Як і дзе бавяць свой час падлеткі?

13:58 / 10.06.2011

Вось і надышоў доўгачаканы і жаданы перыяд для ўсіх школьнікаў – тры месяцы бесклапотных канікул. Аднак калі для дзяцей гэта вялікая радасць, то для бацькоў пачынаецца галаўны боль – куды адправіць нашчадкаў, каб яны не заставаліся адны і не нарабілі глупстваў.


Сапраўды, пакуль дарослыя знаходзяцца на працы, дзеці прадастаўлены самі сабе. А менавіта стан нічоганераблення, сум і адзінота і падштурхоўваюць падлеткаў на пошукі прыгод і выплюхванне адрэналіну. У выніку яны могуць трапіць у дрэнную кампанію, дзе дзеля прыколу і вострых адчуванняў не адмовяцца ад цыгарэты ці кілішка “беленькай”. Пад алкагольным “кайфам” захочацца даказаць новым “сябрам”, што ты – не слабак і зможаш зрабіць усё, што захочаш – нават калі гэта забараняе закон. І нявінны пошук занятку заканчваецца візітам у праваахоўныя органы і крымінальнай адказнасцю.
Аналіз правапарушэнняў і злачынстваў, якія былі здзейснены непаўналетнімі на тэрыторыі Астравецкага раёна летам мінулага года, а таксама за чатыры месяцы гэтага года, дазволіў зрабіць выснову, што найбольш крымінагеннымі месцамі з’яўляюцца дыскатэка “Галактыка” ў райцэнтры, Варонскі Дом культуры і тэрыторыя Гудагайскага сельсавета. Усяго непаўналетнімі было здзейснена 4 злачынствы, з якіх 3 – па арт.205 КК Беларусі і адно – па арт.400 КК. У стане алкагольнага ап’янення былі выяўлены 18 чалавек. У сувязі з гэтым напрыканцы мая ва ўстановах адукацыі былі праведзены прафілактычныя выступленні на тэму злачыннасці і правапарушэнняў сярод малалетніх грамадзян. 
Таксама хочацца нагадаць дзецям і бацькам, што летам пачынаюць працаваць аздараўленчыя летнікі. І замест таго, каб у адзіноце сядзець у чатырох сценах  кватэры, можна весела і насычана правесці час, завесці новых сяброў і нават чамусьці навучыцца. На тэрыторыі нашага раёна адпачынак для дзяцей і падлеткаў будзе арганізаваны ў 17 летніках з дзённым і 3 – з кругласутачным прабываннем. Такім чынам, правядзіце канікулы з карысцю і не парушайце закон. 


Руслан ГАЙДУЛЬ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.