Цукерак шмат не бывае –

14:38 / 12.09.2017

photo.jpgгэта цвёрдае перакананне Грышкі з маленства да сваіх сённяшніх 22 гадоў. Колькі б іх не з’явілася ў доме, нават у «цукерачна-падарункавы» навагодні час – да заўтра яны не заставаліся. Тым больш што «заўтра» ніколі не надыходзіць: як ні прачнешся – ужо сёння!

 У любові да цукерак у Грышкі ёсць паплечнік – бацька. Навагоднія падарункі яны заўсёды разбіралі разам: спачатку знікалі самыя смачныя цукеркі, затым, па чарзе, усе астатнія…
Ці варта здзіўляцца, што маці, маючы ў доме дваіх такіх ласуноў, хавае ад іх цукеркі? 
– Я разумею, чаму, – тлумачыць Грышка. – Проста, калі іх паставіць у вазачцы на стале, як гэта бывае ў многіх, – іх тут жа не стане. А калі я выпадкова знайду маміну схованку, то буду адтуль цягаць па адной-дзве цукеркі, каб незаўважна было…
Зрэшты, схаваць ад Грышкі прысмакі –  усё роўна, што ад п’яніцы паўлітра: дзе б маці ні паклала – усё роўна знойдзе!
– Памятаю, аднойчы залез у самую высокую шафку, толькі дастаў пакет з цукеркамі – і тут бацька ў хату заходзіць! Ну, думаю, зараз атрымаю на арэхі… «Знайшоў?» – пытае татка. «Знайшоў…» – адказваю, унурыўшы голаў. «Нясі сюды!» Прынёс. Разам мы той пакецік «угаварылі». Затое, калі мамка выявіла прапажу і праводзіла са мной «выхаваўчыя мерапрыемствы», татка ў іх не ўдзельнічаў: моўчкі сядзеў побач, патупіўшы вочы…
Грышка ўспамінае, як аднойчы, калі яму было гадкоў пяць-шэсць, у хаце ў чарговы раз скончыліся цукеркі. Колькі ён ні прасіў у мамкі хоць адну-адзіную цукерачку, тая толькі рукамі разводзіла: «Няма! Скончыліся…»
Грышка расплакаўся:
– Мы – бамжы! Бамжы! Мы горш, чым бамжы – у нас нават цукерак няма!
…Нехта любіць перакуліць кілішак, нехта смаліць папяросы, нехта пакурвае траўку. А Грышка любіць цукеркі! 
Не самае горшае захапленне, ці не так?


Ніна ПАЛЕСКАЯ.


Текст: Нина Рыбик