Активисты районного совета ветеранов во главе с председателем Ростиславом Арсентьевичем Гертом посетили Сморгонщину
Яны не толькі абмяняліся вопытам работы з калегамі па грамадскай дзейнасці, але і пазнаёміліся са знакамітымі мясцінамі гэтай зямлі.
Астравецкую дэлегацыю шчыра вітаў старшыня Смаргонскай раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Леапольдавіч Касакоўскі. Ён расказаў пра дзейнасць і здабыткі сваёй арганізацыі, пра тое, як «пярвічкі» дапамагаюць ветэранам вайны і працы.
Пра справы Астравецкай раённай ветэранскай арганізацыі, праблемы і іх вырашэнні расказаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт. На гэтай сустрэчы старшыні абмяняліся не толькі вопытам работы, але і памятнымі сувенірамі.
А затым астраўчане адправіліся ў невялікае падарожжа па Смаргоншчыне. Яны наведалі мемарыяльный комплекс на лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915-1917 гг. у Смаргоні, які быў адкрыты 1 жніўня 2014 г. – да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны. Крывапралітныя баі паміж нямецкай і рускай арміямі на гэтай зямлі ішлі 810 дзён і начэй, тут загінулі тысячы салдат розных нацыянальнасцей рускай і нямецкай армій. На пляцоўцы размешчаны скульптурныя кампазіцыі «Бежанцы», «Салдаты Першай сусветнай». Але галоўнай, самай велічнай і ўразлівай, з’яўляецца кампазіцыя «Крылаты геній салдацкай славы». Дапаўняюць іх у зоне «Памяці і смутку» вылітая з бронзы карта ваенных дзеянняў у 1915-1917 гг., пліты з імёнамі загінуўшых, дзе ўсталяваны урны з зямлёй з месцаў пахаванняў рускай і нямецкай армій. Там жа пабудавана капліца Памяці і смутку.
Падчас экскурсіі ветэраны наведалі помнік першай на Усходнім фронце газавай атакі немцаў, калі загінулі больш за чатыры тысячы чалавек.
Наведала астравецкая ветэранская арганізацыя і знакамітую сядзібу-музей М. Агінскага, што ў Залессі. Знаёмства з гэтым архітэктурным ансамблем уразіла. Не менш цікавым было знаёмства з біяграфічнымі звесткамі жыцця гэтага вядомага кампазітара, палітычнага, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча.
Удзельнікі паездкі вельмі ўдзячны раённаму савету ветэранаў за арганізацыю такога цікавага і пазнавальнага мерапрыемтсва.
Леанід БАТУРА, ветэран працы.