Нарушаешь закон - плати штраф

17:00 / 01.04.2014
Яшчэ зусім нядаўна (да 2011 года) на тэрыторыі нашага раёна артыкул 417 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – невыкананне прыгавору суда аб пазбаўленні права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю – можна было назваць “мёртвым”: такіх злачынстваў у нас проста не было. Аднак, на жаль, сітуацыя змянілася...

Ужо ў 2011 і 2012 гадах было зарэгістравана па аднаму такому парушэнню – невыкананне прыгавору суда аб пазбаўленні права кіравання транспартам. А ў 2013 годзе – восем, з якіх тры здзейснілі камандзіраваныя грамадзяне, што прыехалі працаваць на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. І ў гэтым годзе ўжо таксама было зафіксавана адно злачынства па гэтаму артыкулу. Варта адзначыць, што за такія парушэнні вінаватым пагражае штраф ці арышт тэрмінам да 6 месяцаў.
Як сведчаць матэрыялы ўзбуджаных спраў, крымінальнай адказнасці па артыкулу 417 падвяргаюцца асобы, якія прыгаворам суда ўжо пазбаўлены права кіравання транспартам і якія гэта чамусьці ігнаруюць.
Напрыклад, грамадзянін, раней судзімы судом Ленінскага раёна г. Мінск за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, быў пазбаўлены права кіравання транспартам на 5 гадоў са штрафам у памеры 600 базавых велічынь. У перыяд адбыцця пакарання, пасля заканчэння вучобы, ён быў накіраваны на работу майстрам філіяла “Упраўленне будаўніцтвам Беларускай АЭС”. Аднак пра рашэнне суда “забыўся” і, не маючы на тое права, сеў за руль аўтамабіля “Хонда Цывік”. Праўда, за гэту вольнасць сурова расплаціўся. Прыгаворам суда Астравецкага раёна парушальнік аштрафаваны і пазбаўлены правоў кіравання.
Яшчэ адзін прыклад. Непрацуючы жыхар Астравецкага раёна, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку і за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, не дачакаўся заканчэння тэрміну дзеяння прыгавору суда і зноў сеў за руль. За гэта ён паўторна быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, пакараны штрафам і пазбаўленнем права кіравання транспартам.
Такім чынам, аматарам павышаць узровень адрэналіну за кошт парушэння закона хочацца нагадаць, што за ўсё прыйдзецца заплаціць. Памеры штрафаў складаюць ад 150 да 250 базавых велічынь. Да гэтага пакарання дадаецца яшчэ неадбыты тэрмін назначанага пакарання па папярэднім прыгаворы суда ў выглядзе пазбаўлення права кіравання транспартам. Такім чынам, перш чым зноў сядаць за руль, добра ўзважце – ці вартыя некалькі кіламетраў бяспраўнай язды вашых матэрыяльных сродкаў, крымінальнай адказнасці і нават свабоды?!


-----------------------------------
Аляксандр МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна.