Гонар Астравецкага раёна Міхаіл Гудойць жыве па запаветах дзеда

11:00 / 03.09.2017

«Працуй пільна» –па гэтаму дзедаваму запавету жыве Міхаіл Гудойць

gud.jpg

У двух словах

Далёка не кожны вадзіцель – асабліва той, хто прасядзеў «за абаранкам» не адзін дзясятак гадоў, – можа назваць сваю работу цікавай – едзь сабе, дый годзе. А вось Міхаіл Іосіфавіч Гудойць, вадзіцель аварыйна-дыспетчарскай службы Астравецкага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Смаргоньгаз», імя якога занесена на раённую Дошку гонару, лічыць, што яго прафесія –  вельмі адказная і важная.


У пошуку

Старэйшае пакаленне памятае цяжкія 90-я: пустыя паліцы магазінаў, вялікія чэргі, «згарэўшыя» зберажэнні… Каб зарабіць большую капейку, кожны паважаючы сябе мужчына стараўся «зачапіцца» за тую работу, якая прыносіла б грошы ў хату. Нават калі для гэтага трэба было матацца па камандзіроўках. Не быў выключэннем і Міхаіл Гудойць, у сям'і якога ў 1995 годзе нарадзілася другое дзіця – давай, бацька, круціся…
Міхаіл вырашыў уладкавацца ў «Лідагазбуд», змяніўшы да гэтага некалькі месцаў працы…
– Навошта табе гэтыя каман­дзіроўкі? – пры сустрэчы спытаў яго былы галоўны інжынер Астравецкага райгаза Валянцін Уладзіслававіч Біркоўскі, даве­даўшыся, што Міхаіл «мыліцца» на Ліду. – Да нас прыходзь – горш не будзе. А ў цябе дзеці малыя…
 На тым і парашылі. 

Знайшоў!

Акрамя зарплаты, вадзіцеля райгаза задавальняў і графік работы. Дзяжурствы па 12 гадзін і наступныя выхадныя давалі магчымасць займацца і іншай справай, што Гудойці і скарысталі: садзілі шмат агародніны, каб і дзяцей на ногі паставіць, і капейчыну сабраць.
Амаль за тры дзесяцігоддзі Міхаіл Іосіфавіч вывучыў усе нюансы сваёй працы – а іх вельмі шмат, таму што шафёрскую справу ён, як і ўсе яго калегі, сумяшчае са слесарскай.
Мужчына адвучыўся ў Мінску ў «Мінгазе». Акрамя таго, кожныя тры гады «падвучваецца» і кожны год здае экзамен – страціць «нюх» у такім рэжыме проста немагчыма.  
Ды і на рабочым месцы нудзіцца не прыходзіцца: аварыйная служба не толькі рэагуе на  непаладкі, уцечкі, прарывы, але і падключае пліты, газавыя катлы, займаецца іх рамонтам…
– Мы з напарнікам – як сапёры: можам памыліцца толькі адзін раз, – усміхаецца Міхаіл Іосіфавіч. – Спешкі ў нашай справе быць не павінна – ад гэтага залежыць не толькі цяпло і дабрабыт людзей, але і іх жыццё.


За парогам работы

Жонка Міхаіла Іосіфавіча Гудойця, Алена Уладзіміраўна, ужо шмат гадоў працуе вядучым эканамістам у Астравецкім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
– Як прыйшла туды ў 1988 го­дзе, – гаворыць  мужчына, – так па сённяшні дзень і працуе.
Але не працай адзінай… Міхаіл Іосіфавіч любіць праводзіць час у сваім вялікім садзе на 100 дрэў – хоць яго сям'я жыве ў кватэры, – любімая справа чакае яго на аса­бістым падвор'і цешчы.  Вырошчванне хвойных раслін для азе­лянення – таксама шматгадо­вае хобі мужчыны. Дэкаратыўныя кус­ты і дрэвы, калі ім не знаходзіцца месца на ўчастку бацькоў,  раздор­ваюцца сябрам і знаёмым. Дзякуй умельцу-суседу, які калісьці прывіў маленькаму Мішу любоў да такой прыгожай і патрэбнай справы. «Зялёны» плот у родзічаў, як у лепшых дамах Англіі, – таксама  справа яго рук. 
А цяпер лепшым адпачынкам для сябе мужчына лічыць яшчэ і магчымасць пабыць з унукамі. 

Адным сказам

*Звяло нас з жонкай чужое вяселле: хоць і вучыліся ў адной школе, да гэтага часу неяк разміналіся.
*У дзяцінстве марыў стаць ваенным, але пасля арміі перадумаў.
*Заўсёды працаваў так, каб не сорамна было, а цяпер яшчэ больш стараюся: унукі падрастаюць – Серафім і Раман – з дзеда прыклад браць будуць. 
*Самае галоўнае ў маёй рабоце – быць уважлівым, каб нешта не прапусціць, і працаваць сумленна. 
*Партрэт дзеда таксама на Дошцы гонару вісеў, і бацькі, і маці –  таму што працавалі добрасумленна. Цяпер вось і мой…   
*Ведаеш сваю справу – рабі, не ведаеш – вучыся.

Калісьці дзед Міхаіла Іосіфавіча Гудойця казаў: «Працуй пільна – будзе і тут Вільня». Гэтыя словы і сталі для вадзіцеля  аварыйна-дыспетчарскай службы Астравецкага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Смаргоньгаз» дэвізам – і ў жыцці, і ў працы.


Текст: