В День святого Валентина можно гадать на суженого. По птицам

13:00 / 14.02.2014
2
Аказваецца, 14 лютага, у Дзень святога Валянціна – патрона ўсіх закаханых, можна варажыць на суджанага. Толькі варажба гэтая спецыфічная – па птушках: калі дзяўчына ў гэты дзень першай убачыла малінаўку, значыць, яна выйдзе замуж за марака; калі вераб’я – за бедняка, але шлюб гэты абавязкова будзе шчаслівым; калі ўюрка – яе рукі папросіць багаты чалавек: але ці будзе яна шчаслівай у замужжы?

Малінаўка жыве ў лясах, здзічэлых садах, на могілках. У пошуках ежы бегае па зямлі, часта паторгваючы хвастом. Самец прыгожа спявае ў вячэрнія гадзіны, а таксама пасля наступлення цемры. Малінаўка лёгка прывыкае да няволі і прыручаецца. (Выдатная якасць для будучага мужа!). З’яўляецца пералётнай птушкай – у сярэдзіне лютага ўбачыць яе наўрад ці ўдасца. (Вось, аказваецца, чаму так рэдка беларусачкі выходзяць замуж за маракоў!).
Уюрок – птушка пеўчая. Гняздзіцца ў лясах і зарасніках хмызняку. У нашых умераных шыротах уюркоў – процьма. Да іх адносяцца снегіры, крыжадзюбы, берасцянкі і некаторыя іншыя віды птушак. На тэрыторыі былога СССР жывуць 35 відаў уюрковых. (Дзіўна, чаму, у такім разе, за багатых удаецца выскачыць нямногім?)
Верабей заўсёды выбірае месца для пражывання ў непасрэднай блізкасці ад чалавека, каб мець магчымасць падабраць тое, “што дрэнна ляжыць”. Для аднаго вераб'я ў суткі патрабуецца колькасць ежы, роўная 10-15% яго вагі. (У пераліку на васьмідзесяцікілаграмовага мужчыну – 8-12 кілаграмаў прадуктаў у суткі – о, Госпадзі!). Устройства вачэй вераб'я такое, што ён бачыць свет у ружаватым святле. (Для сумеснага жыцця гэта нядрэнная якасць!) Сэрца вераб'я робіць да 850 удараў у хвіліну ў стане спакою, а падчас палёту – да 1000. Палахлівы – ад страху нярэдка нават памірае, таму што істотна пры гэтым павышаецца ў яго крывяны ціск. (Карацей, звычайны мужчына, без анамалій. Кармі такога дасыта, беражы ад стрэсаў ды пярэпалаху – і будзеш жыць з ім доўга і шчасліва).
…Пайду прайдуся па вуліцы. Няўжо на свеце адны вераб’і?..