым сваю, Мальскую.
Пасля школы на мэтавым накіраванні Астравецкага аддзела адукацыі Павел паступіў на гістарычны факультэт Белдзяр­ж­універсітэта – гады вучобы ў Мін­ску сталі для яго лепшымі ў яго пакуль яшчэ не вельмі доўгім жыцці. Там ён зноў сустрэў сваіх сяброў па рэабілітацыйнаму цэнтру – многія з іх таксама вучыліся ў БДУ, жылі ў тым жа інтэрнаце ці побач. Да таго ж пашанцавала з суседзямі па інтэрнацкім пакоі: гэта былі пераможцы рэспубліканскай алімпіяды на гісторыі, і з імі было вельмі цікава.
– Я многаму навучыўся ў сваіх сяброў, і гэта здорава, – з лёгкай настальгіяй успамінае Павел.
Тады юнак «падсеў» і на інтэ­лек­туальныя гульні: іх каманда вый­гравала не толькі першынства ўніверсітэта, але і паспяхова выступала на першынстве Мінска, ездзіла на інтэлектуальныя турніры ў іншыя гарады. Адзін з яго ўніверсітэцкіх «шэдэкашных» сяброў, Аляксандр Марозаў, зараз паспяхова гуляе ў адной з самых перспектыўных і маладых каманд тэлевізійнага клуба пад капітанствам Іллі Барады.
Студэнцкае жыццё было цікавае не толькі вучобай, але і тым, што ішло паралельна – не вучобай адзінай, тым больш не толькі забавамі, нават карыснымі, жыў хлопец у сталіцы. Павел і тут уладкаваўся на працу, нават на дзве: падпрацоўваў у лабараторыі інфарматыкі роднага факультэта і ў рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў: як вядома, у студэнтаў лішніх грошай не бывае.
Але лепшыя студэнцкія гады хутка закончыліся – і Павел Маркун вярнуўся ў родную СШ №1 дыпламаваным настаўнікам гісторыі. Ледзь не з першага дня разгарнуў са сваімі вучнямі актыўную краязнаўчую дзейнасць – пра іх вандроўкі па Беларусі наша газета ўжо расказала. І інтэлектульныя гульні не выпусцілі са свайго палону: Павел стаў гуляць у камандзе роднай школы «Аднакашнікі», пра поспехі якой мы ўжо неаднаразова пісалі, і трэніраваць дзяцей, якія таксама за непрацяглы тэрмін паспелі дабіцца нядрэнных вынікаў на розных спаборніцтвах.
«А што ж хвароба?» – спытаеце вы. 
А хвароба нікуды не дзелася – Павел разумее, што яму трэба жыць з ёй усё астатняе жыццё. Але гэта не азначае, што жыццё яго бу­дзе менш цікавым і насычаным, чым у здаровага чалавека, – ды яшчэ пытанне, ці ў кожнага здаровага яно настолькі цікавае і насычанае, чым у гэтага хлопца. Нядаўна юнак атрымаў правы катэгорыі А і В. Самым цяжкім было нават не здаць экзамен – з гэтым Павел справіўся з першага разу, а атрымаць медыцынскую даведку. Для гэтага ён абышоў чатыры Мінскія паліклінікі і два спецыялізаваныя цэнтры, прайшоў шэраг даследаванняў і атрымаў безліч заключэнняў, але дабіўся свайго – даказаў, што можа вадзіць звычайны, а не інвалідны аўтамабіль. Зараз ён паставіў перад сабой наступную мэту: сабраць грошы і купіць машыну – і сёлета падчас летняга адпачынку хлопец зноў працаваў у калгасе.
Яшчэ адна мэта – прадоўжыць вывучэнне любімай гісторыі ў магістратуры, а пазней, магчыма, і ў аспірантуры.
– Я ведаю, што дасягну ўсяго, чаго захачу, і інваліднасць мне не перашкодзіць, – перакананы Павел Маркун. – Сядзець і плакаць, шкадаваць сябе – гэта не па мне. Зрэшты, нарадзіцца можна кім заўгодна, хоць прынцам, хоць жабраком – галоўнае, кім ты станеш, чаго дасягнеш. Маё імкненне – рухацца наперад. А тое, што падчас гэтага руху я сустракаю людзей, якія глядзяць на мяне хто са шкадаваннем, хто – з жалем ці нават пагардай – ну, гэта ж іх праблемы, а не мае! Жыццё часам б’е мацней, чым любая хвароба…
Калі бачыш, колькі цвёрдасці і ўпэўненасці ў гэтых прыгожых вачах, тонкіх рысах твару, то не можаш не паверыць: усё будзе так, як вырашыў ён, Павел Маркун. Рана ці позна!


Текст: Нина Рыбик