Какие деньги - наличные или электронные - предпочитают островчане

08:18 / 18.04.2017
2

Адным з паказчыкаў інфармацыйнасці і інфарматызацыі нашага грамадства з’яўляецца агульная камп’ютарызацыя насельніцтва. Адна з яе прыкмет – шырокае выкарыстанне электронных грошай.

Якім грашам – наяўным ці электронным – аддаюць перавагу астраўчане, высвятляў наш карэспандэнт.

Navickaya.jpgМарыя Навіцкая, страхавы агент:

– Так склалася, што старэйшае пакаленне ў асноўным, канешне, карыстаецца наяўнымі грашыма, а моладзь і людзі сярэдняга ўзросту – электроннымі. Я маю некалькі картак: БПБ-банка, Белаграбанка, МТБанка.

Грошы з карткі я стараюся не здымаць, бо шмат потым праблем з дробяззю. А яшчэ на маю картку падлючаны СМС-банкінг – так што заўсёды можна прасачыць, куды і колькі грошай было патрачана.

zakreuski.jpgГенадзь Закрэўскі, электрагазазваршчык:

– Спадручней трымаць грошы на картачцы, аднак мець у руках “жывыя” грошы больш прывычна. Таму, калі я іду ў магазін, то заўсёды здымаю колькі мне трэба. Праблема з грашыма ў тым, што яны вельмі хутка расходзяцца, і ў гэтым сэнсе трымаць іх на картачцы – вельмі добры варыянт – цалейшыя будуць.

Марына Буцько, у дэкрэтным адпачынку (без фота):

– У мяне закончыўся тэрмін дзеяння банкаўскай карткі, а схадзіць заказаць новую часу не хапае, таму я пакуль карыстаюся толькі наяўнымі.

З карткай жыць, вядома, прасцей – нават у нас, у Дайлідках, можна ёй разлічыцца і прыватнай, і ў дзяржаўнай крамах. Аднак я часта забываюся, колькі ў мяне на ёй засталося сродкаў, а з наяўнымі грашыма такой праблемы не бывае.

Baruvko.jpgМарыя Баруўка, хатняя гаспадыня:

– “Жывыя” грошы, мне здаецца, больш надзейныя. А за электроннымі не заўсёды ўсочыш, асабліва калі некуды спазняешся і спяшаешся. Яшчэ просты прыклад: я некалькі разоў дзяцей адпраўляла ў краму з карткай, дык іх там падманвалі. Даказаць сваю правату і вярнуць грошы не атрымалася – бо квіток дзеці не бралі.

Таму, лепш мець наяўныя – дасі і заўсёды ведаеш, колькі засталося.

Monid.jpgАндрэй Монід, слесар кантрольна-вымяральных прыбораў:

– Я часцей карыстаюся карткай, наяўныя хіба што на кішэнныя расходы здымаю і дзецям на школьныя абеды выдаю.

У нашым раёне нават у самых далёкіх вёсках у крамах можна разлічыцца па картачцы, заплаціць за камунальныя паслугі на пошце ці нешта заказаць з інтэрнэт-крамы. Аднак рубель-другі заўсёды павінен ляжаць у кармане – на “ўсялякі выпадак”.

Фото: Антон Мальшевский