Ситуацию на дорогах Гродненской области обсудили на пресс-конференции с начальником управления Госавтоинспекции управления внутренних дел облисполкома С.В. Талатаем

08:00 / 07.02.2014
Якой была сітуацыя ў мінулым годзе на дарогах Гродзенскай вобласці: колькі людзей і ў выніку чаго загінула, колькі пацярпела ў дарожна-транспартных здарэннях, што трэба зрабіць у 2014 годзе для большай бяспекі дарожнага руху – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас прэс-канферэнцыі начальніка ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Сяргея Валер’евіча Талатая з журналістамі рэгіянальных друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці.

Пачалася прэс-канферэнцыя з аналізу вынікаў работы ДАІ за 2013 год. Сяргей Валер’евіч адзначыў прыемную тэндэнцыю: у мінулым годзе колькасць загінуўшых на дарогах вобласці зменшылася са 107 (2012 год) да 86. І гэта істотнае дасягненне. Адпаведна зменшылася і колькасць дарожна-транспартных здарэнняў: у 2013 іх было зарэгістравана 460, у 2012 – 525, у тым ліку і па віне нецвярозых вадзіцеляў – 54 (2013) і 69 (69).
Безумоўна, асноўнае дасягненне ДАІ ў мінулым годзе – гэта змяншэнне колькасці загінуўшых на дарогах вадзіцеляў і пасажыраў.
– Гэта тыя, каго мы “прышпілілі” рамнямі бяспекі, – пракаменціраваў гэты паказчык Сяргей Валер’евіч. – А таксама тыя, хто нарэшце зразумеў, што хуткасць – абсалютнае зло. Вадзіцелі сталі ездзіць больш павольна, весці сябе на дарозе больш талерантна. Штогадовыя аналізы сведчаць, што ўдзельнікі руху мяняюцца.
Аднак разам з дасягненнямі па-ранейшаму застаюцца актуальнымі і праблемы. Асноўная з іх – траўматызм пешаходаў. Менавіта яны склалі 45 працэнтаў ад агульнай колькасці загінуўшых. 57 працэнтаў ахвяр гіне на дарогах рэспубліканскага значэння. Асноўная прычына такіх здарэнняў са смяротным зыходам – перавышэнне вадзіцелямі хуткасці ці няправільна выбраная хуткасць.
Вострай праблемай застаюцца і нецвярозыя вадзіцелі, нягледзячы на змяншэнне колькасці ДТЗ па іх віне. Што прымушае выпіўшых людзей садзіцца за руль і тым самым парушаць закон і ставіць пад пагрозу бяспеку і жыццё іншых людзей? – гэтае пытанне па-ранейшаму з’яўляецца адным з найбольш актуальных. Сяргей Валер’евіч падкрэсліў, што адна з прычын – кругласутачная даступнасць алкаголю для вадзіцеляў. Першы крок да вырашэння праблемы ён бачыць у тым, каб абмежаваць продаж спіртнога хаця б на аўтазаправачных станцыях.
Абвастрылася сітуацыя і з бяспекай веласіпедыстаў. Калі ў 2012 годзе па іх віне было здзейснена 19 ДТЗ і траўміравана 15 чалавек, то ў 2013 – 29 і 25 адпаведна. Праўда, колькасць загінуўшых у такіх здарэннях засталася аднолькавай – 4 чалавекі.
Яшчэ адна праблема бяспекі на дарогах, уласцівая Гродзенскаму рэгіёну, – вялікі паток транзітнага транспарту. Наша вобласць, дзе зарэгістравана каля 507 тысяч транспартных сродкаў, па-ранейшаму працягвае заставацца самай аўтамабілізаванай. А гэта, адпаведна, павялічвае рызыку дарожных здарэнняў. Рэгуляваць хуткасць патоку машын, па меркаванню Сяргея Валер’евіча Талатая, дапамогуць стацыянарныя камеры фотафіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму, якія будуць устаноўлены на найбольш небяспечных участках аўтадарогі. Да 1 красавіка плануецца абсталяваць імі 21 участак.
У 2014 годзе асаблівая ўвага будзе надавацца перавозу дзяцей у спецыяльных дзіцячых аўтакрэслах і абавязковаму “пераабуванню” аўтамабіляў у халодную пару года ў зімнюю гуму.
– Яшчэ адзін важны фактар, які ўплывае на аварыйнасць на дарогах, – гэта змена пары года і надвор’е, – адзначыў С.В. Талатай. – І мы ўжо ведаем, чаго чакаць і што рабіць вясной ці зімой. Асабліва небяспечны перыяд – восень-зіма. 63 працэнты ахвяр на дарозе ад агульнай колькасці загінулі менавіта ў асенне-зімовы перыяд. І гэта мы павінны рознымі спосабамі данесці да свядомасці ўсіх удзельнікаў дарожнага руху – як вадзіцеляў, так і пешаходаў.
У мінулым годзе мы дасягнулі зніжэння смяротнасці на дарогах да 86. А яшчэ ў 2008 годзе загінула 195 чалавек. Сёння я мару, каб у гэтым годзе ахвяр на дарозе было яшчэ менш.
Але аднаго жадання і стараннай працы супрацоўнікаў ДАІ недастаткова. Важную ролю ўздзеяння на грамадзян адыгрывае і пастаянная прафілактычная работа. І ў гэтым напрамку я спадзяюся на далейшае цеснае і плённае ўзаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі.
Прэс-канферэнцыя працягвалася амаль дзве гадзіны. Напрыканцы сустрэчы С.В. Талатай падзякаваў прысутным за ўвагу і выказаў спадзяванне на далейшае ўзаемадзеянне ахоўнікаў правапарадку і журналістаў.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ
.